BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чарговыя матчы стадыі плэй-оф у еўрапейскіх турнірах

20 жніўня былі згуляныя яшчэ чатыры матчы стадыі плэй-оф у футбольнай Лізе чэмпіёнаў.
Швайцарскі «Базэль» на сваім полі згуляў унічыю 1:1 з дацкім «Капенгагенам». Нарвежскі «Бодзё/Глімт» у звыклых для сябе, блізкіх да запалярных умовах разграміў аўстрыйскі «Штурм» з Граца з лікам 5:0. Турэцкі «Фэнербахчэ» ў Стамбуле скатаў «сухую» нічыю 0:0 з партугальскай «Бенфікай». Але ўся нашая ўвага была прыкаваная да матча ў шатландскім Глазга, дзе мясцовы «Сэлтык» прымаў казахскі «Кайрат», дзе капітанам беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч і паўабаронца Валер Грамыка. Матч закончыўся нічыёй. Абодва беларусы адгулялі ўвесь матч. Мартыновіч атрымаў папярэджанне на самым пачатку гульні. Тут матч у адказ пройдзе ў Алматы ў наступны аўторак 26 жніўня.

Сёння пройдуць першыя матчы раўнда плэй-оф Лізе Еўропы і Лізе канферэнцыяў.
Асноўная нашая ўвага будзе прыкаваная да матча ў венгерскім Сегедзе, дзе гарадзенскі «Нёман» прыме ў намінальна хатнім матчы – гішпанскі «Рая Вальекана». Пачатак гульні у 20 гадзінаў па польскім часе і ў 21 па-гарадзенскім. Гульня ў адказ у Мадрыдзе – 28 жніўня. А сёння на Савецкай плошчы ў Гародні будзе арганізаваная фан-зона з актыўнасцямі і прагляд матча на вялікім экране.А таксама славенскі «Цэле» беларускага спецыяліста Івана Маеўскага прыме чэшскі «Банік» з Астравы.

«Ягелонія» ў Беластоку згуляе свой першы матч з албанскім «Дынама» Тырана. І як стала вядома, беларускі форвард варшаўскай «Легіі» Ілля Шкурын не возьме ўдзелу ў першым матчы раўнда плэй-оф Лігі канферэнцыяў супраць шатландскага «Хіберніяна» праз адсутнасць магчымасці атрымаць візу ў Вялікабрытанію для грамадзян Беларусі ў кароткія тэрміны. 26-гадовы форвард у бягучым сезоне правёў восем гульняў ва ўсіх турнірах, у якіх адзначыўся адным голам.

28 жніўня ў Манака адбудзецца лёсаванне агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў, паведамляе афіцыйны сайт УЕФА. Цырымонія пачнецца ў 19.00 па агульна-еўрапейскім часе. 36 каманд-удзельніц будуць падзелены на чатыры кошыкі ў адпаведнасці з індывідуальным рэйтынгам. Дзеючы чэмпіён атрымае першы нумар пасеву ў першым кошыку. Пачынаючы з кошыка 1, будзе выцягвацца адзін шар, пасля чаго аўтаматызаванае праграмнае забеспячэнне, якое ўжо выкарыстоўвалася летась, выпадковым чынам абярэ для адпаведнага клуба восем супернікаў, улічваючы наступныя прынцыпы:
– Дзве каманды з кожнага кошыка, па аднаму хатняму і аднаму выязному матчу супраць каманд з кожнага кошыка, прызначаных праграмай.
– Каманды з адной асацыяцыі не могуць сустракацца паміж сабою.
– Не больш за двух супернікаў з адной асацыяцыі.
Тая ж працэдура паўторыцца для ўсіх астатніх каманд да таго часу, пакуль не будуць вызначаны ўсе пары. Поўны каляндар Лігі чэмпіёнаў з датамі матчаў будзе апублікаваны не пазней за 30 жніўня.

А вось лёсаванне асноўных этапаў Лігі Еўропы і Лігі канферэнцыяў пройдзе ў рамках адной цырымоніі, таксама паведаміў афіцыйны сайт УЕФА. Гэтая падзея адбудзецца 29 жніўня. Пачатак у 14.00 таксам па агульна-еўрапейскім часе. Спачатку пройдзе лёсаванне Лігі Еўропы, а затым – Лігі канферэнцыяў. Абодва яны будуць праведзены ў цалкам аўтаматызаваным і лічбавым фармаце – шары выкарыстоўвацца не будуць. Каляндар абодвух спаборніцтваў будзе апублікаваны не пазней за 31 жніўня.

Беларускі нападаючы каманды з другога дывізіёна чэмпіяната Партугаліі па футболе лісабонскага «Порту Б» Трафім Мельнічэнка атрымаў выклік у нацыянальную зборную Беларусі. Каманда Карласа Алоса ў верасні стартуе ў адборы на чэмпіянат свету-2026. 5 верасня беларусы згуляюць на выездзе супраць Грэцыі, а 8-га чысла пройдзе намінальна хатні матч супраць Шатландыі ў Вугоршчыне. 18-гадовы Мельнічэнка ў новым сезоне правёў 45 хвілін у гульні другога тура Д2 Партугаліі супраць «Візелы», які яго каманда прайграла з лікам 0:4.

Застаемся ў Партугаліі. Магчыма адным беларускім футбалістам там стане болей. 18-гадовы форвард дзяржынскага «Арсенала» Ілля Губарэвіч будзе трэніравацца з моладзевай і юнацкай камандамі «Брагі» з аднайменнага горада на поўначы Партугаліі, паведамляе журналіст Тарас Шчыры. У жніўні Губарэвіч перайшоў з каманды АБФФ U-19 з другога беларускага дывізіёна ў дзяржынскі «Арсенал». У бягучым сезоне на рахунку форварда 11 галоў і дзве галявыя перадачы ў 20 матчах Першай лігі. Губарэвіч зʼяўляецца дзейным гульцом юнацкай зборнай Беларусі U-19, дзе за чатыры матчы забіў шэсць галоў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя