BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Брэста” абыгралі “Юнацтва”

Хакейны клуб “Брэст” перамог сталічнае “Юнацтва” ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. Ужо на другой хвіліне абаронца Мікіта Парфянюк вывеў гасцей наперад. Аднак у сярэдзіне першага перыяду берасцейцы адыграліся, а праз пару хвілін захапілі лідарства – дакладныя кідкі нанеслі Ігар Карабанаў і Арцём Серада. На старце наступнай трэці Магамед Гімбатаў павялічыў перавагу гаспадароў да двух галоў, але яшчэ да перапынку менчане намаганнямі Аляксандра Кулагіна і Арсенія Каўгарэні аднавілі парытэт. У заключнай 20-хвілінцы закідвалі толькі паўднёўцы – Мікіта Гуслістаў і Ахмед Гімбатаў. Фінальны лік – 5:3. Гэтая перамога стала для “Брэста” шостай запар, з дванаццаці апошніх матчаў каманда выйграла дзесяць. Дзякуючы вялікай серыі “зубры” пасля не самага ўдалага пачатку сезона падняліся ў квартэт наймацнейшых.”Палескае дэрбі” “Гомеля” і “Металурга” завяршыла гульнявую праграму нядзелі. Фінальны лік – 3:0 на карысць “рысяў”. Гэтая вікторыя стала для “Гомеля” толькі трэцяй у дзевяці апошніх матчах, жлабінчане на аналагічным адрэзку святкавалі сем перамог. Абедзве каманды набралі па 30 ачкоў і зараз дзеляць пяты радок у турнірнай табліцы.

Менскія дынамаўцы на выездзе ўсухую прайгралі “Куньлуню”

Хакеісты менскага “Дынама” пацярпелі паразу ў выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Другім прыпынкам “зуброў” у гасцявым турнэ сталі Мыцішчы, дзе базуецца кітайскі клуб “Куньлунь Рэд Стар”. Незадоўга да сірэны гульцы “Рэд Стар” закінулі ў пустую брамку “Дынама”, у выніку “сухая” параза “Дынама” – 0:3. Выязную серыю сталічны клуб працягне ў аўторак супраць омскага “Авангарда”. Дынамаўцы па-ранейшаму займаюць восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі, набраўшы 30 ачкоў у 28 матчах.

Гандбалісты “Машэкі” перамаглі “Бусел Кітая” ў чэмпіянаце Беларусі

Гандбалісты “Машэкі” перамаглі “Бусел Кітая” ў хатнім паядынку чэмпіянату Беларусі. Толькі ў першым тайме госці некалькі разоў выходзілі наперад, а пасля перапынку магіляўчане поўнасцю захапілі ініцыятыву і ў выніку выйгралі з перавагай у дзевяць мячоў – 35:26. Напярэдадні сваю адзінаццатую вікторыю запар святкаваў чэмпіён краіны “Мяшкоў Брэст”, разграміўшы на хатняй арэне спартоўцаў МАГК – 41:28. У 11 праведзеных сустрэчах берасцейцы набралі 22 ачкі з 22 магчымых. На два балы адстаюць срэбраныя прызёры гандбалісты менскага СКА, у “Машэкі” і “Гомеля” па 13 заліковых балаў. На жаночым першынстве свае чарговыя вікторыі святкавалі галоўныя фаварыты. Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” разграмілі на выездзе “Віцебчанку” – 51:18, а спартоўкі “Гомеля” таксама ў гасцях былі мацней за менскую “Зорку” – 34:25. Пасля дзесяці тураў у абодвух лідараў стала па 19 ачкоў, у актыве гарадзенскай “Гараднічанкі” 14 балаў.

Англія разграміла Ірландыю ў Лізе Нацый і выйшла ў Дывізіён А

Напярэдадні прайшлі матчы футбольнай Лігі нацый. Зборная Англіі разграміла каманду Ірландыі з лікам 5:0. Галы на рахунку Кейна, Гордана, Галахера, Боўэна і Харвуда-Беліса. Фінляндыя прайграла Грэцыі 0:2. Лідары квартэта Англія і Грэцыя набралі па 15 ачкоў, ангельцы сталі першымі за кошт перавагі ў асабістых сустрэчах. Такім чынам, Англія забяспечыла сабе вяртанне ў Дывізіён A. Грэцыя згуляе стыкавыя матчы за права павысіцца ў класе. Ірландыя з 6 ачкамі стала 3-й і згуляе ў плэй-оф за права застацца ў Дывізіёне B. Фінляндыя, якая не набрала ніводнага ачка ў 6 матчах, вылецела напрамую ў Дывізіён C. Аўстрыя і Славенія згулялі ўнічыю 1:1. Нарвегія дзякуючы хет-трыку Холанда разграміла Казахстан 5:0. Нарвегія выйшла ў дывізіён А Лігі нацый, Аўстрыя і Славенія згуляюць у плэй-оф, Казахстан вылецеў у ніжэйшы дывізіён. У групе 2 Лігі A зборная Францыі ўпэўнена абыграла Італію 3:1. На дубль Раб’ё і гол Вікарыа італьянцы адказалі толькі голам   Камб’яза. Пасля шасці тураў групавога этапа зборная Італіі набрала 13 ачкоў і займае другое месца. Францыя зарабіла таксама 13 ачкоў і размяшчаецца на першым радку.

Сінэр упершыню выйграў выніковы турнір ATP

Італьянскі тэнісіст Янік Сінэр упершыню стаў пераможцам выніковага турніру ATP. У фінальным паядынку спаборніцтваў у Турыне першы нумар сусветнага рэйтынгу абыграў у дзвюх партыях амерыканскага тэнісіста Тэйлара Фрыца, які займае пятае месца, – 6:4, 6:4. 23-гадовы Янік Сінэр выйграў усе чатыры паядынкі і зарабіў 4 мільёны 880 тысяч даляраў і 1500 рэйтынгавых ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя