BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Гомеля” выбілі “Нёман” з барацьбы

У плэй-оф беларускай экстралігі вызначыўся трэці ўдзельнік паўфіналаў – ім стаў хакейны клуб “Гомель”. Па выніках рэгулярнага чэмпіянату “рысі” занялі пятае месца ў турнірнай табліцы – іх супернікам па першым раўндзе плэй-оф стаў “Нёман”, які фінішаваў чацвёртым. Два стартавыя матчы супрацьстаяння былі згуляныя ў Гародні, там каманды абмяняліся перамогамі. Далей каманды пераехалі ў Гомель, дзе абодва разы поспех святкавалі гаспадары лёду. На хатняй арэне “Нёман” працягнуў сезон яшчэ на адну гульню. Шосты паядынак адбыўся ў гомельскім лядовым палацы. Лік у матчы быў адкрыты на 18-й хвіліне намаганнямі Германа Несцерава. У пачатку другога перыяду перавагу “рысяў” падвоіў Дзмітрый Калышкін, у адзіночку абышоўшы ўсіх абаронцаў. Бліжэй да канца перыяду гамяльчане атрымалі права на пяціхвілінную большасць, якую рэалізаваў Міхаіл Кавалёў – 3:0. У заключным адрэзку Герман Паддубны закінуў адзіную шайбу “Нёмана”, якая ўжо нічога не вырашала. У выніку 3:1 у матчы і 4:2 у серыі, далей крочыць “Гомель”. Гэты выхад у паўфінал стаў для клуба першым за тры гады. Наступны супернік падначаленых Сяргея Стася залежыць ад зыходу супрацьстаяння “Віцебск” – “Брэст”. Калі пераможцамі з яго выйдуць паўночнікі, то супернічаць з “Гомелем” будуць менавіта яны. У выпадку трыумфу берасцейцаў “рысі” трапяць на жлобінскі “Металург”.

Лідары баскетбольнага чэмпіянату Беларусі здабылі чарговыя перамогі

Лідары мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе святкавалі чарговыя перамогі. Баскетбалісты “Гродна-93” сваю 17-ю вікторыю запар здабылі ў гасцях у сталічнага клуба “Імпульс-БДУІР”, выйграўшы 84:51. Яшчэ адзін фаварыт турніру магілёўскі “Барысфен” абыграў у Віцебску мясцовы “Рубон” з лікам 95:81. Становішча ў лідаруючай групе зараз такое: “Гродна-93” – 51 ачко, “Барысфен” – 50, “Імпульс-БДУІР” – 39, “Рубон” – 37.

Амерыканка Сцірнс стала суперніцай Азаранкі на турніры WTA у Маямі

Амерыканская тэнісістка Пейтан Сцірнс стала суперніцай беларускі Вікторыі Азаранкі ў другім раўндзе турніру WTA-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў. У паядынку 1/64 фіналу амерыканка абыграла ў дзвюх партыях кітаянку Ван Яфань – 6:2, 6:3. Вікторыя Азаранка тройчы выйгравала гэтыя спаборніцтвы.

Левандоўскі можа перайсці ў «Атлетыка»

Форвард «Барселоны» Роберт Левандоўскі ўлетку можа перайсці ў «Атлетыка», паведамляе Barça Universal са спасылкай на твіч журналіста Рубена Урыі. Каталонскі клуб імкнецца спыніць супрацоўніцтва з 35-гадовым палякам у канцы сезона, таму што ўлетку чакаецца маштабнае абнаўленне складу каманды. Нападнік з’яўляецца адным з самых высокааплатных гульцоў «Барсы». Паколькі ён не змог паўтарыць вынікі мінулага сезона і часта адчуваў праблемы са стабільнасцю, «Барселона» разглядае яго патэнцыйны продаж. За сітуацыяй уважліва сочыць «Атлетыка» і, магчыма, гатовы зрабіць крок па падпісанні футбаліста. Кантракт Левандоўскага з «Барселонай» разлічаны да лета 2026 года. Трансфер можа адбыцца, калі Левандоўскі захоча перайсці ў мадрыдскі клуб. Падобна, што ён шчаслівы ў «Барселоне». Калі ён задумаецца над сыходам, то, магчыма, упадабае Еўропу, а Саудаўская Аравія ці МЛС паўстануць як цікавыя альтэрнатывы. Апошнія некалькі гадоў «Атлетыка» падпісваў з «Барселоны» Луіса Суарэса, Антуана Грызмана і Мэмфіса Дэпая.

Беларускае Радыё Рацыя