BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Юнацтва” разграмілі “Шахцёр”

Пасля тыднёвай паўзы на міжнародныя матчы аднавіўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным матчы вечара лідэр сезона “Шахцёр” прымаў трэцюю каманду турніру “Юнацтва”. Перапынак у чэмпіянаце відавочна не пайшоў падначаленым Яраслава Чупрыса на карысць – за 60 хвілін гульні салігарчане так і не здолелі нанесці ніводнага дакладнага кідка і прайгралі з лікам 0:4 – гэтая перамога стала для сталічнага клуба дзесятай запар. “Шахцёр” жа пацярпеў самую буйную няўдачу ў сёлетнім сезоне. Найбольш нечаканы вынік панядзелка быў зафіксаваны ў Маладзечне, дзе мясцовая каманда перамагла гарадзенскі “Нёман” 6:2. “Брэст” абыграў “Ліду” 2:1. За пяць тураў да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату берасцейцы адстаюць ад “Металурга”, які ідзе шостым, на тры ачкі.

“Карона” Шыкаўкі перамагла “Лодзь”

У матчы 20-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе “Карона” на сваім полі абыграла “Лодзь” з лікам 2:1. Беларускі нападнік гаспадароў Яўген Шыкаўка выйшаў на замену на 58-й хвіліне. “Карона” з 21 ачком займае 15-е месца ў турнірнай табліцы, “Лодзь” з 10 баламі ідзе апошняй, 18-й.

Шымановіч стаў шостым на стометроўцы брасам на Чэмпіянаце свету

У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. Вячэрнюю праграму панядзелка адкрываў фінал на дыстанцыі 100 м брасам, удзел у якім прымаў Ілля Шымановіч. Заваяваць медаль беларус не здолеў, фінішаваўшы шостым, але прыемная нагода ўсё роўна знайшлася: вынік мінчаніна ў 59,35 секунды на 14 сотых секунды перавысіў алімпійскі нарматыў. Такім чынам, Шымановіч стаў трэцім беларускім плыўцом, які здолеў заваяваць ліцэнзію на Гульні ў Парыж.

Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Досе

31-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка прабілася ў другі раунд турніру катэгорыі WTA-1000 у горадзе Доха з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У 1/32 фіналу беларуска адолела ў трохсэтавым паядынку польскую тэнісістку 52-ю ў сусветным рэйтынгу Магдалену Фрэш – 6:3, 3:6, 6:3. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 35 хвілін.

Маскевіч будзе змагацца за бронзу чэмпіянату Еўропы па барацьбе

У сталіцы Румыніі Бухарэсце стартаваў чэмпіянат Еўропы па барацьбе, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. Першымі ў барацьбу ўступілі прадстаўнікі грэка-рымскага стылю, якія вызначылі фіналістаў у пяці вагавых катэгорыях. Далей за ўсіх з беларусаў па турнірнай сетцы прабраўся Кірыл Маскевіч, які выступае ў вазе да 87 кг. У першым раундзе наш спартсмен перамог Геворга Тадэвасяна з Арменіі, а ў 1/4 фіналу адолеў нідэрландца Марсэля Стэркенбурга. Паўфінал супраць турка Алі Чэнгіза склаўся для Маскевіча няўдала, сёння ўвечары Кірыла чакае паядынак за трэцяе месца з пераможцам пары Ёан Дзімітраў (Балгарыя) – Алекс Кесідзіс (Швецыя). Таксама шанец на медаль захоўвае наш Дзмітрый Зарубскі (вагавая катэгорыя да 130 кг). Зарубскі трапіў у суцяшальны турнір за бронзу, паядынкі якога пройдуць сёння раніцай.

Беларускае Радыё Рацыя