BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хачанаў і Эванс правялі самы доўгі паядынак у гісторыі US Open

Расеец Карэн Хачанаў і брытанец Даніэль Эванс усталявалі рэкорд па працягласці матчаў на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе. Іх сустрэча першага раунда працягвалася 5 гадзін 34 хвіліны. У цяжкім пяцісэтавым паядынку з трыма тай-брэйкамі перамогу вырваў Эванс – 7:6 (8:6), 6:7 (2:7), 6:7 (4:7), 6:4, 6:4. Наступным супернікам 34-гадовага брытанца стане 23-гадовы аргенцінец Марыяна Навона.
Сёння на корты ў Нью-Ёрку выйдуць тры прадстаўніцы Беларусі. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка ў матчы другога раунда сустрэнецца з італьянкай Лючыяй Бранцэці, якая займае 76-е месца ў сусветным рэйтынгу. Вікторыя Азаранка згуляе з францужанкай Кларай Бюрэль. У 1/32 фіналу спаборніцтваў жаночых пар Аляксандра Сасновіч і расейка Каміла Рахімава будуць супернічаць з армяна-польскім дуэтам Эліна Аванэсян / Катажына Піцер.

У Наваполацку і Салігорску пройдуць матчы плэй-ін Кубка Салея

Сёння, 28 жніўня, стане вядомы склад фіналу чатырох другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. Групавы этап Кубка праходзіў з 30 ліпеня па 16 жніўня, удзел у розыгрышы прынялі ўсе 14 клубаў беларускай экстралігі, падзеленыя на дзве групы. Па выніках гульняў у фінал чатырох напрамую выйшлі найлепшая каманда пула “А” менскае “Юнацтва” і пераможца групы “В” і дзейны ўладальнік трафея ХК “Віцебск”. Згодна з рэгламентам, яшчэ дзве пуцёўкі ў вырашальны раунд павінны быць разыграны ў кваліфікацыйных матчах плэй-ін.
Першую пару супернікаў склалі “Хімік” і “Нёман”. Навапалачане скончылі выступы ў пуле “В” на другім месцы, набраўшы дзевяць балаў і выйграўшы чатыры матчы з шасці. Гарадзенцы ў групе “А” з васьмю ачкамі размясціліся трэцімі, падзяліўшы поспехі і паразы напалову. Сустрэча каманд адбудзецца ў Наваполацку і пачнецца ў 19.00, пераможцу гэтага паядынку ў наступным раундзе чакае сталічнае “Юнацтва”.
Другую пуцёўку далей будуць аспрэчваць “Шахцёр” і “Гомель”. Салігарчане занялі другое месца ў пуле “А”, атрымаўшы пяць перамог у шасці матчах. “Рысі” з трыма перамогамі і трыма няўдачамі фінішавалі трэцімі ў групе “В”. Паядынак “Шахцёра” і “Гомеля” стартуе ў 19.25 у Салігорску, лепшая каманда гэтай пары згуляе з “Віцебскам”.

Максім Лютыч вярнуўся ў “Мінск”

Максім Лютыч згуляе за “Мінск” у сезоне-2024/25. Максім прадстаўляў сталічны клуб з 2015 па 2020 год у складзе рэзервовай і асноўнай каманд. З “Мінскам” ён станавіўся чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Кубка Беларусі. Сезон-2023/24 баскетбаліст правёў у “Барысфене” з сярэдняй статыстыкай у 10.0 ачкоў, 8.0 падбораў, 1.6 перадачы, 0.4 перахопа, 0.9 блокшота. З магілёўскай камандай Максім заваяваў Кубак Беларусі.

Лукаку прыбыў у Італію для праходжання медагляду і падпісання кантракту з «Напалі»

Нападнік «Чэлсі» Рамелу Лукаку прыбыў у Рым для праходжання медагляду перад пераходам у «Напалі», паведамляе інсайдар Нікола Скіра. Увечары 31-гадовы бельгіец падпіша пагадненне з неапалітанскім клубам на тэрмін да 2027 года. Раней інсайдар Фабрыцыа Рамана пісаў, што сума трансферу Лукаку складзе 30 мільёнаў еўра, а яшчэ 15 мільёнаў прадугледжаны ў якасці бонусаў. Мінулую кампанію Лукаку правёў на правах арэнды ў складзе «Ромы». У яго актыве 21 гол і 4 перадачы ў 47 матчах.

Беларускае Радыё Рацыя