Хакеісты менскага “Дынама” няўдала пачалі заключную хатнюю серыю года ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага прымалі гасцей з Усходняй канферэнцыі – “Аўтамабіліст” з Екацярынбурга. Лік быў адкрыты ў другім перыядзе дзякуючы рыкашэту ад абаронцы “Дынама”, а ўсяго праз 20 секунд госці закінулі зноў. Далей здарыўся і трэці гол гасцей, але, на радасць гледачоў, шайба была адменена з прычыны гульні высока паднятай клюшкай. Мінчане да перапынку здолелі скараціць адставанне: дакладны кідок у падзенні пасля перадачы Сэма Энаса нанёс Вадзім Мароз – 1:2. У дэбюце заключнай трэці екацярынбуржцы зноў адарваліся на два галы – другі раз за вечар шайба ўляцела ў брамку “зуброў” ад свайго ж гульца. Праз дзесяць хвілін капітан “Дынама” Андрэй Стась, здавалася б, адыграў адну шайбу, але пасля чарговага відэасеанса суддзі зафіксавалі парушэнне правіл – удар нагой – і гол залічаны не быў. Рэалізаваць шанцы ў астатні час гаспадары не змаглі, замест гэтага прапусціўшы ў пустую брамку: хет-трык аформіў Андрэй Абідзін. У выніку 4:1 на карысць “Аўтамабіліста”, месяц таму ў Екацярынбурзе перамогу з такім жа лікам святкавалі “зубры”. Заключны хатні паядынак года “Дынама” правядзе заўтра супраць маскоўскага “Спартака”.
“Віцебск” буйна прайграў “Юнацтву” і пазбавіўся лідарства ў беларускай экстралізе
У аўторак трыма матчамі ў Менску, Оршы і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны на сталічнай “Чыжоўка-Арэне”, дзе “Юнацтва” прымала “Віцебск”, які ўзначальваў турнірную табліцу. У гасцей усё не заладзілася з самага пачатку: ужо на 15-й секундзе сустрэчы Ілля Паранін вывеў мінчан наперад. На перапынак каманды ў выніку пайшлі пры ліку 3:0, яшчэ па шайбе за гаспадароў паклалі Андрэй Рашанцаў і Станіслаў Кучкін. У пачатку другога перыяду Уладзіслаў Шыла засмуціў “мядзведзяў” зноў – і на гэтым “чырвона-сінія” спыніліся. У “Віцебску” заставалася дастаткова часу на выпраўленне сітуацыі, але паўночнікі, якія не прызвычаіліся да такога развіцця падзей, не здолелі правесці нават гол прэстыжу. У выніку 0:4 – самы буйны правал падначаленых Юпатава ў гэтым сезоне. Асечкай віцябчан скарысталіся галоўныя канкурэнты з “Шахцёра”. “Гарнякі”, якія гасцілі ў Наваполацку, асаблівых праблем з “Хімікам” не адчулі – 5:2. Дзякуючы гэтаму “Шахцёр” вярнуў сабе лідэрства ў экстралізе, зараз у каманды Чупрыса 60 ачкоў, а ў “Віцебску” на бал менш. Паралельна ў Оршы “Гомель” у асноўны час матчу згуляў 1:1 з “Лакаматываі”. І толькі ў авертайме перамогу “рысям” прынёс Павел Мядзведзеў, які аформіў дубль.
«Манчэстэр Юнайтэд» дамогся валявой перамогі над «Астан Вілай», саступаючы ў ліку 0:2
У матчы 19-га тура англійскай Прэм’ер-лігі сустракаліся “Манчэстэр Юнайтэд” і “Астан Віла”. Госці адкрылі лік на 21-й хвіліне са стандартнага становішча, на 26-й хвіліне падвоілі вынік пасля падачы кутавога. “МЮ” у другім тайме дзякуючы дублю Алехандра Гарнача зраўняў лік, а на 82-й хвіліне Расмус Хойлунд прынёс перамогу “чырвоным д’яблам”. Пасля 19 згуляных матчаў АПЛ “Манчэстэр Юнайтэд” размяшчаецца на шостым месцы з 31 ачком. “Астан Віла” знаходзіцца на трэцім радку з 39 ачкамі. Таксама “Ліверпуль” на выездзе абыграў “Бёрнлі” — 2:0. Мячы забілі Дарвін Нуньес і Дыягу Жота. “Чырвоныя” з 42 ачкамі ўзначалілі табліцу, апярэдзіўшы “Арсенал”, які мае гульню ў запасе, на два балы.
Арына Сабаленка ў трох сетах адолела Онс Жабер у выставачным матчы ў Эр-Рыядзе
Другая ракетка свету Арына Сабаленка ўзяла верх над шостай ракеткай свету з Туніса Онс Жабер на турніры Tennis Cup у Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) — 4:6, 6:3, 6:2. Беларуска зрабіла адну падачу навылёт і дапусціла дзве падвойныя памылкі. У Жабер чатыры эйсы і дзве падвойныя памылкі. У афіцыйных сустрэчах Сабаленка і Жабер сыходзіліся шэсць разоў – на рахунку беларускай тэнісісткі чатыры перамогі.
Беларускае Радыё Рацыя