Ва Уроцлаве, 28 траўня, на «Тарчыньскі Арэна» прайшоў фінальны матч у Лізе канферэнцый – трэцім па значнасці футбольным турніры Старога Свету.

Яго ўладальнікам упершыню стаў – лонданскі «Чэлсі», які здабыў валявы разгром над гішпанскім «Бетысам» з лікам 4:1. Спачатку на 9 хвіліне матча «агуркі» адкрылі лік дзякуючы галу Эзалзулі. Але другі тайм перавярнуў усё дагары нагамі. На 65 хвіліне лік параўняў Фернандэс. Затым на 70 хвіліне наперад «арыстакратаў» вывеў Джэксан. На 83 хвіліне лік 3:1 зрабіў Санча. А на 91 хвіліне Кайседа паставіў кропку ў гэтым фінале 4:1. Нагадаем, што менавіта «Бетыс» спыніў беластоцкую «Ягелонію» на стадыі чвэрцьфіналу Лігі канферэнцый.
Лепшым бамбардзірам Лігі Канферэнцый стаў Афіміку Пулулу з “Ягелоніі” – 8 галоў.
А тым часам у Беларусі прайшлі астатнія матчы 1/32 фіналу Кубка краіны па футболе. Учорашні гульнявы дзень прынёс наступныя вынікі. Віцебскі «Газавік» саступіў «Астраўцу» 0:6. Мазырскі МНПЗ прайграў «Лакаматыву» з Гомеля 0:3. «Друць» Бялынічы прапусціла наперад «Оршу» з лікам 0:2. «Надзея» з Баранавіцкага раёна саступіла менскаму «Юні Ікс Лабс» таксама з лікам 0:2. «Ліда» на выездзе разграміла сталічны «Інфарм» з лікам 6:0. «Свіслач» на сваім полі саступіла «Слоніму-2017» з лікам 1:4. «Крэчэт» Бяроза прайграў «Асіповічам» 0:4. І «Масты» на беразе Нёмана прайгралі гомельскаму «Бумпрому» з лікам 0:4. Такім чынам у 1/16 Кубка Беларусі па футболе прайшлі ўсе прадстаўнікі другога дывізіёна, а таксама два прадстаўнікі трэцяга дывізіёна ды адна аматарская каманда. На гэтай стадыі ў барацьбу ўступяць ужо і прадстаўнікі Вышэйшай лігі. Лёсаванне адбудзецца сёння ў менскім Доме футбола.
У Менску прайшла трэцяя паўфінальная сустрэча чэмпіянату Беларусі па міні-футболе паміж «Сталіцай» ды гомельскім ВРЗ. Перамогу вырвалі гаспадары з лікам 4:2 і павялі ў ліку сустрэч 2:1. Тут серыя доўжыцца да трох перамог. Нагадаем, што раней у фінал ужо выйшаў аршанскі «ВітЭн».
У чэмпіянаце Беларусі па баскетболе вызначыўся бронзавы медаліст. Ім стаў віцебскі «Рубон», які ў вырашальным матчы перамог у Магілёве мясцовы «Барысфен» з лікам 98:90. І зрабіў лік у серыі канчатковым 3:2. Лёс жа чэмпіёнства вырашыцца ў «залатым» матчы 31 траўня ў Лідзе, дзе медалі вышэйшага гатунку разыграюць між сабою «Гродна-93» і БК «Мінск». Нагадаем, што тут лік у серыі да трох перамог зараз 2:2.
Таксама па адным вырашальным матчы засталося, каб расставіць каманды на п’едэстале ў чэмпіянаце Беларусі па гандболе. Учора ў серыі за 3-е месца магілёўскі «Машэка» перамог каманду Менскай вобласці МАГК з лікам 20:19 і зраўняў лік 2:2. А ў фінальнай серыі СКА Менск перамог Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова з лікам 33:29. І тут лік у серыі да трох перамог таксама стаў 2:2. Хто возьме бронзавыя медалі і ці змогуць берасцейцы абараніць чэмпіёнскі тытул даведаемся 31 траўня.
На парыжскіх тэнісных кортах працягваюцца сустрэчы Ралан Гарос з серыі турніраў Вялікага шлёму з удзелам беларусак. Так учора лідар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка без асаблівых складанасцяў разабралася з 97-й ракеткай швейцаркай Жыл Тайхман з лікам 6:3, 6:1. У 1/16 беларуска згуляе з 34-й ракеткай сербкай Вольгай Данілавіч. Таксама ўчора ў 1/32 фіналу парнага разраду беларуска Вікторыя Азаранка ў тандэме з новазеландкай Эрын Рутліф саступілі пары італьянак Жасмін Пааліні ды Сары Эрані з лікам 2:6, 3:6. А сёння Вікторыя згуляе ў адзіночным разрадзе 1/32-й супраць амерыканкі Соф’і Кенін.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






