
У Наваполацку, Лідзе, Менску і Жлобіне прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. На поўначы краіны наваполацкі “Хімік” прымаў “Брэст”, асноўны час матча скончыўся ўнічыю – 2:2. Авертайм пераможцу не выявіў, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся берасцейцы, якія выйгралі пяты матч запар.
Паралельна ў Лідзе мясцовы клуб сустракаўся з салігорскім “Шахцёрам”, тут камандам таксама не хапіла 60 хвілін гульні для вызначэння наймацнейшага. За 30 секунд да фінальнай сірэны “рыцары” вялі ў ліку, але госці паспелі перавесці паядынак у авертайм – 2:2. Дадатковы гульнявы адрэзак перацёк у серыю пасляматчавых кідкоў, у якой адзіную ўдалую спробу выканалі “гарнякі”. Для “Ліды” гэтая параза стала чацвёртай запар. На “Чыжоўка-Арэне” “Юнацтва” другі раз за тры дні прымала Гомель і перамагло 3:2, “Юнацтва” бярэ ў “рысей” рэванш за паразу ў аўторак. Паралельна ў Жлобіне “Металург” сустракаўся з “Магілёвам”. Падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі перамаглі 5:2. Гэтая вікторыя стала для “Металурга” восьмай у дзевяці апошніх гульнях.
Брыштэль прызнаны лепшым гульцом Беларусі ў пляжным футболе
Ігар Брыштэль прызнаны найлепшым гульцом Беларусі ў пляжным футболе па выніках года. Па выніках апытання, у якім удзельнічалі спецыялісты, журналісты і заўзятары, Брыштэль набраў 110 балаў, апярэдзіўшы ўсіх канкурэнтаў. У мінулым сезоне 37-гадовы Ігар Брыштэль, які выступае за нацыянальную зборную Беларусі і піцерскі “Крышталь”, стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату свету, забіўшы 14 мячоў, і атрымаў “Бронзавы мяч” планетарнага форуму ў Дубаі.
У тройку найлепшых беларускіх гульцоў па пляжным футболе таксама ўвайшлі Алег Гапон (90 балаў) і галкіпер Міхаіл Аўгустоў (87).
Футбалісты Казахстана прайгралі чацвёрты матч у Лізе нацый УЕФА
Футбалісты зборнай Казахстана пацярпелі чацвёртую паразу на групавой стадыі Лігі нацый УЕФА. У матчы 5-га тура групы В3 у Алматы казахская каманда прайграла зборнай Аўстрыі з лікам 0:2. Зборная Францыі без Кіліана Мбапэ не змагла абыграць Ізраіль у групе 2 Лігі А. Матч скончыўся з лікам 0:0. Зборная Бельгіі прайграла Італіі 0:1. Англія разграміла Грэцыю ў групе 3 Лігі B з лікам 3:0. Зборная Англіі пасля гэтай перамогі набрала 12 ачкоў і займае першае месца ў сваёй групе.
Зборная Беларусі свой пяты паядынак у групе С3 правядзе сёння ў Белфасце супраць каманды Паўночнай Ірландыі.
Беларускія гімнасты заваявалі больш за 10 узнагарод на турніры ва Узбекістане
Беларускія спартоўцы заваявалі 11 медалёў на старце міжнародных спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы “Аксамітная дарога” ва Узбекістане. Першыя камплекты ўзнагарод турніру былі разыграны ў самым прэстыжным відзе праграмы – шматбор’і. У мужчын на п’едэстал узняліся адразу два беларусы: срэбра ўзяў Багдан Ілінкоў, бронзу выйграў Ягор Шарамкоў. Акрамя таго, Шарамкоў разам з Аляксеем Селязнёвым і Алегам Цясельскім сталі другімі ў камандным турніры. У гэтай жа дысцыпліне ў жанчын беларускае трыа таксама заваявала срэбра.
Беларускае Радыё Рацыя






