BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі “Спартаку” ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” з паразы пачалі заключную ў адыходным годзе выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У пятніцу падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага гасцявалі ў Маскве, дзе “зуброў” прымаў адзін з лідэраў Заходняй канферэнцыі “Спартак”. Менчане выйшлі наперад на 13-й хвіліне сустрэчы: вызначыўся капітан клуба Андрэй Стась, які адкрыў лік і ў папярэднім матчы “Дынама” супраць “Віцязя”. Аднак яшчэ да адыходу на першы перапынак “чырвона-белыя” аднавілі парытэт, а на пачатку наступнага перыяда нават забяспечылі сабе лідэрства – 2:1. Адказаць “зубры” змаглі ў дэбюце заключнага перыяду: большасць рэалізаваў лепшы бамбардзір клуба Сэм Энас. Нажаль, роўныя лічбы пратрымаліся на табло ўсяго дзве хвіліны – галкіпера гасцей Аляксея Коласава засмуціў лідар “Спартака” Мікалай Галдобін. Адыграцца зноў дынамаўцы не змаглі, замест гэтага прапусціўшы ў пустую брамку ў канцоўцы гульні. Фінальная сірэна зафіксавала лік 4:2 на карысць масквічоў. Такім чынам, “Дынама” перапыніла серыю з трох перамог, а “Спартак”, у сваю чаргу святкаваў чацвёртую вікторыю запар.

“Прыбужжа” і “Мінчанка” выйшлі ў фінал жаночага Кубка Беларусі па валейболе

У сталічным Палацы спорту “Уручча” прайшлі паўфінальныя матчы Кубка Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд. Фіналісткамі турніру сталі дзеючыя чэмпіёнкі краіны з “Мінчанкі” і валейбалісткі берасцейскага “Прыбужжа”. У першым паўфінале берасцейкі разабраліся з фарм-клубам сталічнага калектыву “Мінчанкай-2” – 3:0, а следам асноўны склад “Мінчанкі”, які выступае ў расійскай Суперлізе, з такім жа лікам 3:0 перамог лідэра сёлетняга чэмпіянату Беларусі “Камунальнік-ГрДУ” з Гародні.

На Белшыну накладзена забарона на ажыццяўленне трансфераў

У Доме футбола адбылося пасяджэнне Камітэта АБФФ па статусе і пераходах футбалістаў. Па выніках спрэчкі паміж Чачэрскай ДзЮСШ і «Белшынай» камітэт наклаў на бабруйскі клуб забарону на ажыццяўленне трансфераў да моманту выплаты кампенсацыі за падрыхтоўку футбалістаў Мікіты Казлова і Уладзіслава Балотнікава ў поўным аб’ёме. Гэтыя гульцы навучаліся ў Чачэрскай ДзЮСШ. Таксама камітэт даў «Белшыне» тэрмін да 21 студзеня для пагашэння запазычанасцяў перад трэнерам Альбертам Рыбаком у поўным абʼёме.

“Манчэстэр Сіці” першы раз выйграў клубны чэмпіянат свету

“Манчэстэр Сіці” ўпершыню стаў пераможцам клубнага чэмпіянату свету, які завяршыўся ў Саудаўскай Аравіі. У вырашальным паядынку ў Джыдзе пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў абыграў уладальніка паўднёваамерыканскага Кубка Лібертадорэс бразільскі “Флумінэнсэ” з Рыа-дэ-Жанэйра з лікам 4:0. Ужо на 1-й хвіліне сустрэчы аргенцінскі нападнік “Манчэстэр Сіці” Хуліян Альварэс забіў першы гол. Падначаленыя Хасэпа Гвардыёлы працягвалі дамінаваць, і ў сярэдзіне першага тайма пасля чарговага нападу англійскага клуба абаронца бразільцаў Ніно зрэзаў мяч у сваю браму. Пасля перапынку Філ Фодэн забіў трэці мяч, а ў самым канцы сустрэчы Хуліян Альварэс паставіў апошнюю кропку, аформіўшы дубль. Хасэп Гвардыёла стаў першым трэнерам, які выйграў гэты турнір з трыма рознымі камандамі – раней ён перамагаў разам з “Барселонай” і “Баварыяй”. Больш за ўсіх трыўмфатарам клубнага ЧС станавіўся мадрыдскі “Рэал”, у якога пяць перамог.

Беларускае Радыё Рацыя