Менскія «зубры» працягваюць пераможную серыю – у матчы супраць маскоўскага «Спартака» Сэм Энас аформіў дубль, а «Дынама» перамагло 2:1.

Гэта ўжо пятая перамога запар для менчукоў, што стала іх найлепшым адрэзкам у сезоне. Дзякуючы гэтаму выніку клуб выйшаў у плэй-оф Кубка Гагарына. Наступны супернік – санкт-пецярбургскі СКА, матч адбудзецца 2 сакавіка.
Беларускія футбалісты працягваюць барацьбу ў Кубку Польшчы
Кубак па футболе ў Польшчы дасягнуў стадыі чвэрцьфінала, і беларусы працягваюць змагацца за тытул. Герман Баркоўскі адзначыўся дэбютным голам за «Пушчу» ў матчы супраць «Палоніі» і дапамог сваёй камандзе выйграць 2:1 у дадатковы час. Таксама напярэдадні згуляў Ілля Шкурын – нападнік «Легіі» выйшаў у стартавым складзе і дапамог сваёй камандзе перамагчы беластоцкую «Ягелонію» 3:1.
Цібо Куртуа вяртаецца ў зборную Бельгіі
Новы галоўны трэнер бельгійскай зборнай Рудзі Гарсія пацвердзіў, што Цібо Куртуа ізноў будзе гуляць за нацыянальную каманду. Брамнік «Рэала» не выступаў за зборную з 2023 года праз канфлікт з Даменіка Тэдэска, але цяпер гатовы вярнуцца.
Арцём Кулак трапіў у сімвалічную зборную SEHA-лігі
Беларускі гандбаліст Арцём Кулак, які выступае за піцерскі «Зеніт», увайшоў у сімвалічную зборную групавога этапу SEHA-лігі. Чвэрцьфінальныя матчы стартуюць у першыя дні вясны, а ў беларускай пары «Мяшкоў Брэст» сустрэнецца са СКА.
Беларускія пяціборкі выйшлі ў фінал Кубка свету ў Каіры
Тры беларускія спартоўкі прабіліся ў фінал першага этапу Кубка свету па сучасным пяцібор’і, які праходзіць у Егіпце. Марыя Гнедчык, Анастасія Малашэнка і Віялета Гурэева ўвайшлі ў дзявятку наймацнейшых у сваіх групах і атрымаюць шанец пазмагацца за медалі ў суботу. Сёння на старт выйдуць мужчыны – Беларусь прадстаўляюць Яўген Арол, Уладзіслаў Бярозавік, Максім Марук і Уладзіслаў Мелказёраў.
Храмянкоў заваяваў бронзу на міжнародным турніры
Дзяніс Храмянкоў стаў прызёрам прэстыжнага міжнароднага турніру па барацьбе ў Албаніі. Беларус прайграў у стартавым паядынку, але выйшаў у суцяшальны раўнд, а ў матчы за бронзу перамог суперніка з Турцыі з лікам 8:6. У спаборніцтвах таксама ўдзельнічалі іншыя беларусы, але яны не змаглі дабрацца да фінальных стадый.
Беларускае Радыё Рацыя






