BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі “Северсталі” ў гасцевым матчы КХЛ

Чарапавецкая “Северсталь” прайграючы з лікам 0:2 у выніку перамагла 4:2 менскае “Дынама” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) і гарантавала сабе ўдзел у плэй-оф. Сустрэча прайшла ў Чарапаўцы ў прысутнасці 4525 гледачоў. Закінутымі шайбамі ў складзе “дынамаўцаў” адзначыліся Сэм Энас і Нік Мёрклі. Гэта другая выязная параза «зуброў» запар. “Дынама” пасля 58 гульняў з 57 ачкамі займае восьмае месца на “Захадзе”. “Северсталь” пасля 57 гульняў з 65 баламі ідзе сёмай, адарваўшыся ад “дынамаўцаў” на восем ачкоў. Далей падначаленых Квартальнава чакае трохматчавая хатняя серыя – “зубры” прымуць на “Менск-Арэне” “Адмірал” 4 лютага, зноў “Северсталь” (6 лютага) і ЦСКА (8 лютага).

«Нёман» разгарамiў «Хімік»

Гарадзенскі “Нёман” на хатнім лёдзе абыграў “Хімік” з лікам 6:1 у чарговым матчы чэмпіяната Беларусі па хакею. Гаспадары магутна правялі стартавы перыяд і адправілі тры шайбы ў брамку «нафтавікоў» – дубль аформіў Герман Паддубны, яшчэ адзін гол у актыве Арцёма Ляўшы. Адзначым, што на 6-й хвіліне спрэчнае выдаленне атрымаў Міхаіл Канькоў і “Нёман” двойчы рэалізаваў лішняга. Гэты поспех дазволіў “Нёману” падняцца на трэцяе месца ў чэмпіянаце, праўда, столькі ж ачкоў у менскага “Юнацтва”. На поўдні краіны “Брэст”, які змагаецца за месца ў плэй-оф, спыніў “Віцебск”, які ідзе другім – 3:1. Паралельна ў бітве каманд з ніжняга квартэта экстралігі “Ліда” разабралася з “Лакаматывам” 5:2, дзякуючы чаму дагнала аршанцаў у турнірнай табліцы, у абодвух клубаў па 38 ачкоў і дзевятае – дзясятае месцы.

Гульцы НХЛ выступяць на Алімпійскіх гульнях 2026 і 2030 гадоў

Нацыянальная хакейная ліга аб’явіла аб удзеле гульцоў НХЛ на двух бліжэйшых Алімпіядах. Нацыянальная хакейная ліга, Асацыяцыя гульцоў НХЛ і Міжнародная федэрацыя хакея вызначылі прынцыпы ўдзелу хакеістаў на алімпійскім турніры, дэталі якіх будуць канчаткова ўзгоднены ў бліжэйшыя месяцы”, – заявіў камісіянер НХЛ Гэры Бэтмэн. Зімовая Алімпіяда-2026 адбудзецца ў Італіі, сталіца Гульняў 2030 года будзе вызначана МАК пазней. Гульцы НХЛ прымалі ўдзел ва ўсіх алімпійскіх турнірах з 1998 па 2014 гады, але ў 2018 і 2022 гадах ліга адмаўлялася ад выступаў.

Ганна Бысік працягне кар’еру ў Партугаліі

18-гадовая паўабаронца зборнай Беларусі Ганна Бысік падпісала кантракт з клубам вышэйшага партугальскага дывізіёна “Альбергарыя”. Раней футбалістка расталася з «Менскам». “Альбергарыя” па выніках 12 тураў з 9 ачкамі ў актыве займае 10-е месца ў турнірнай табліцы. Дэбют Бысік можа адбыцца ўжо 4 лютага, калі яе новы клуб згуляе ў гасцях супраць «Дамаенсэ», якая займае 7-мы радок. Усяго ў чэмпіянаце ўдзельнічаюць 12 каманд. Элітны дывізіён па выніках сезона пакінуць тры горшыя калектывы.

Нігерыя і Конга прабіліся ў паўфінал Кубка Афрыкі

У матчы 1/4 фіналу Кубка афрыканскіх нацый па футболе зборная Нігерыі абыграла каманду Анголы з лікам 1:0. Адзіны гол у паядынку забіў нападнік “Аталанты” Адэмола Лукман. Зборная Конга не пакінула шанцаў камандзе Гвінеі 3:1 і таксама выйшла ў паўфінал.

Беларусы пазмагаюцца за алімпійскія ліцэнзіі на чэмпіянаце свету па водных відах спорту

У сталіцы Катара горадзе Доха стартаваў XXI чэмпіянат свету па водных відах спорту, на якім спаборнічаюць спартоўцы ў шасці відах спорту: сінхроннае плаванне, скачкі ў ваду, воднае пола, плаванне ў адкрытай вадзе, дайвінг і плаванне. Сярод суіскальнікаў узнагарод і алімпійскіх ліцэнзій – беларусы Анастасія Шкурдай, Ілля Шымановіч, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Усе яны выступяць у нейтральным статусе.

Беларускае Радыё Рацыя