BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чэмпіянат Еўропы па футболе стартуе ў Германіі: што трэба ведаць

Нямеччына ўпершыню пасля ўз’яднання краіны прыме чэмпіянат Еўропы па футболе сярод мужчынскіх нацыянальных зборных. Матчы пройдуць з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў 10 гарадах. Фаварытам Еўра-2024 букмекеры лічаць зборную Англіі, якая апярэдзіла фіналіста чэмпіянату свету 2022 года Францыю і гаспадыню турніру Нямеччыну. Зборная Італіі, якая стала чэмпіёнам Еўропы ў 2021 годзе, заняла ў прагнозах букмекераў толькі шостае месца.
Апошнім разам нямецкая мужчынская зборная па футболе выйгравала чэмпіянат Еўропы ў 1996 годзе. Фармат Еўра-2024 – такі ж, як і ў двух папярэдніх чэмпіянатах Еўропы: у ім удзельнічаюць 24 нацыянальныя зборныя, падзеленыя на шэсць груп. Спачатку каманды згуляюць адна з адной у рамках групавога этапу. Зборныя, якія занялі першыя і другія месцы ў групах, выходзяць у плэй-оф. У плей-оф выйдуць і чатыры лепшыя каманды, якія зоймуць у сваіх групах трэція месцы.
У рамках Еўра-2024 адбудзецца 51 матч на 10 стадыёнах Германіі. Больш за ўсё матчаў – па шэсць – прымуць футбольныя арэны ў Берліне, Мюнхене і Дортмундзе. На найбуйнейшым – Алімпійскім стадыёне – у Берліне пройдзе і фінал турніру. Адкрыецца Еўра-2024 сёння матчам зборных Германіі і Шатландыі ў Мюнхене.
Па пяць гульняў адбудуцца на стадыёнах Штутгарта, Гамбурга, Дзюсельдорфа, Франкфурта і Кёльна, па чатыры – у Лейпцыгу і Гельзенкірхене. Ва ўсіх гарадах арганізаваны фан-зоны, дзе гульні будуць паказваць на вялікіх экранах бясплатна.

«Іслач» дэбютуе ў Лізе канферэнцый

«Іслач» заваявала права згуляць на еўрапейскай арэне, фінішаваўшы чацвёртай у вышэйшай лізе-2023 і стаўшы фіналістам розыгрышу Кубка Беларусі. У пачатку траўня ў Доме футбола прайшло паседжанне камітэта па клубным ліцэнзаванні, на якім разглядалася заяўка «ваўкоў». У рамках працэдуры ліцэнзавання клуб пацвердзіў выкананне ўсіх крытэрыяў, атрымаў ліцэнзію УЕФА і быў дапушчаны АБФФ на маючы адбыцца сезон еўракубкаў. Потым федэрацыя накіравала спіс з прадстаўнікамі ад Беларусі на праверку і канчатковае зацвярджэнне. На гэтым тыдні ў офіс клуба прыйшло афіцыйнае пацверджанне з УЕФА і запрашэнне ў Ньён на лёсаванне: «Іслач» стартуе з першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый, – перадае сайт «ваўкоў».
Матчы пройдуць 11 і 18 ліпеня.

Маладзечна і Віцебск прымуць матчы 12-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Пасля міжнароднай паўзы, звязанай з таварыскімі матчамі зборных Беларусі, аднаўляюцца гульні нацыянальнага чэмпіянату.
У стартавым паядынку сённяшняга гульнявога дня футбалісты «Іслачы» прымуць у Маладзечне гасцей з «Гомеля». У 11-м туры «Іслач» саступіла на выездзе наваполацкаму «Нафтану» 1:2, а гамельчане на хатняй арэне разышліся мірам з «Віцебскам» 0:0. Таксама сёння лідэр першынства жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» згуляе на выездзе з футбалістамі «Віцебска». У мінулым туры тарпедаўцы перамаглі на сваёй арэне магілёўскае «Дняпро» з лікам 4:2.
Заўтра свае сустрэчы правядуць галоўныя пераследнікі жодзінскай дружыны. Гарадзенскі «Нёман», які ідзе другім, прыме на сваім полі барысаўскі БАТЭ, чэмпіён краіны менскае «Дынама» на выездзе сустрэнецца з футбалістамі «Слуцка», а ў Берасці мясцовыя дынамаўцы будуць супернічаць з «Дняпром».

«Мiнск» не выступіць у новым сезоне Лігі BTБ

У Маскве адбыўся Савет Адзінай лігі ВТБ. На ім стала вядома, што «Мiнск» не выступіць у новым сезоне расейскага турніру. Каманда будзе заяўлена ў моладзевую лігу ВТБ.
У сезоне згуляюць 12 клубаў, сярод якіх няма беларускіх каманд. У мінулым сезоне «Мiнск» святкаваў адну перамогу ў 40 матчах. Адзіная перамога была здабытая 27 сакавіка, калі на хатняй арэне была абыграна «Астана» 60:58. У Адзінай лізе ВТБ «Мiнск» выступаў з сезона-2010/11 і ні разу не дайшоў да плэй-оф.

«Фларыда» за крок ад Кубка Стэнлі

У трэцім матчы фінальнай серыі Кубка Стэнлі, як і ў першых двух, «Фларыда» перамагла «Эдмантан» 4:3. 32 сэйвы галкіпера «пантэр» Баброўскага супраць 19 выратаванняў галкіпера «нафтавікоў» Скінара. 0 з 3 у матчы і 0 з 10 у серыі – рэалізацыя большасці «Эдмантам». 4-0 у фінальнай серыі Кубка Стэнлі не здаралася з 1998 года, у якім «Дэтройт» накаўтаваў «Вашынгтон».

Беларускае Радыё Рацыя