Хакеісты менскага “Дынама” ў гасцях разграмілі падмаскоўны “Віцязь” — 5:1. У складзе каманды Дзмітрыя Квартальнава закінутымі шайбамі адзначыліся Аляксандр Волкаў, Віталь Пінчук, Раман Гарбуноў, Дылан Дзюбэ і Ілля Усаў. У складзе “Дынама” ўпершыню на лёд у гэтым чэмпіянаце выйшлі абаронцы Роб Хэмілтан і Павел Дзянісаў, а Арсень Каўгарэня дэбютаваў у КХЛ. Гэта быў трэці матч дынамаўцаў у новым сезоне чэмпіянату КХЛ. У першым яны абыгралі “Амур” 3:0, а пасля ў гасцях была параза ад “Спартака” 2:5. 13 верасня “Дынама” згуляе ў гасцях з казахстанскім “Барысам”.
“Мяшкоў Брэст” разграміў “Машэку”
Гандбалісты клуба “Мяшкоў Брэст” працягваюць перамагаць на старце новага сезону. Дзейныя чэмпіёны Беларусі ў хатнім паядынку другога тура 33-га нацыянальнага першынства разграмілі гандбалістаў магілёўскага клуба “Машэка” з розніцай у 25 мячоў – 43:18. Гэта першая параза магіляўчан у сёлетнім чэмпіянаце – да гэтага яны абыгралі гарадзенскі “Кронан” 22:21 і сталічны БДУФК-СКА 35:31. На мінулым тыдні берасцейцы трэці раз сталі ўладальнікамі Суперкубка, выйграўшы на сваёй арэне ў менскага СКА 34:25, а раней у стартавым матчы новага чэмпіянату перамаглі на выездзе гандбалістаў “Гомеля” – 36:20. Уладальнікі срэбра мінулага першынства сталічныя армейцы прымалі ў Менску гамяльчан і перамаглі з лікам 36:24. Яшчэ ў адным паядынку дня дэбютант элітнага дывізіёна МАГК у Маладзечне саступіў БДУФК-СКА – 35:36. Пасля двух тураў жаночага чэмпіянату па чатыры ачкі з чатырох магчымых набралі гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа”, “Гараднічанкі”, “Вікторыі-Бярэсця” і “Гомеля”.
Гандбалісты “Барселоны” і “Ольбарга” перамаглі ў першым туры Лігі чэмпіёнаў
На гандбольных арэнах Еўропы стартаваў чарговы сезон гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Дзеючыя пераможцы Лігі чэмпіёнаў гандбалісты іспанскай “Барселоны” ў першым паядынку папярэдняй групы В абыгралі ў Тронхейме нарвежскі “Кальстад” 35:30. Фіналіст папярэдняга сезона дацкі “Ольбарг” перамог на сваёй арэне французскі “Нант” 38:31. Сёння ў гэтай групе адбудуцца яшчэ дзве сустрэчы. Польскі “Кельцэ” з беларусам Арцёмам Каральком у складзе прыме харвацкі “Заграб”, у які з менскага СКА перайшоў Ігар Бяляўскі. Венгерскі “Пік” згуляе ў Сегедзе з нямецкім “Магдэбургам”. У групе А польская “Вісла”, у якой гуляе беларус Кірыл Самойла, сустрэнецца ў Лісабоне з партугальскім “Спортынгам”. У сталіцы Францыі “Пары Сэн-Жэрмэн” будзе супернічаць з паўночнамакедонскім клубам “Еўрафарм Пелістэр”. Заўтра венгерскі “Веспрэм” з беларусам Мікітам Вайлупавым у складзе сустрэнецца ў нямецкай сталіцы з “Берлінам”, а ў Бухарэсце румынскае “Дынама”, у якім выступае беларус Вячаслаў Бохан, прыме дэбютанта чэмпіёнскай Лігі дацкі клуб “Фрэдэрэсія”.
Азаранка не змагла завяршыць матч турніру WTA-500 у Гвадалахары
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла завяршыць свой стартавы матч на турніры WTA-500 у мексіканскай Гвадалахары з прызавым фондам 922 500 тысячы даляраў. У паядынку другога раўнда беларуска, якая займае зараз 19-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустракалася з расіянкай Камілай Рахімавай, у якой 89-я пазіцыя, і прайграла першую партыю 2:6. У другім сэце пры ліку 3:0 на карысць расіянкі Азаранка ўзяла медыцынскі тайм-аўт і потым не змагла працягнуць гульню.
Беларускае Радыё Рацыя