BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Чэлсі” выйшаў у фінал клубнага чэмпіянату свету

На клубным чэмпіянаце свету па футболе, які праходзіць у Злучаных Штатах Амерыкі, вызначыўся першы фіналіст. Ім стаў ангельскі «Чэлсі», які ўчора позна ўвечары перамог у паўфінальным паядынку бразільскі «Флумінэнсэ» з лікам 2:0. Дублем у браму сваёй былой каманды адзначыўся Жоао Пэдра.

Фота: Buda Mendes/Getty Images

Сёння ў другім паўфінальным матчы паміж французскім «ПСЖ» ды іспанскім «Рэалам» з Мадрыда вызначыцца каманда, якая ў нядзельным фінале пазмагаецца з «Чэлсі» за галоўны клубны трафей у свеце.

Учора першымі матчамі першага раўнда Лігі чэмпіёнаў стартаваў новы сезон 2025 – 26 гадоў у розыгрышы футбольных еўракубкаў. З цікавых матчаў можам адзначыць сустрэчу з удзелам беларусаў. Казахстанскі «Кайрат» Аляксандра Мартыновіча і Валерыя Грамыкі і славенская «Алімпія» згулялі ўнічыю (1:1). Мартыновіч адгуляў матч цалкам, Грамыка выйшаў у старце, атрымаў жоўтую картку на 26-й хвіліне і на 67-й быў заменены.

Сёння ў барацьбу ў Лізе чэмпіёнаў матчам з балгарскім «Лудагорцам» уступіць менскае «Дынама». А заўтра ў Лізе канферэнцый берасцейскае «Дынама», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» ды гарадзенскі «Нёман», якому верагодна ўсё ж прыйдзецца згуляць у другім раўндзе. Клубы вышэйшага славацкага дывізіёна аднагалосна прагаласавалі за тое, каб даць права «Кошыцэ» прадстаўляць краіну ў футбольных еўракубках замест ДАКа («Дунайска стрэда»), які раней быў выключаны УЕФА за парушэнне правіла аб сумесным валоданні клубамі.

На карысць «Кошыцэ» стаў фактар найлепшай пазіцыі ў мінулым сезоне славацкага першынства сярод магчымых прэтэндэнтаў. У мінулым сезоне славацкага першынства клуб заняў пятае месца, набраўшы 44 балы. Пра гэта рашэнне паведаміў прэзідэнт Славацкай федэрацыі футбола Іван Козак.

Адзначаецца, што вырашальным будзе вердыкт Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) у Лазане. Cуд павінен агучыць рашэнне цягам 10 дзён.

Нагадаем, ДАК павінен быў стаць патэнцыйным супернікам «Нёмана» ў другім раўндзе адбору Лігі канферэнцый, у выпадку перамогі «Нёмана» ў першым раўндзе кваліфікацыі над армянскім «Урарту».

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал Уімблдонскага турніру — трэцяга ў сезоне турніру Вялікага шлема. У чвэрцьфінале першая ракетка свету сустракалася з 37-гадовай немкай Лаўрай Зігемунд.

Перамога над 104-м нумарам рэйтынгу далася 27-гадовай Сабаленцы вельмі няпроста. Беларуска цягам трохгадзіннага матча прайграла першы сэт з лікам 4:6, але затым выправілася ў другой партыі — 6:2. У вырашальным сэце Сабаленка двойчы прайгравала сваю падачу, але ў выніку вярнула абодва геймы і выйграла з лікам 6:4. Выніковыя лічбы на табло 2:1.

Беларуска выйшла ў паўфінал Уімблдона трэці раз у кар’еры. Да гэтага ў 2021 і 2023 гадах. Цікава, што ў фінале гэтага турніру яна пакуль не гуляла ні разу. Наступнай суперніцай Арыны стане амерыканка Аманда Анісімава (12-ы нумар рэйтынгу).

Беларуская тэнісістка гарантавала сабе як мінімум 12 070 балаў па выніках Уімблдона. Раней гэтую мяжу пераадольвала толькі амерыканка Серэна Уільямс, якая ў 2013 годзе мела 13 615 балаў. Калі ж Сабаленка пераможа на турніры ў Лондане, то яе колькасць балаў вырасце да 13 640, і гэта можа стаць новым рэкордам у гісторыі WTA. Таксама яна 10-ы раз выйшла ў паўфінал на сваіх апошніх 11 турнірах «Вялікага шлема». Такім чынам Арына паўтарыла дасягненне усё той жа Серэны Уільямс. З 2000 года падобнае ўдавалася толькі ёй.

І апошняя з цікавінак датычна Арыны Сабаленкі. Яна датэрмінова забяспечыла сабе месца на Выніковым турніры WTA. Гэта стала магчымым пасля ўчорашняй перамогі. Беларуская спартсменка стала першай з тэнісістак, якая кваліфікавалася на турнір, які адбудзецца ў лістападзе ў савудаўскім Эр-Рыядзе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя