BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Берасця” абыгралі “Віцебск” і выйшлі наперад

На поўдні краіны адбыўся трэці паядынак чвэрцьфінальнай серыі паміж хакеістамі “Берасця” і “Віцебска”. Дзве стартавыя сустрэчы ў рамках супрацьстаяння прайшлі ў Віцебску 10 і 12 сакавіка, там каманды абмяняліся перамогамі. У першай гульні мацней былі падначаленыя Рамана Юпатава (4:1), у другой паўднёўцы ўзялі рэванш у авертайме (5:4). Напярэдадні ў атацы віцяблянаў назіраліся вялізныя праблемы – ніводнага гола за шэсцьдзесят хвілін. Берасцейцы да сваіх шанцаў падышлі куды больш адказна: у пачатку дэбютнай траціны вызначыўся Сяргей Маляўка, на старце другога перыяду адрыў паўднёўцаў падвоіў Віталь Антановіч, а ў заключным гульнявым адрэзку Аляксандр Маляўка паставіў гасцей у пагрозлівае становішча. Канчатковы лік 4:0 на карысць гаспадароў незадоўга да сірэны кідком у пустую брамку ўсталяваў Уладзіслаў Мартынюк. Такім чынам, “Берасце” вырвалася наперад у серыі да чатырох перамог (2:1). У Жлобіне адбыўся трэці паядынак серыі паміж “Металургам” і “Юнацтвам”. Супрацьстаянне дзейных чэмпіёнаў Беларусі з самым тытулаваным клубам краіны пачалося на “Чыжоўка-Арэне” 10 сакавіка. Тады мацней на сваім лёдзе апынуліся мінчане 4:1, праз два дні “сталёвыя ваўкі” ўзялі рэванш 3:1, тым самым зраўняўшы лічбы ў серыі. Напярэдадні быў зафіксаваны лік 2:1 і ў матчы, і ў серыі, “Металург” наперадзе. Наступная сустрэча каманд пройдзе 16 сакавіка таксама ў Жлобіне.

Протас згуляе з «Сіэтлам» у НХЛ

Галоўны трэнер «Вашынгтона» Спенсер Карберы распавёў, што беларускі форвард Аляксей Протас, які мінулай ноччу прапусціў гульню з «Эдмантанам» з-за траўмы ніжняй часткі цела, згуляе ў наступным паядынку НХЛ з «Сiэтлам». У 62 матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ Протас набраў 28 (5+23) ачкоў.

“Ліверпуль” разграміў “Спарту” 11:2

“Ліверпуль” на хатняй арэне разграміў пражскую “Спарту” ў матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі Еўропы з лікам 6:1. “Чырвоныя”, якія расправіліся са “Спартай” і ў гасцявой сустрэчы 5:1, выйшлі ў чвэрцьфінал. “Вільярэал” ледзь не зрабіў камбэк пасля паразы ад “Марсэля” 0:4. “Вільярэал” на хатняй арэне перамог 3:1. У 1/4 фіналу турніру таксама выйшлі “Бенфіка”, “Вэст Хэм” і “Мілан”.

Расейскі экс-гулец «Смаргоні» і «Нёмана» Красноў перайшоў у «Макслайн»

Расейскi нападнік і экс-гулец «Смаргоні» і «Нёмана» Марк Красноў цяпер у складзе «Макслайна» (Д2). Раней ён прадстаўляў пецярбургскае «Дынама» і таксама з’яўляецца дзеючым срэбраным прызёрам вышэйшай лігі Беларусі.

АБФФ прадаставіла «Белшыне» растэрміноўку для выплаты даўгоў

Сталі вядомыя падрабязнасці прадастаўлення «Белшыне» (Д2) ліцэнзіі для ўдзелу ў першай лізе. У каманды былі цяжкасці з выкананнем фінансавага крытэра. У клуба ёсць запазычанасці. Часткова бабруйскі клуб ужо пачаў разлічвацца. У АБФФ сфармавалі графік пагашэння запазычанасцей, каб клуб мог бесперашкодна прыняць удзел у Д2.

Беларускае Радыё Рацыя