У віцебскім Лядовым палацы спорту вызначыўся ўладальнік Кубка Беларусі па хакеі, які носіць імя Руслана Салея. Другі па значнасці трафей у беларускім хакеі разыгрывалі сталічнае “Юнацтва” і салігорскі “Шахцёр”. Спачатку фанатаў “Юнацтва” парадаваў Павел Воранаў, але неўзабаве форвард “гарнякоў” Раман Крыкуненка зраўняў лічбы, а следам яго аднаклубнік Філіп Талузакаў вывеў “Шахцёр” наперад – 2:1. У сярэдзіне другога перыяду вызначыўся нападнік мінчан Аляксандр Кулагін, а ў заключным гульнявым адрэзку салігорцам закінулі Раман Дастанка і Герман Пірагоўскі. За дзве хвіліны да фінальнай сірэны Дзяніс Яркін скараціў адставанне “Шахцёра”, але выратавацца “гарнякі” не паспелі – 4:3 на карысць “Юнацтва”. Такім чынам, сталічны клуб прайшоў розыгрыш Кубка Салея без адзінай паразы. Трэцяе месца ў розыгрышы гэтага года занялі хакеісты “Хіміка”, у матчы за бронзу навапалачане абыгралі “Віцебск” 4:2.
“Вітэн” чацвёрты раз выйграў Суперкубак Беларусі па міні-футболе
Аршанскі “Вітэн” чацвёрты раз стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі па міні-футболе. На арэне спарткомплексу “Алімпійскі” ў Магілёве ў паядынку за першы трафей сезону ўладальнікі Кубка Беларусі абыгралі дзейных чэмпіёнаў краіны спартоўцаў “Сталіцы” 7:4. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Сяргей Сініцкі. У актыве “Вітэна” сталі чатыры Суперкубкі, тры трафеі ў “Сталіцы”, па два – у “Лідсельмаша” і гомельскага ВРЗ, па адным – у менскіх клубаў “Дарожнік” і МАПІД. На гэтым тыдні стартуе 36-ы чэмпіянат Беларусі па міні-футболе, у якім прымуць удзел 12 каманд.
Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла немцаў у Еўралізе
Зборная Беларусі па пляжным футболе перамогай завяршыла выступы ў кваліфікацыі Еўралігі па пляжным футболе ў партугальскім Назарэ. У заключным паядынку беларускія падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада святкавалі валявую вікторыю над камандай Германіі з лікам 5:4. У складзе беларускай каманды двойчы вызначыўся Ягор Гардзецкі, па адным мячы забілі Уладзімір Усціновіч, Іван Канстанцінаў і Юрый Пятроўскі. У першым туры беларусы ўшчэнт прайгралі іспанцам – 0:7, а затым ва ўпартай барацьбе саступілі гаспадарам турніру партугальцам – 5:6. У апошнім матчы іспанцы і партугальцы вызначаць пераможцу.
“Днепр” перапыніў пяціматчавую серыю паражэнняў у чэмпіянаце Беларусі, згуляўшы ўнічыю з БАТЭ
Футбалісты магілёўскага “Дняпра” спынілі зацяжную серыю паразаў у матчах чэмпіянату Беларусі. Пасля пяці фіяска запар магіляўчане на хатняй арэне згулялі ўнічыю з барысаўскім БАТЭ – 1:1. Абодва мячы былі забітыя ў першай палове гульні: на 21-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца гаспадароў поля Юрый Клачкоў, а перад самым перапынкам расійскі нападнік барысаўчан Тэмур Джыкія параўняў лік. Футбалісты БАТЭ не выйграюць ужо сем тураў запар.
“Ягелонія” спыніла серыю паразаў
У заключным матчы 7-га тура Экстракласы PKO беластоцкая «Ягелонія» перамагла на хатняй арэне «Відзэў Лодзь» з лікам 1:0. Ужо на другой хвіліне матчу серыя памылак у абароне футбалістаў “Відзэва” прывяла да сітуацыі, у якой Мікі Вільяр пераправіў мяч у штрафную на Афіміку Пулулу, а нападнік з Анголы без праблем перайграў Рафала Гікевіча. Чэмпіёны Польшчы перапынілі шасціматчавую бязвыйгрышную серыю. Пасля 6 згуляных матчаў у “Ягелоніі” 12 ачкоў і 6-е месца ў турнірнай табліцы. “Ягелонія” мае яшчэ гульню ў запасе, а наступную сустрэчу правядзе 14 верасня на выездзе ў Пазнані” з лідарам турніру “Лехам”.
Беларускае Радыё Рацыя