BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Хіміка” і “Шахцёра” выйшлі ў фінал чатырох Кубка Салея

Па выніках раунда плэй-ін сталі вядомы ўсе ўдзельнікі фіналу чатырох другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі — Кубка Руслана Салея.
У першым кваліфікацыйным матчы ў Наваполацку сустракаліся мясцовы “Хімік” і “Нёман”. Лік у матчы быў адкрыты за 15 секунд да заканчэння першага перыяду — вызначыўся форвард гасцей Мікіта Рэмезаў. У пачатку другой трэці абаронца гаспадароў Максім Каменькоў аднавіў парытэт, і да завяршэння асноўнага часу лічбы на табло не мяняліся.

У трэцім перыядзе каманды закінулі па разу, але абедзве шайбы былі адменены з-за парушэнняў правілаў. Авертайм пераможцу не выявіў, а ў серыі булітаў больш дакладнымі апынуліся навапалачане – у выніку 2:1. “Хімік” выйшаў у паўфінал Кубка краіны ўпершыню з 2015 года, у новым фармаце турніру клуб так далёка яшчэ не ўздымаўся.

Апошнюю пуцёўку ў фінал чатырох у Салігорску аспрэчвалі другая каманда групы А “Шахцёр” і “Гомель”, які фінішаваў трэцім у пуле В. Тут за тры перыяды гледачы і зусім не ўбачылі закінутых шайб, “сухім” апынуўся і дадатковы адрэзак, таму наймацнейшы зноў вызначыўся ў серыі пасляматчавых кідкоў. Лепшымі ў “перастрэлцы” апынуліся гульцы салігорскага клуба. Паўфінальныя гульні адбудуцца 31 жніўня, першую пару склалі “Віцебск” і “Шахцёр”, другога фіналіста ў вочнай сустрэчы вызначаць “Юнацтва” і “Хімік”.

Сабаленка і Азаранка выйшлі ў 1/16 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе

Беларускія тэнісісткі выйшлі ў трэці раунд адкрытага чэмпіянату ЗША ў Нью-Ёрку. Другая ракетка свету Арына Сабаленка ў 1/32 фіналу лёгка перайграла 76-ы нумар рэйтынгу WTA італьянку Лючыю Бранцэці – 6:3, 6:1. У трэцім крузе Сабаленка сустрэнецца з расейкай Кацярынай Аляксандравай. Вікторыя Азаранка у 1/32 фіналу таксама ў дзвюх партыях абыграла 56-ю ракетку планеты францужанку Клару Бюрэль – 6:1, 6:4. Наступнай суперніцай беларускі будзе кітаянка Яфань Ван. Агульны прызавы фонд US Open – 2024 складае рэкордныя 75 мільёнаў даляраў.

Чэмпіёнкі Беларусі гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” пераможна стартавалі ў новым сезоне

У трох гарадах адбыліся стартавыя паядынкі 33-га чэмпіянату Беларусі па гандболе. У першым матчы жаночага першынства дзеючыя чэмпіёнкі краіны гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” без праблем перайгралі сваю дачынную каманду “БНТУ-БелАЗ-РГУАР” з перавагай на 20 мячоў – 41:21. Уладальніцы срэбра мінулага чэмпіянату гандбалісткі “Гомеля” разграмілі на сваёй арэне бабруйскую “Бярэзіну” – 48:25. Першы паядынак дзвюх найлепшых каманд адбудзецца 31 жніўня ў Маладжчне. “БНТУ-БелАЗ” і “Гомель” сустрэнуцца ў матчы за Суперкубак краіны.

У стартавых матчах мужчынскага чэмпіянату госці дабіліся перамог з мінімальнай перавагай. У Гародні гандбалісты “Машэкі” з Магілёва адолелі бронзавага прызёра гарадзенскі “Кронан” – 22:21, а ў Менску гандбалісты “Гомеля” апынуліся мацней за сталічны БДУФК-СКА – 35:34.

Футбалісткі “Дынама-БДУФК” не змаглі абыграць “Зорку-БДУ” на чэмпіянаце Беларусі

Футбалісткі сталічнага “Дынама-БДУФК” саступілі лідарства “Мінску” ў табліцы жаночага чэмпіянату Беларусі. У хатняй сустрэчы 23-га тура са сталічнай “Зоркай-БДУ” дзеючыя чэмпіёнкі толькі ў самым канцы змаглі сысці ад паразы – нічыя 1:1. Асноўны канкурэнт дынамавак ФК “Мінск” разграміў у Берасці мясцовае “Дынама” з сухім лікам 4:0.

Беларускае Радыё Рацыя