Паядынак на сталічнай “Чыжоўка-Арэне” завяршыў гульнявую праграму чацвярга ў сезоне беларускай хакейнай экстралігі. У сталіцы сустрэліся каманды з верхняй шасцёркі турнірнай табліцы – “Юнацтва” і “Металург”, якія падыходзілі да вочнага матчу з працяглымі пераможнымі серыямі. Сустрэча перайшла ў авертайм, які мацнейшага таксама не выявіў, а ў серыі пасляматчавых кідкоў больш дакладнымі апынуліся хакеісты сталічнага клуба. У выніку 4:3, “Юнацтва” выйграе восьмы матч запар і выходзіць на адзінасобнае трэцяе месца ў табліцы. “Металург” жа перапыніў серыю з чатырох вікторый. Раней у першы дзень лютага “Дынама-Маладзечна” на сваім лёдзе нечакана перайграла “Гомель” з лікам 4:1, а “Шахцёр” разграміў “Магілёў” – 6:1. Форвард “Шахцёра” Міхаіл Шалагін пабіў рэкорд экстралігі па колькасці шайбаў за сезон. 24-гадовы расеец закінуў 41-ю шайбу у цяперашняй рэгулярцы. За ўсю гісторыю чэмпіянатаў Беларусі па хакеі больш за рэгулярны чэмпіянат не закідваў ніхто, папярэдняе дасягненне трымалася з розыгрышу-2010/11, калі форвард “Юнацтва” Андрэй Сцяпанаў дабраўся да адзнакі 40 закінутых шайбаў.

Суперкубак Беларусі афіцыйна перанесены на 2 сакавіка
У Доме футбола прайшло пасяджэнне выканкама АБФФ, на якім зацвердзілі дату правядзення матча за Суперкубак Беларусі. Паядынак адбудзецца ў Салігорску на стадыёне «Шахцёр» 2 сакавіка. Першапачаткова ён быў запланаваны на 25 лютага – у дзень «выбараў» у «парламент» Лукашэнкі. Акрамя таго, сустрэча мусіла адбыцца ў сталіцы.
Экс-абаронца берасцейскага «Дынама» і экс-гулец «Нёмана» перайшлі ў ліванскі клуб
Экс-абаронца берасцейскага «Дынама» Арцём Літвякоў, а таксама былы гулец «Нёмана» Гіоргі Кантарыя перайшлі ў «Нэджмех» з чэмпіянату Лівана. У мінулым сезоне 27-гадовы Літвякоў правёў за «Дынама» 25 матчаў ва ўсіх турнірах. Апошнім клубам Кантарыі з’яўляецца грузінскі «Тэлаві». У Беларусі футбаліст выступаў за гарадзенскі «Нёман», у складзе якога правёў 109 матчаў у вышэйшай лізе. «Нэджмех» займае першае месца ў чэмпіянаце Лівана.
Мадрыдскі “Рэал” дзякуючы дублю Хасэлу абыграў “Хетафе” і ўзначаліў Ла Лігу.
У перанесеным матчы 20-га тура іспанскай Прымеры «Хетафе» прайграў мадрыдскаму «Рэалу» 0:2. На 14-й хвіліне Хасэлу галавой расстраляў браму гаспадароў. На 56-й хвіліне Хасэлу аформіў дубль. Мадрыдскі “Рэал” выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы набраўшы 57 ачкоў.
«Аль-Наср» без Раналду забіў 6 галоў «Інтэр» Маямі Месi
«Аль-Наср» разграміў «Інтэр» Маямі ў таварыскім матчы – 6:0. Ліянэль Месі выйшаў на поле толькі на 83-й хвіліне. Луіс Суарэс адыграў 70 хвілін, Жордзі Альба – 69. Форвард саудаўскай каманды Крышцiяну Раналду прапусціў кантрольную гульню з-за траўмы. Былы гулец «Манчэстэр Сіці» Эмерык Лапорт на 12-й хвіліне сустрэчы забіў прамым ударам са штрафнога са сваёй паловы поля, зрабіўшы лік 3:0.
Хэмілтан пяройдзе ў «Ферары»
«Мэрсэдэс» афіцыйна абвясціў, што Льюіс Хэмілтан пакіне каманду ў канцы сезона. Льюіс актываваў опцыю ў кантракце, якая дазваляе яму датэрмінова пакінуць клуб. Таксама ў «Ферары» абвясцілі, што Хэмілтан далучыцца да каманды ў 2025 годзе. Ён мусіць падпісаць шматгадовы кантракт. Люіс выступаў за «Мэрсэдэс» з 2013 года, ён зраўняўся з Міхаэлем Шумахерам па колькасці тытулаў у Формуле-1 – па 7, апошняе чэмпіёнства брытанец святкаваў у сезоне-2020.
Беларускае Радыё Рацыя






