BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Чэлсі” удала стартаваў на клубным чэмпіянаце свету

Працягваецца футбольны клубны чэмпіянат свету. У групе А зафіксавана ўжо другая нулявая нічыя – на гэты раз паміж бразільскім «Палмейрасам» і партугальскім «Порту». Прыпомнім, што раней такім жа мірам разышліся амерыканскі «Інтэр Маямі» і егіпецкі «Аль-Ахлі». Такім чынам усе чатыры клубы гэтай кампаніі маюць па 1 ачку.

У групе В каманда «Батафога» з Бразіліі перамагла 2:1 амерыканскі «Сіэтл саўндэрс». «Батафога» разам з французскім «Пары Сэн-Жэрмэн» маюць па 3 пункты і ўзначальваюць квартэт.

У панядзелак а 21-й гадзіне еўрапейскага часу ў групе D выйшлі на поле лонданскі «Чэлсі» і футбольны клуб «Лос-Анджэлес». Цікава, што за амерыканскую каманду зараз выступаюць былыя чэмпіёны свету – французы – галкіпер Уга Льёрыс і форвард Аліўе Жыру. У першым тайме голавы шэдэўр стварыў партугалец Педру Нету, які выступае за брытанскі клуб. У другой палове было весялей і актыўней, але лос-анджэлесцы свае моманты не рэалізавалі. А на 83-й хвіліне аргенцінец Энца Фернандэс замацаваў перавагу «Чэлсі» – выніковыя 2:0. Ангельская каманда выйшла ў лідары групы.

17 чэрвеня на турніры пройдуць яшчэ чатыры сустрэчы.

На моладзевым Еўра зноў дамінуе Іспанія

16 чэрвеня прайшлі дзве сустрэчы моладзевага чэмпіянату Еўропы па футболе сярод гульцоў да 19 гадоў. Каманда Даніі разграміла супернікаў з Чарнагорыі – 5:0. Пазней спаборнічалі лідары гэтай групы – зборныя Румыніі і Іспаніі. Досыць упэўнена верх узялі маладыя пірэнейцы – 3:1. Пасля двух тураў у групе А Іспанія мае максімальныя 6 ачкоў і ўжо выйшла «наверх», у Даніі і Румыніі – па 3, Чарнагорыя застаецца з нулём. Сёння пройдуць два матчы ў групе В – пазмагаюцца Нарвегія – Нідэрлянды і Германія – Англія. Далей у паўфінал з квартэтаў выйдуць па дзве лепшыя каманды.

Хакейная Францыя заменіць Расею на Алімпіядзе

Стала вядома, якая хакейная зборная заменіць каманду Расеі на Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Італіі. Гэта будзе дружына Францыі, пра што паведаміла прэс-служба яе хакейнай федэрацыі. Прычым гэта будзе дзве каманды – мужчынская і жаночая, вакантнае месца французы атрымалі ў выніку кваліфікацыйных спаборніцтваў. Ужо абвешчаны папярэдне і прозвішчы шасці гульцоў, якія выступяць на алімпіядзе ў складзе «трохкаляровых».

Напомнім, што зборныя Расеі і Беларусі адхілены ад удзелу ў турнірах пад эгідай міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе з 2022 году пасля ўварвання расейскага войска ва Украіну.

А Алімпійскія гульні пройдуць з 6-га па 22 лютага 2026 года ў італьянскіх гарадах Мілан і Корціна-д-Ампеца.

Польшча наперадзе ў валейбольнай Лізе нацый

Працягваецца розыгрыш валейбольнай Лігі нацый сярод мужчынскіх нацыянальных дружын. Зборная Канады за тры сеты адолела каманду Балгарыі – лік па партыях 26:24, 25:23, 25:19. Напомнім, што ў турніры бяруць удзел 18 мацнейшых дружын свету. У плэй-оф выходзіць 8 мацнейшых. Пасля чатырох тураў табліцу ўзначальвае польская рэпрэзентацыя, якая мае максімальныя 12 ачкоў, далей ідуць Японія і Бразілія – па 9, Італія і Славенія – па 8, Канада і Украіна – па 7, Кітай – 6 пунктаў. Змаганне за тое, каб трапіць у актэт лепшых працягнецца.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя