
Чатыры беларускія атлеты возьмуць удзел у зімовых Паралімпійскіх гульнях у Італіі.
Краіну ў спаборніцтвах прадставяць: Валянціна Бірыла, Лідзія Лобан, Раман Свірыдзенка і Дар’я Фядзьковіч.
Валянціна Бірыла заяўлена ў паралімпійскіх лыжных гонках. Яна пазмагаецца за медалі ў жаночым спрынце, а таксама ў гонках з раздзельным стартам на 10 і 20 кіламетраў седзячы.
Дар’я Фядзьковіч таксама выступіць у паралімпійскіх лыжных гонках. Спартоўка прыме ўдзел у спрынце класічным стылем стоячы, гонцы з раздзельным стартам на 10 кіламетраў класічным стылем і гонцы на 20 кіламетраў вольным стылем стоячы.
Лідзія Лобан прадставіць Беларусь адразу па двух відах спорту. У паралімпійскіх лыжных гонках яна заяўлена ў жаночым спрынце і гонках з раздзельным стартам на 10 і 20 кіламетраў седзячы. Акрамя таго, спартоўка прыме ўдзел у спаборніцтвах па парабіятлоне.
Адзіны прадстаўнік мужчынскай каманды Раман Свірыдзенка выступіць у паралімпійскіх лыжных гонках. Ён прабяжыць спрынт класічным стылем стоячы, а таксама гонкі з раздзельным стартам на 10 кіламетраў класічным стылем і 20 кіламетраў вольным стылем стоячы.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Ванкувер» Мікіты Талапілы буйна прайграў «Даласу» Уладзіслава Калячонка з лікам 1:6.
25-гадовы беларускі брамнік «Ванкувера» Мікіта Талапіла быў заяўлены на матч у ролі асноўнага брамніка.
Па выніку матчу ён адгуляў 60 хвілін, адбіў 31 з 37 кідкоў суперніка, прапусціў 6 шайбаў, а таксама скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 6.
У бягучым сезоне НХЛ Талапіла правёў 11 матчаў, здабыўшы тры перамогі. Уладзіслаў Калячонак у заяўку «Даласа» не патрапіў.
У рэгулярным чэмпіянаце АХЛ «Хершы» на хатнім лёдзе перайграў у авертайме «Шарлот» з лікам 3:2.
19-гадовы беларускі форвард пераможцаў Ілля Протас выйшаў на лёд у цэнтры першага звяна. На 1-й хвіліне авертайма ён аддаў галявы пас, усталяваўшы канчатковы лік матчу.
Па выніку сустрэчы Протас зарабіў 1 (0+1) выніковы бал і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
У бягучым сезоне АХЛ Ілля Протас згуляў 54 матчы, набраў 45 (22+23) ачкоў, атрымаў 30 хвілін штрафу і мае карыснасць «+8».
Протас з’яўляецца лепшым снайперам і бамбардзірам «Хершы».
А тым часам паўночна-амерыканскае выданне The Hockey News апублікавала абноўлены рэйтынг дзесяці найбольш перспектыўных гульцоў сістэмы «Вашынгтона».
Першы радок у гэтым спісе заняў вышэйзгаданы беларускі нападнік Ілля Протас.
Па прагнозах экспертаў выдання, форвард можа замацавацца ў асноўным складзе «сталічных» у сезоне-2027/28.
Памочнік генеральнага мэнэджэра «Вашынгтона» Рос Махоні адзначыў прагрэс гульца такімі словамі:
«Яго старэйшы брат Аляксей ужо з’яўляецца форвардам узроўню 30 галоў у НХЛ, але ён кажа, што ў Іллі можа быць нават больш высокі атакуючы патэнцыял. Правёўшы большую частку мінулага сезона на флангу ў OHL, Протас стаў першым цэнтрам «Хершы» у свой дэбютны год. Калі вы атрымліваеце майстравітага цэнтрафорварда ў 198 см росту і 100+ кіль вагі – гэта вельмі крута».
Учора быў згуляны першы матч 1/4 фінала Кубка Польшчы па футболе.
У Катавіцах сустракаліся «ГКС» беларускага форварда Іллі Шкурына і «Відзэў» з Лодзі.
Ілля з’явіўся на полі ў стартавым складзе. На апошніх хвілінах першага тайма меў шанец адзначыцца, але патрапіў у штангу і на 84 хвіліне гульні быў заменены пры ліку 1:1.
Асноўны і дадатковы час каманды скончылі з гэтым лікам. А вось у серыі пасляматчавых пенальці больш удачлівымі сталі аднаклубнікі нашага суайчынніка з лікам 4:2. Такім чынам «ГКС» стаў першым паўфіналістам Кубка Польшчы і знаходзіцца за два крокі ад еўракубкаў надыходнага сезону.
Учора адбыўся першы матч 1/4 фіналу Кубка Малдовы па футболе, у якім «Зімбру» пад кіраўніцтвам беларускага галоўнага трэнера Алега Кубарава здабыў разгромную перамогу з лікам 5:0 над «Палітэхнікай» Віталя Рашкевіча.
Цімафей Шаркоўскі забіў мяч на 20-й хвіліне сустрэчы. Дзяніс Казлоўскі агадаў браму суперніка на 40-й хвіліне, а таксама, разам з Іллём Васілевічам, вызначыўся галявымі перадачамі.
Сталі вядомыя даты і час пачатку матчаў першага тура Вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе. Яны запланаваныя на 20-22 сакавіка.
20 сакавіка
Віцебск – Гомель – 17:00
Мінск – Арсенал – 17:00
21 сакавіка
Нёман – БАТЭ – 14:00
Славія – Дынама Менск – 16:00
Тарпеда-БелАЗ – МЛ – 18:00
22 сакавіка
Белшына – Дынама Берасце – 13:00
Іслач – Баранавічы – 15:00
Нафтан – Дняпро – 16:45
Беларускі арбітр FIFA Вольга Блоцкая ў гэтым сезоне будзе працаваць галоўнай суддзёй на матчах вышэйшага дывізіёна мужчынскага чэмпіянату Беларусі па футболе.
Раней жанчыны ў такой ролі ніколі не выступалі.
Таксама чакаецца, што ў 2026 годзе ў мужчынскім чэмпіянаце Беларусі ўпершыню адпрацуе матч поўнасцю жаночая судзейская брыгада.
Блоцкая ўжо судзіла сустрэчы мужчынскага Кубка Беларусі і была рэзервовым арбітрам у матчах Першай лігі. У гэтым турніры іншыя жанчыны выконвалі функцыі суддзяў на лініі.
Адбыўся другі матч Лігі «B» другога раунда кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы паміж жаночымі зборнымі Беларусі і Босніі і Герцагавіны да 19 гадоў.
Сустрэча прайшла на стадыёне «Стад Альберт Берхем».
Ліга B
Група B4
Беларусь WU-19 – Боснія і Герцагавіна WU-19 – 1:1
Галы: 0:1 – Юрыч (6), 1:1 – Кацынель (88)
Турнірная табліца: 1. Боснія і Герцагавіна (2 матчы) – 4 ачкі. 2. Беларусь (2) – 4. 3. Арменія (1) – 0. 4. Люксембург (1) – 0
Пазначым, што пераможца заваюе пуцёўку ў Лігу «А».
Жаночая баскетбольная каманда «Альба», у трэнерскі штаб якой уваходзіць беларуская спецыялістка Аляксандра Тарасава, стала ўладальнікам Кубка Германіі.
У фінальным матчы турніру сталічны клуб абыграў «Рутронік Старс Кельтэрн». Пераможца супрацьстаяння вызначыўся ў авертайме – сустрэча завяршылася з лікам 67:62 на карысць берлінскага калектыву.
Пазначым, што для жаночай каманды «Альбы» гэты трафей стаў першым Кубкам Германіі ў гісторыі клуба.
Гульні мужчынскага тэніснага «чэленджэра» ў Фуджэйры (ААЭ) былі перапыненыя пасля таго, як у раёне іх правядзення раздаліся гукі выбухаў.
Беларускі тэнісіст Даніла Астапенкаў і яго супернік Хаята Мацуокі падчас трэцяга сэту (6:3, 4:6, 2:1) бегам пакінулі корт.
Таксама ў бяспечнае месца экстранна адправіліся суддзя на вышцы і дзеці, якія падаюць мячы.
У Фуджэйры ўпалі абломкі дронаў у нафтавай прамысловай зоне, прагучаў выбух, пасля гэтага пачаўся моцны пажар. Над кортам былі чутныя гукі лятаючых самалётаў.
Таксама на корт «чэленджэра» ў Фуджэйры павінен быў выйсці беларус Ілля Івашка.
Юрась Дзяшук, Беларусккае Радыё Рацыя






