
70 тысяч гледачоў на стадыёне ў Берліне, і яшчэ мільёны ля тэлеэкранаў сталі сведкамі вельмі кантрастных дзвюх частак фінальнага матча футбольнага Еўра.
У першым тайме было шмат тактычнай барацьбы і “цяжкай атлетыкі”. Іспанцы, у асноўны склад якіх вярнуліся пасля дыскваліфікацыі абаронцы Дані Карвахаль і Ле Норман, валодалі ініцыятывай, але ангельцы ўпэўнена наступілі на “горла” пірэнейскай песні і нічога не дазвалялі супернікам. У складзе каманды “трох ільвоў” з’явіўся Люк Шоў, які ўзмацніў яе шэрагі. Ля брамы суперніка ангельцы стварылі адзін паўмомант, але ўдару Фодэна забракла сілы.
Адразу пасля перапынку іспанцам удалася феерычная атака. Яе завадатарам стаў Карвахаль, галоўным асістэнтам Ямаль, а завяршальнікам – уладальнік “ананаснай” фрызуры Ніка Уільямс. Амаль услед “фурыя роха” магла падвоіць перавагу, але Дані Ольма не скарыстаўся момантам.
Потым каманды замянілі капітанаў: на 60-й хвіліне поле пакінуў Хары Кейн, а на 67-й – Альвара Марата. А яшчэ пасля перапынку з-за траўмы ня здолеў гуляць лідар пірэнейцаў Радрыга. Іспанцы ў цэлым, здавалася, кантралявалі гульню і адчувалі сяе як рыба ў вадзе. Тым нечаканей стаў гол рэзервіста Коула Палмера, які трапна прабіў з-за межаў штрафной пляцоўкі.
“Чырвоная фурыя” стварыла яшчэ шэраг пагрозаў, але на вышыні быў брамнік ангельцаў Джордан Пікфард. І ўсё ж Іспанія дамаглася свайго – выйшаўшы на замену Аярсабаль штыкавым ударам на самай мяжы афсайду пратыкнуў мяч у сетку апанентаў – 2:1.
Брытанцы маглі яшчэ адыграцца, але ад голу іспанцаў выратаваў Ольма, які галавой выбіў мяч з “стужачкі” сваёй брамы. І праз некалькі хвілін цешылася ўся Іспанія і яе прыхільнікі. Гэта чацвёрты еўрапейскі чэмпіёнскі тытул “фурыі рохі” у гісторыі (больш усіх!). А галоўны архітэктар вікторыі 2024 года – трэнер Луіс дэ ла Фуэнта. Чалавек, які за кароткі перыяд стварыў яркую каманду, нацэленую на атаку і відовішчны футбол і прывёў яе да чэмпіёнства..
Беларускае Ражыё Рацыя






