BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты менскага “Дынама” выйгралі ў ЦСКА

Хакеісты менскага “Дынама” у чарговым матчы першынства КХЛ выйгралі ў ЦСКА — 4:1. На 30-32 хвілінах гаспадары пляцоўкі закінулі адразу тры шайбы, вызначыліся Аляксандр Волкаў, дубль аформіў Данііл Сацішвілі. На 58-й хвіліне закінуў Мікіта Пышкайла.

Раней у гэтым сезоне армейцы тройчы перамагалі “бела-блакітных” (4:0, 5:3 і 2:1).

“Дынама” з 66 ачкамі ідзе восьмым у табліцы “Захаду”, адстаючы ад ЦСКА на пяць балаў.

Дынамаўцы амаль забяспечылі сабе месца ў плэй-оф КХЛ. 11 лютага менчукі зноў гуляюць з “Северсталлю”, на гэты раз у гасцях.

Сталі вядомыя супернікі футбольнай зборнай Беларусі ў Лізе нацый

Сталі вядомыя супернікі футбольнай зборнай Беларусі ў Лізе нацый. Гэта зборныя Люксембурга, Балгарыі і Паўночнай Ірландыі. Найбольш удала беларусы гулялі з Люксембургам — 6 перамог, 4 нічыі і 2 паразы. А вось Паўночнай Ірландыі прайгралі ўсе тры матчы. З балгарамі ёсць тры перамогі, але пяць паразаў. Лёсаванне групавога этапу Лігі нацый прайшло напярэдадні ў Парыжы. Беларусь трапіла ў трэцюю групу Лігі С. Першыя матчы пройдуць у верасні. Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларускі футбол трапіў пад санкцыі. У выніку зборная Беларусі праводзіць хатнія паядынкі на нейтральных палях за мяжой. Апошні раз нацыянальная зборная гуляла ў Беларусі ў лістападзе 2021 года.

Расейскі форвард Мялешын папоўніў ФК “Дынама-Мінск”

Нападнік маскоўскага “Спартака” Павел Мялешын перайшоў у ФК “Дынама-Мінск”. Ён будзе выступаць за дынамаўцаў да канца сезона на правах арэнды, інфармуе афіцыйны сайт чэмпіёнаў Беларусі. У асноўным складзе аднаго з наймацнейшых расейскіх клубаў Мялешын, якому 25 сакавіка споўніцца 20 гадоў, правёў 25 матчаў, забіўшы ў іх 4 галы. Нядаўна ў менскае “Дынама” перайшлі яшчэ некалькі футбалістаў, сярод якіх вядомы паўабаронца Дзмітрый Падстрэлаў з барысаўскага БАТЭ. Новы футбольны сезон у Беларусі афіцыйна адкрыецца 2 сакавіка ў Салігорску матчам за Суперкубак паміж чэмпіёнам краіны менскім “Дынама” і ўладальнікам Кубка жодзінскім “Тарпеда-БелАЗам”.

Зборная Беларусі па пляжным футболе абыграла ААЭ

Нацыянальная зборная Беларусі па пляжным футболе праводзіць у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах падрыхтоўку да старту ў фінальным раундзе чэмпіянату свету. Яна ўключае не толькі штодзённыя трэніроўкі ў Дубаі, але і таварыскія матчы. У першым з іх апанентам дружыны Нікаласа Альварада выступілі гаспадары мундыяля. Спарынг прайшоў у вострай барацьбе і нават запатрабаваў дадаткова часу для выяўлення пераможцаў, якімі сталі беларусы – 5:4. Галявымі ўдарамі адзначыліся Анатоль Рабко – 2, Юрый Пятроўскі, Мікіта Чайкоўскі і Алег Гапон.

У нядзелю зборная Беларусі правядзе яшчэ адзін кантрольны матч. Супернік – каманда Амана.

Беларускае Радыё Рацыя