BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Нёмана”, “Лакаматыва” і “Славуціча” перамаглі ў матчах экстралігі

Паядынкі ў Гародні, Оршы і Смаленску завяршылі праграму 24-га тура ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральным паядынкам вечара стала супрацьстаянне ў Гародні паміж “Нёманам” і “Дынама-Маладзечна”. Гаспадары ўдарна пачалі паядынак, закінуўшы тры шайбы ўжо да 12-й хвіліны, пасля чаго дазволілі суперніку адыграць шайбу незадоўга да перапынку. У астатнія два перыяды каманды адзін раз абмяняліся дакладнымі кідкамі, у выніку 4:2. Па два ачкі за гарадзенцаў набралі форварды першага звяна Яўген Аўраменка, Герман Паддубны і Вячаслаў Андрушчанка. Маладзечанцы ўпершыню ў сезоне пацярпелі дзве паразы запар, у той час як хакеісты “Нёмана” выйгралі дзевяты матч з апошніх дзесяці. Паралельна ў Оршы першую перамогу ў чэмпіянаце ледзь не святкаваў баранавіцкі “Авіятар”. Пасля двух перыядаў матча супраць “Лакаматыва” “лётчыкі” мінімальна вялі ў ліку, але ў трэцяй 20-хвілінцы гаспадары зраўнялі лічбы, а ў авертайме вікторыю “чыгуначнікам” прынёс Максім Мельнікаў. У выніку 1:2 – дваццаць чацвёртая запар няўдача для “Авіятара”. Таксама ў сераду адбыўся паядынак у Смаленску, дзе мясцовы “Славуціч” перайграў “Магілёў” з лікам 3:1.

Баскетбалісткі “Гарызонта” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі “Гарызонта” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі. У Менску падначаленыя Наталлі Трафімавай перайгралі дзяўчат з каманды “Гарызонт-2-РЦАП” 88:39. Пасля гэтай вікторыі ў актыве “Гарызонта” стала 19 ачкоў. На адзін бал адстаюць дзеючыя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі “МІНСКА”, 17 ачкоў у актыве гарадзенскай “Алімпіі”, якая напярэдадні з цяжкасцю адолела на выездзе маладзёжную дружыну БК “МІНСК” з перавагай усяго ў тры балы – 67:64.

Гатоўка не выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Партугаліі

Беларуская тэнісістка 419-ы нумар сусветнага рэйтынгу Юлія Гатоўка прайграла ў першым раундзе турніру ў партугальскім Лазадзе з прызавым фондам 25 тысяч даляраў. У матчы 1/16 фіналу беларуска саступіла ў двух сэтах швейцарскай тэнісістцы 217-й у сусветным рэйтынгу Сюзан Бандэчы – 0:6, 3:6. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал суперніцай швейцаркі будзе шведка Тыльдзе Трамквіст.

“Філадэльфія” прайграла “Караліне” без Аляксея Коласава ў брамцы

У рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Філадэльфія” Аляксея Коласава на хатняй арэне саступіла “Караліне” — 1:4. Беларускі галкіпер “флаерз” усю сустрэчу правёў у запасе. “Філадэльфія” з 18 ачкамі ў 20 гульнях займае 10-е месца ў табліцы Усходняй канферэнцыі.

Сяднёў хоча зарабляць у брэсцкім «Дынама» каля 15 тысяч долараў

Аляксандр Сяднёў можа ўзначаліць берасцейскае «Дынама». Спецыяліст ужо правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам каманды Аляксандрам Неўдахам і кіраўніком вобласці Пятром Пархомчыкам.

Аднак заключыць кантракт ці хаця б нават дасягнуць вуснай дамоўленасці перашкаджаюць фінансавыя патрабаванні. Па звестках некалькіх крыніц, Сяднёў запытаў суму на ўзроўні той, што атрымліваў у «Ардабасы». Паводле інфармацыі «Трыбуны», гэта каля 15 тысяч даляраў за месяц. Пры гэтым заўважым, што па цяперашніх рэжымных лімітах галоўны трэнер каманды чэмпіяната Беларусі не можа атрымліваць больш за 3200 даляраў да выліку падаткаў.

УЕФА прысудзіў зборнай Косава тэхнічную паразу ў матчы з румынамі за сыход з поля

Апеляцыйны камітэт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) вынес рашэнне аб прысуджэнні тэхнічнай паразы зборнай Косава ў матчы Лігі нацый супраць Румыніі з-за таго, што каманда сышла з поля ў канцы гульні пасля правакацыйных выкрыкаў у падтрымку Сербіі. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт УЕФА. Сустрэча паміж зборнымі Румыніі і Косава ў групе 2 лігі C, якая адбылася ў Бухарэсце 15 лістапада, была спынена ў дададзены час другой паловы. Заўзятары румынскага боку пачалі крычаць “Сербія, Сербія”, што выклікала пратэст гульцоў Косава, і яны пакінулі поле. Праз гадзіну пасля гэтага суддзя прыняў рашэнне завяршыць матч. УЕФА паведаміў, што зборнай Косава залічана тэхнічная параза з лікам 0:3, паколькі Футбольная федэрацыя Косава (FFK) была прызнана адказнай за матч, які не адбыўся.

Беларускае Радыё Рацыя