У сталіцы Балгарыі Сафіі працягваецца чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, на якім у нейтральным статусе выступаюць беларускія спартоўцы. Спаборніцкую праграму нядзелі завяршыў турнір у вагавай катэгорыі да 96 кг у мужчын. За нашу каманду ў гэтай вазе выступалі адразу двое спартоўцаў – Павел Хадасевіч і Юльян Курловіч. Больш вопытны Хадасевіч у першым практыкаванні стартаваў з удалага падыходу на 165 кг, але потым двойчы запар не змог пакарыць вагу 168 кг. Тым не менш, паказанага выніку ў рыўку Паўлу хапіла для заваявання малога бронзавага медаля. Штуршок наш спартовец пачаў з пазітыўнага падыходу на 195 кг, аднак спробы зафіксаваць вагі ў 200 і 206 кг поспеху не прынеслі. І ўсё ж агульная сума Хадасевіча ў 360 кг зрабіла яго ўладальнікам бронзавага медаля ў двубор’і. Не застаўся без узнагароды і Юльян Курловіч: 25-гадовы штангіст выйграў малую бронзу ў другім практыкаванні, абышоўшы партнёра па камандзе на адзін кілаграм 196. Сума рыўка і штуршка Курловіча склала 353 кг, што адпавядае чацвёртай пазіцыі ў падагульняючым пратаколе сярод 22 удзельнікаў.
Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Дубаі
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка перамагла на старце прэстыжнага турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У паядынку 1/32 фіналу беларуска абыграла ў дзвюх партыях нідэрландскую тэнісістку Аранчу Рус – 6:2, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 20 хвілін. У другім раўндзе Азаранка сустрэнецца з прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай. Другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка стартуе з 1/16 фіналу, дзе яе суперніцай будзе харватка Донна Векіч.
У плэй-оф чэмпіяната свету беларускія пляжнікі могуць сустрэцца з бразільцамі, партугальцамі альбо аманцамі
Зборная Беларусі пасля паразы калумбійцаў ад сенегальцаў у матчы групавога этапа чэмпіянату свету па пляжным футболе ў Дубаі 3:5 гарантавала сабе першае месца ў пуле «С». У плэй-оф беларусы згуляюць з камандай, якая заняла другое месца ў групе «D». Фаварытамі квартэта зʼяўляюцца зборныя Бразіліі і Партугаліі.
«Заглембе» саступіў у першым афіцыйным матчы пад кіраўніцтвам Хацкевіча
Пасля перапынку аднавіўся чэмпіянат Польшчы ў другім дывізіёне. У матчы 20-га тура «Заглембе», які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч, з мінімальным лікам саступіў у Прушкуве «Знічу» – 0:1. У каманды з Сасноўца засталося 11 ачкоў, з якімі яна замыкае турнірную табліцу. Ад зоны выратавання ад вылету адставанне 8 ачкоў. У наступным туры «Заглембе» 25 лютага згуляе ў гасцях з «Рэсовіяй».
Раўнейка будзе трэніраваць у ААЭ
Беларускі спецыяліст Дзмітрый Раўнейка працягне трэнерскую карʼеру ў клубе з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў. 43-гадовы ўраджэнец Гародні стаў асістэнтам галоўнага трэнера Стывена Тэйлара ў «Галф Юнайдэд» з Дубая, які выступае ў другім дывізіёне ААЭ. Тэйлар вядомы па выступах за англійскі «Ньюкасл». Пасля 19 тураў з 19 ачкамі «Галф Юнайтэд» займае 14-е месца з 17 каманд.
«Арыс» Шпілеўскага разграміў АЕЛ
«Арыс», які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, на сваім полі разграміў АЕЛ у матчы 26-га тура чэмпіянату Кіпра – 4:0. У гаспадароў беларускі форвард Арцём Шуманскі выйшаў на замену на 70-й хвіліне замест расейца Аляксандра Какорына, які адзначыўся дублем. «Арыс» з 56 ачкамі займае другое месца ў табліцы, адстаючы ад АПАЭЛа на тры балы.
Дубль Хейлунда прынёс перамогу «Манчэстэр Юнайтэд»
«Манчэстэр Юнайтэд» на выездзе перамог «Лутон» 2:1. Дублем у складзе «МЮ» адзначыўся дацкі форвард Расмус Хэйлунд, які забівае ўжо ў шостым матчы запар. «Манчэстэр Юнайтэд» з 44 ачкамі ідзе шостым у табліцы, адстаючы ад «Тотэнхэма» на тры балы. «Мілан» на выездзе саступіў «Монцы» ў матчы 25-га тура чэмпіянату Італіі – 2:4. Гасцям удалося ўдзесяцёх адыграцца з ліку 0:2, але нічыю «чырвона-чорныя» не ўтрымалі. «Мілан» з 52 ачкамі ідзе трэцім у табліцы, адстаючы ад «Ювентуса» на два балы. «Баварыя» на выездзе саступіла «Бохуму» 2:3 у матчы 22-га тура чэмпіянату Германіі. «Баварыя» з 50 ачкамі ідзе другой у табліцы, адстаючы ад «Байера», якому ў мінулым туры саступіла з лікам 0:3, на восем балаў.
У матчы ўсіх зорак НБА быў усталяваны рэкорд па набору ачкоў
Адбыўся матч усіх зорак НБА, дзе сустрэліся каманды Усходу і Захаду. Перамогу з лікам 211:186 святкавала каманда Усходняй канферэнцыі. Такім чынам, у матчы быў усталяваны рэкорд па найбольшым наборы ачкоў. Самым выніковым гульцом матчу стаў цэнтравы Захаду Карл-Энтоні Таўнс. На яго рахунку 50 балаў. Разыгрываючы «Мілуокі Бакс», які выступае за каманду Усходу канферэнцыі, Дэмʼен Лілард прызнаны MVP Матчу ўсіх зорак НБА – 2024.
Беларускае Радыё Рацыя