BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чатыры галы Каралька не дапамаглі гандбалістам “Кельцэ” перамагчы


Беларускія гандбалісты па чатыры разы вызначыліся ў чарговых матчах групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.

У групе В польскі “Кельцэ” не здолеў перайграць на сваёй пляцоўцы венгерскі “Пік” з Сегеда, саступіўшы 31:35. Гаспадары доўгі час лідыравалі, але за 13 хвілін да фінальнай сірэны госці дагналі іх, а потым і выйшлі наперад. Беларускі разыгрываючы польскага клуба Арцём Каралёк закінуў 4 мячы, давёўшы свой бамбардзірскі паказчык да 24 мячоў. Лідары гэтай групы, гандбалісты іспанскай “Барселоны”, упэўнена перайгралі французскі “Нант” – 36:30. Аўтсайдэр харвацкі “Заграб” здабыў другую вікторыю, перайграўшы нямецкі “Магдэбург” з лікам 22:18. Беларускі легіянер харватаў Ігар Бяляўскі вызначыўся чатыры разы, і цяпер у яго актыве 32 галы.

Лідар папярэдняй групы А венгерскі “Веспрэм” без асаблівых праблем перамог аўтсайдара – польскую “Віслу” з Плоцка – 30:26. Беларускі правы крайні гаспадароў Мікіта Вайлупаў, у актыве якога 27 мячоў, на гэты раз застаўся ў запасе, а беларускі паўсярэдні “Віслы” Кірыл Самойла да гэтага часу не аднавіўся пасля траўмы.

Жодзінскія тарпедаўцы прымуць футбалістаў менскага “Дынама” ў перанесеным матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” прымуць лідара чэмпіянату Беларусі менскае “Дынама” ў перанесеным паядынку 20-га тура. Гэтая сустрэча павінна была адбыцца ў канцы жніўня, але была перанесеная ў сувязі з удзелам каманд у еўракубкавых турнірах. Абодва клубы ўжо забяспечылі сабе месцы ў прызавой тройцы – менчукі ўпэўнена лідыруюць, а жодзінскія футбалісты ідуць трэцімі і яшчэ захоўваюць тэарэтычныя шанцы падняцца вышэй у турнірнай табліцы.


Ва УЕФА прызналі, што VAR няправільна адмяніў гол у матчы Лігі нацый Швецыя – Азербайджан. Польскім суддзям пагражае адхіленне


УЕФА прызнаў памылку ў матчы 6-га тура Лігі нацый паміж зборнымі Швецыі і Азербайджана (6:0). У кіруючым органе еўрапейскага футбола пацвердзілі, што быў дапушчаны сур’ёзны судзейскі пракол. Польская брыгада арбітраў, якая абслугоўвала сустрэчу, няправільна адмяніла гол Аляксандэра Ісака з-за нібы афсайда.

У эпізодзе, які здарыўся пры ліку 3:0 на карысць Швецыі, VAR параіў галоўнаму арбітру Паўлу Рачкоўскаму адмяніць узяцце брамы. Як высветлілася, афсайдная лінія была пракрэслена няправільна. У момант перадачы форвард “Ньюкасла” не знаходзіўся ў афсайдзе.
Ва УЕФА пакуль не паведамілі пра магчымыя санкцыі ў дачыненні да суддзяў. Паводле інфармацыі польскіх СМІ, брыгадзе арбітраў, якая адказвала за VAR, можа пагражаць адхіленне ад матчаў пад эгідай УЕФА.

Капітан “Вашынгтона” Аляксандр Авечкін зламаў нагу і вернецца ў строй арыентыровачна да канца снежня

39-гадовы расейскі нападнік і капітан “Вашынгтона” Аляксандр Авечкін прапусціць 4-6 тыдняў з-за пералому малабярцовай косткі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба НХЛ. Дадатковае абследаванне выявіла ў Авечкіна больш сур’ёзнае пашкоджанне, чым падавалася раней. Нагадаем, ветэран атрымаў пашкоджанне ў выніку сутыкнення з форвардам «Юты» Джэкам Макбэйнам. У гэтым сезоне на рахунку Авечкіна 25 (15+10) ачкоў у 18 матчах. З 15 шайбамі ён лідыруе ў гонцы снайпераў. Да цяперашняга сезона Аляксандр, які праводзіць свой 20-ы сезон у НХЛ, прапусціў за кар’еру ўвогуле 59 гульняў у рамках рэгулярных чэмпіянатаў, з іх толькі 35 — з-за траўм.

Беларускае Радыё Рацыя