Вызначыўся чацвёрты ўдзельнік паўфінальнай стадыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Самую працяглую серыю першага раунда выдалі хакеісты “Брэста” і “Віцебска”. У першым перыядзе сёмай вырашальнай сустрэчы больш упэўнена выглядалі гаспадары лёду, але атрымаць выгады з гульнявой перавагі не атрымалася. Лік у матчы быў адкрыты на старце другой траціны, прычым хакеістамі “Брэста” – наперад сваю каманду вывеў Фёдар Качан. На адказ “мядзведзям” спатрэбіліся ўсяго тры хвіліны, лічбы на табло зраўняў Ахмед Гімбатаў. Гэтая шайба ў выніку апынулася апошняй у асноўны час, першы авертайм таксама не выявіў пераможцу, і толькі ў другім дадатковым адрэзку Юрый Верамеенка прынёс гасцям перамогу. У выніку 2:1 у матчы і 4:3 у серыі, “Брэст” упершыню ў гісторыі клуба выйшаў у паўфінал. Такім чынам, стаў вядомы квартэт наймацнейшых каманд гэтага сезона. “Шахцёр” выйграў серыю ў наваполацкага “Хіміка” 4:0, жлобінскі “Металург” быў мацней за сталічнае “Юнацтва” 4:1, а “Гомель” адолеў гарадзенскі “Нёман” 4:2. Тры клубы з чатырох выйшлі ў другі раунд з ніжняй сеткі, выбіўшы больш высока пасеяныя калектывы.

Протас прапусціў другую гульню «Вашынгтона», які абыграў «Караліну»
Беларускі форвард “Вашынгтона” Аляксей Протас прапусціў другі матч запар з-за пашкоджання ніжняй часткі цела. Без яго “Вашынгтон” перайграў “Караліну” 7:6 (у серыі булітаў). У другім перыядзе матчу капітан “сталічных” Аляксандр Авечкін на 34-й хвіліне сустрэчы зраўняў лік, рэалізаваўшы большасць (2:2). Гэта шайба стала для яго 846-й у кар’еры. Адставанне ад лепшага снайпера ў гісторыі НХЛ Уэйна Грэцкі скарацілася да 48 шайб. Аляксей Протас браў удзел у ранішняй трэніроўцы каманды перад гульнёй, але ў самім матчы не згуляў.
Нагадаю, што Протас траўмаваўся ў канцы матчу з “Чыкага” (10 сакавіка), затым прапусціў адну гульню, вярнуўся ў склад, а 21 сакавіка зноў апынуўся ў лазарэце. У бягучым сезоне Аляксей у 65 матчах набраў 28 (5+23) балаў, пры паказчыку карыснасці “-3” і 6 хвілінах штрафу.
Беларусы здабылі першую перамогу ў кваліфікацыі маладзёжнага ЧЕ па футболе
Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) паспяхова правялі першы паядынак пад кіраўніцтвам новага трэнера. У армянскім Армавіры каманда Сяргея Яромкі ў намінальна хатнім матчы адборавага турніру маладзёжнага першынства Еўропы адолела аднагодкаў з Грэцыі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны мяч на 57-й хвіліне сустрэчы забіў Цімафей Мартынаў, які рэалізаваў пенальці. Гэта першая вікторыя беларусаў у кваліфікацыйнай групе G. Раней яны тройчы згулялі ўнічыю і зведалі пяць паразаў пры розніцы мячоў 5-19.
Нідэрланды разграмілі Шатландыю, а іспанцы прайгралі калумбійцам у таварыскіх матчах
Зборная Нідэрландаў выйграла ў каманды Шатландыі ў таварыскім матчы – 4:0. Сустрэча прайшла на “Ёхан Кройф Арэне” ў Амстэрдаме.
Паўабаронца Тыджані Рэйндэрс у канцы першага тайма адкрыў лік. Пасля перапынку нідэрландцы забілі яшчэ тры галы – вызначыліся Жаржыньё Вейналдум, Вут Вегхарст і Доніэл Мален.
26 сакавіка зборная Нідэрландаў правядзе таварыскі матч супраць каманды Германіі.
Зборная Іспаніі пацярпела паразу ад каманды Калумбіі ў таварыскім матчы – 0:1. Сустрэча прайшла на стадыёне “Лондан”.
Адзіны гол забіў абаронца “Крыстал Пэлас” Даніэль Муньас на 61-й хвіліне сустрэчы. У наступным таварыскім матчы калумбійцы згуляюць з Румыніяй, а іспанцы сустрэнуцца з Бразіліяй. Абедзве сустрэчы запланаваны на 26 сакавіка.
Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Маямі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова стартавала на турніры WTA-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў. У матчы 1/32 фіналу другая ракетка свету абыграла ў дзвюх партыях іспанскую тэнісістку Паўлу Бадосу, якая займае 80-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:4, 6:3. У трэцім раундзе Сабаленка будзе супернічаць з 36-й ракеткай планеты украінкай Ангелінай Калінінай.
Беларускае Радыё Рацыя