BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Чэрвона рута» ў Любліне

У аўторак прайшлі сустрэчы кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў.

Кіеўскае «Дынама» прымала на тэрыторыі Польшчы ў Любліне «Партызан» з Бялграда. Гэта быў надзвычай прынцыповы паядынак, які меў палітычную падаплёку. Матч выдаўся захапляльным. Чэмпіёны Сербіі вызначаліся першымі – пенальці рэалізаваў Матэвуш Салданья. Але ў канцоўцы першага тайма ўкраінскія футбалісты перавярнулі гульню – Мікола Шапарэнка на 40-й, Уладзімір Бражко на 43-й і Аляксандр Караваеў на 45-й плюс 1 вывелі наперад «Дынама». Пасля перапынку Уладзіслаў Кабаеў давёў лік да 4:1. На 66-й хвіліне Салданья скараціў разрыў. Але апошнія словы засталіся за чэмпіёнам Украіны – на 83-й хвіліне Дзяніс Попоў, а на самым зыходзе, калі гледачы на трыбунах спявалі «Чэрвону руту», Аляксандр Піхалёнак забілі яшчэ двойчы. 6:2 – эфектная вікторыя каманды Аляксандра Шаўкоўскага.

І яшчэ некалькі найбольш цікавых вынікаў адбору ў галоўным клубным турніры кантыненту: «Мальмё» (Швецыя) – «Клаксвік» (Фарэры) – 4:1, «Сцяуа» (Бухарэст, Румынія) – «Макабі» (Тэль-Авіў, Ізраіль) – 1:1, «Ферэнцвараш» (Будапешт, Венгрыя) – «Нью-Сэйнтс» (Уэльс) – 5:0. Маліец Адама Траарэ вызначыўся тут хет-трыкам. Яркая гульня была ў Швейцарыі, дзе «Лугана» прымаў «Фенербахчэ» (Стамбул, Турцыя) і саступіў 3:4. Магчымы супернік менскага «Дынама» ў наступным раўндзе кваліфікацыі азербайджанскі «Карабах» на выездзе адолеў «Лінкальн» з Гібралтару – 2:0.

Беларусы ў Лізе канферэнцый

У Лізе канферэнцый казахстанская каманда «Ардабасы», якую трэніруе беларускі трэнер Аляксандр Сяднёў сустракалася на выездзе ў Люксембургу з клубам «Дзіфферанж». Госці саступілі 0:1. Увесь матч на браме ў іх гуляў беларускі галкіпер Сяргей Ігнатовіч. Дома, аднак, «Ардабасы» мае шанцы адыграцца ў паўторнай сустрэчы.

Эндзі Марэй завяршае кареру

Былая першая ракетка свету Эндзі Марэй (на сёння №121 ATP) абвесціў, што Алімпіяда ў Парыжы стане яго апошнім турнірам. «Спаборніцтвы за Вялікабрытанію былі, безумоўна, найбольш памятнымі ў маёй кар’еры, і я вельмі ганаруся тым, што мне ўдасца зрабіць гэта апошні раз», – напісаў Марэй.

Тэнісны турнір на алімпіядзе будзе праходзіць з 27 ліпеня па 4 жніўня. 37-гадовы шатландзец Марэй возьме ўдзел у адзіночным і парным разрадах сярод мужчын. Нікому акрамя яго не ўдавалася абараніць золата Алімпіяды ў мужчынскім спаборы.

Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў у Іспаніі

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры серыі ATP Challenger Tour  у горадзе Сеговія (Іспанія). У 1/16-й фіналу Герасімаў, на сёння 253-я ракетка свету перамог італьянца Фабрыцыё Андалора (574-ы нумар прафесійнага рэйтынгу). Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 32 хвіліны і завяршылася ў двух сетах – 6:4, 6:3.

Беларускае Радыё Рацыя