BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты «Хіміка» адолелі «Лакаматыў» і дамагліся вырашальнай гульні ў раўндзе плэй-ін

У Воршы працягнулася міні-серыя «Лакаматыва» і «Хіміка» ў раўндзе плэй-ін беларускай хакейнай экстралігі. Пасля гасцявой перамогі над «Хімікам» два дні таму шанец прабіцца ў плэй-оф здабылі хакеісты «Лакаматыва» – для гэтага аршанцам было неабходна паўтарыць поспех, але ўжо на хатняй арэне. Спачатку ўсё складалася менавіта па сцэнары «чыгуначнікаў»: у першым перыядзе Зміцер Бураўцаў вывеў гаспадароў наперад, а на старце наступнай траціны Андрэй Перагуда падвоіў перавагу. Аднак на гэтым станоўчыя моманты для «Лакаматыва» скончыліся – далей у матчы закідвалі толькі госці. Усе шайбы «хімікаў» уклаліся ў прамежак з 26-й па 36-ю хвіліну сустрэчы: спачатку вызначыўся Ільяс Сідзікаў, затым дубль аформіў Уладзімір Джыг. Фінальны лік – 3:2 на карысць навапалачан. Такім чынам, «Хімік» і «Лакаматыў» чакае вырашальная трэцяя гульня, якая пройдзе ў Наваполацку 6 сакавіка.

Маскоўскае «Дынама» вырвала перамогу ў матчы з «Дынама» Менск і павялічыла лік у серыі плэй-оф КХЛ

У Маскве на «ВТБ Арэне» завяршыўся другі матч першага раунда плэй-оф КХЛ. Маскоўскае «Дынама» прымала менскае «Дынама». Сустрэча скончылася перамогай гаспадароў з лікам 4:3. У другім перыядзе госці закінулі дзве шайбы. На 24-й хвіліне лік адкрыў Данііл Сацішвілі, а на 30-й хвіліне вызначыўся Аляксандр Волкаў. Але яшчэ да канца перыяду масквічы зраўнялі лік. Па шайбе закінулі Дзмітрый Рашэўскі і Данііл Пылянкоў. На 47-й хвіліне Дзмітры Корабаў вывеў гасцей наперад. Але канцоўка засталася за гаспадарамі. Дакладныя кідкі Мікіты Гусева і Дзмітрыя Рашэўскага прынеслі масквічам перамогу. Маскоўскае «Дынама» зараз вядзе ў серыі 2-0.

«Віктар» сенсацыйна выбіў ЦСКА з плэй-оф SEHA-лігі

У чэмпіянаце SEHA-лігі сталі вядомы першыя ўдзельнікі «Фіналу чатырох». Гучная сенсацыя здарылася ў Маскве. Чэмпіёны Расеі гандбалісты ЦСКА ў хатнім паядынку са стаўрапальскім «Віктарам» умудрыліся растранжырыць перавагу ў 7 мячоў, здабытую на мінулым тыдні ў гасцях, прайграўшы з розніцай у 8 мячоў – 25:33. У першай сустрэчы вайскоўцы выйгралі 37:30, але гэтага не хапіла для працягу барацьбы за ўзнагароды. Дзеючы пераможца SEHA-лігі «Мяшкоў Брэст» без праблем перайграў гандбалістаў «Машэкі» – 35:18. У іх першай сустрэчы ў Магілёве берасцейцы таксама ўпэўнена перамаглі – 34:20.

Беларускі баксёр Алфёраў выйграў першы бой кваліфікацыйнага алімпійскага турніру ў Італіі

У італьянскім Буста-Арсіцыа стартаваў міжнародны кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні 2024 года «Дарога бокса ў Парыж». Удзел у спаборніцтвах у нейтральным статусе бяруць двое беларускіх баксёраў – Аляксей Алфёраў і Аляксандр Радзівонаў. Алфёраў у вагавай катэгорыі да 80 кг адзінагалосным рашэннем суддзяў 5:0 перамог Шабаса Негматулоева з Таджыкістана. На стадыі 1/16 фіналу Аляксею будзе супрацьстаяць прадстаўнік Германіі Кевін Шуман.
Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод турніру Вялікага шлема ў Ташкенце
У сталіцы Узбекістана Ташкенце завяршыўся трэці турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо з удзелам беларусаў. На турніры выступілі амаль 500 спартоўцаў з 69 краін, у тым ліку сямёра беларускіх дзюдаістаў. На жаль Аляксандр Сідорык, Ягор Варапаеў, Руслан Галавачоў і Даніэль Мукетэ не змаглі выйграць медалі. Таксама ў жанчын бар’ер стартавага этапу з беларусак змагла пераадолець толькі Яна Макрэцкая. Ксенія Даніловіч і Дарʼя Канцавая саступілі ўжо ў першых сутычках. Наступныя турніры серыі Вялікага шлема па дзюдо пройдуць напрыканцы сакавіка ў Тбілісі і Анталіі.

Беларускае Радыё Рацыя