BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты менскага “Дынама” у гасцях разграмілі “Барыс” — 5:1

У матчы чэмпіянату КХЛ у Астане хакеісты “Дынама-Менск” выйгралі ў мясцовага “Барыса” з разгромным лікам — 5:1. Хет-трыкам у “зуброў” адзначыўся Вадзім Мароз. Яшчэ дзве шайбы гаспадарам закінулі Дзілон Дзюбэ і Данііл Сацішвілі. Дынамаўскі галкіпер Андрэй Карэеў траўмаваўся, праз што “Барысу” ў пэўны момант удалося зраўняць лік. Аднак гэтую шайбу скасавалі, бо было становішча па-за гульнёй. Заключны матч выязной серыі “зубры” правядуць заўтра супраць маскоўскага “Дынама”.

“Металург” адыграў адставанне ў тры шайбы і перамог “Авіятар”

Хакеісты жлобінскага “Металурга” ў звышвалявым стылі выйгралі выязны матч рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі.
Дзеючыя чэмпіёны краіны гасцявалі ў Баранавічах у “Авіятара”, які праводзіў першы матч на родным лёдзе ў эліце айчыннага хакея. У стартавым перыядзе каманды абмяняліся закінутымі шайбамі, але другі перыяд прайшоў ужо пад дыктоўку “лётчыкаў”, якія забяспечылі сабе адрыў у тры галы – 4:1. Аднак у трэцяй 20-хвілінцы жлабінчане нівеліравалі гэтае адставанне, аўтарам “выратавальнага” дакладнага кідка за “сталёвых ваўкоў” стаў Міхаіл Стэфановіч, які падоўжыў галявую серыю да трох гульняў. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе перамогу “Металургу” з лікам 5:4 прынёс Сяргей Касціцын.
Таксама ў пятніцу адбыўся паядынак аўтсайдэраў экстралігі – “Ліды” і “Магілёва”, абедзве каманды пачалі сезон з двух паразаў. За чатыры хвіліны да сірэны Артур Пархомчык прынёс “Лідзе” перамогу – 2:1. У нядзелю “рыцараў” і “львоў” чакае яшчэ адна сустрэча на захадзе краіны. Сёння ў беларускай хакейнай экстралізе пройдуць тры матчы, пачатак усіх гульняў у 17.00. “Брэст” прыме салігорскі “Шахцёр”, “Гомель” дома згуляе з “Віцебскам”, а на сталічнай “Чыжоўка-Арэне” сустрэнуцца прынцыповыя супернікі “Юнацтва” і гарадзенскі “Нёман”.

Футбалісты “Слуцка” і “Шахцёра” згулялі ўнічыю на чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты “Слуцка” і салігорскага “Шахцёра” згулялі ўнічыю ў стартавым паядынку 21-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Слуцку прайшла з перавагай гаспадароў поля, але яны так і не здолелі забіць – нічыя 0:0. Пасля гэтай гульні “Шахцёр” выйшаў з мінусу – зараз у яго 0 ачкоў. Па рашэнні АБФФ перад стартам сёлетняга чэмпіянату з салігорскай каманды было знята 20 ачкоў за ўдзел у дамоўных матчах.
Сёння лідар чэмпіянату гарадзенскі “Нёман” згуляе на сваім полі з “Іслаччу”, футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа”, якія ідуць другімі, сустрэнуцца на выездзе са “Смаргонню”, а ў Барысаве “Арсенал” будзе супернічаць з мазырскай “Славіяй”.

Партугальцы сталі супернікамі беларусаў у 1/2 фіналу Еўралігі па пляжным футболе

Партугальцы сталі супернікамі зборнай Беларусі ў паўфінальнай стадыі Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе, які прымае італьянскі Альгера. У чвэрцьфінальным паядынку зборная Партугаліі разграміла каманду Швейцарыі з лікам 11:4. Беларусы ў першым чвэрцьфінале павінны былі сустрэцца з эстонцамі, але тыя не выйшлі на пляцоўку, атрымаўшы тэхнічную паразу 0:3. Таксама ў паўфінал прабілася зборная Іспаніі, якая з цяжкасцю адолела палякаў – 3:2. У заключным чвэрцьфінальным паядынку дзейныя чэмпіёны кантынента італьянцы перайгралі зборную Чэхіі з лікам 5:2.

Беларускае Радыё Рацыя