Трыма матчамі ў Гомелі, Магілёве і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самы выніковы паядынак вечара гледачам прапанавалі “Магілёў” і “Юнацтва”.

Два дні таму каманды выдалі сапраўдны трылер: сталічны клуб перамог у авертайме, адыграўшы падчас матчу дэфіцыт у тры шайбы. На гэты раз інтрыга вырашылася ў асноўны час, хоць большую частку сустрэчы супернікі біліся на роўных. Пасля сарака хвілін гульні на табло гарэлі лічбы 2:2, і толькі ў заключнай трэці мінчане знялі пытанні, закінуўшы тройчы запар. Паралельна суіскальнік пазіцыі ў топ-3 “Гомель” прымаў “Брэст”, які змагаецца за трапленне ў шасцёрку. У кожным з перыядаў матча каманд з абласных цэнтраў заўзятары ўбачылі па адной закінутай шайбе – “рысі” нанеслі на адзін дакладны кідок больш і ў выніку перамаглі з лікам 2:1. З такім жа лікам завяршыўся паядынак паміж “Лідай” і “Хімікам”: 60+5 хвілін гульні скончыліся ўнічыю, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся “рыцары”.
Баскетбалісты “Мінска” саступілі УНІКСу ў Адзінай лізе ЗГБ
Баскетбалісты “Мінска” зноў не змаглі дамагчыся перамогі ў матчах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У гасцявым паядынку з дзейным пераможцам Лігі казанскім УНІКСам менчукі прайгралі з лікам 81:101. Самым выніковым у складзе менчукоў чарговы раз стаў канадскі легіянер Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 24 ачкі. Гэта 18-е запар фіяска беларускай каманды ў сёлетнім сезоне. Свой наступны матч БК “Мінск” правядзе 25 снежня на паркеце “Мінск-Арэны” супраць лідара сезону маскоўскага ЦСКА.
Сабаленка выйграла два матчы на старце World Tennis League
Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пераможна стартавала на выставачным турніры World Tennis League у сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі. Выступаючы ў камандзе “Каршуны”, беларуска ў пары з іспанскай тэнісісткай Паўлай Бадосай абыграла расейска-амерыканскі тандэм Міра Андрэева / Сафія Кенін – 6:3, а потым у адзіночным паядынку выйграла ў Кенін з лікам 6:2. У выніку “Каршуны”, за якіх таксама выступаюць грэк Стэфанас Цыцыпас і балгарын Грыгор Дзімітраў, перамаглі “Арлоў” з лікам 27:22.
Футбольная Суперліга: за першы дзень ад уступлення адмовіліся 17 клубаў топ-5 ліг
Ужо 17 еўрапейскіх клубаў з топ-5 ліг публічна адмовіліся ад удзелу ў Еўрапейскай Суперлізе, падтрымаўшы УЕФА пасля рашэння Еўрапейскага суда, які прызнаў незаконнымі дзеянні ФІФА і УЕФА па забароне правядзення новага турніру. Заявы ў падтрымку УЕФА апублікавалі ангельскія «Манчэстэр Юнайтэд», «Тотэнхэм», «Чэлсі», «Манчэстэр Сіці», іспанскія “Севілья”, “Валенсія”, “Атлетыка”, “Рэал Сасьедад”, “Вільярэал”, італьянскія “Інтэр”, “Аталанта”, і “Рома”, нямецкія «Баварыя», «Барусія» Дортмунд і «Баер» і французскія “ПСЖ” і “Манака”. Акрамя таго, Суперлігу ў той ці іншай ступені не падтрымала ні адна з топ-5 ліг Еўропы. Нагадаем, першапачаткова праект стварэння Суперлігі падтрымалі 12 еўрапейскіх топ-клубаў. «Манчэстэр Юнайтэд» уваходзіў у іх лік. На дадзены момант у спісе ўдзельнікаў Суперлігі знаходзяцца толькі “Барселона” і “Рэал”. Іспанскія каманды пры гэтым не могуць быць выключаны з Лігі чэмпіёнаў, еўрапейскіх турніраў або спаборніцтваў ФІФА. У Суперлізе будуць прымаць удзел 64 клубы, якія будуць падзелены на тры лігі. Ва ўсіх лігах спаборніцтвы будуць праходзіць у дзве стадыі – гэта “этап ліг” і “этап плэй-оф”. Папярэдне старт новага турніру запланаваны на 2025 год.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: by.tribuna.com






