Гарадзенскі “Нёман” абыграў “Юнацтва” ў цэнтральным матчы пятніцы ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі. Трэцяе ў сезоне “беларускае класіка” прайшло ў гарадзенскім Лядовым палацы спорту.
Лік у матчы быў адкрыты гаспадарамі на 15-й хвіліне: Мікіта Рэмезаў вызначыўся з перадачы Вячаслава Андрушчанкі, які зарабіў выніковы бал у сямнаццатым матчы запар. Усяго на гэтым адрэзку ў дасведчанага форварда 25 (5+20) ачкоў. Незадоўга да заканчэння другога перыяду перавагу “Нёмана” падвоіў казахстанскі галеадор Мікіта Цітоў, адыграць адну з шайбаў “Юнацтва” змагло толькі ў сярэдзіне заключнай трэці намаганнямі Аляксандра Кітарава. Астатняга часу мінчанам на выратаванне не хапіла, больш за тое, у самым канцы госці прапусцілі ў пустую брамку. У выніку 3:1 на карысць гарадзенцаў. Такім чынам, “Нёман” апынуўся мацней за “Юнацтва” ўпершыню ў бягучым чэмпіянаце, два вераснёўскія матчы каманд на “Чыжоўка-Арэне” сталічны клуб выйграў з лікам 3:2 і 5:4. Падначаленыя Яўгена Летава працягнулі серыю без паразаў да адзінаццаці гульняў і выйшлі на першае месца ў турнірнай табліцы экстралігі. Самы нечаканы вынік вечара быў зафіксаваны на поўдні краіны, дзе сустракаліся суседзі па турнірнай табліцы “Брэст” і “Шахцёр”. “Зубры” разграмілі суперніка з лікам 5:0. У Наваполацку “Хімік” і “Лакаматыў” скончылі асноўны час унічыю 3:3, а ў серыі булітаў больш дакладнымі апынуліся аршанцы. Хакеісты “Віцебска” і “Гомеля” таксама дабраліся да серыі пасляматчавых кідкоў, дзе дадатковае ачко атрымалі віцябляне 2:1.
Баскетбалісты “Гродна-93” выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты “Гродна-93” узначалілі турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі. У выязным паядынку падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна з лікам 83:47 выйгралі ў сталічнага клуба “Імпульс-БДУІР”, для якога гэта 13-я параза ў 13 праведзеных сустрэчах. Гарадзенскія баскетбалісты набралі 22 ачкі і на адзін бал апярэдзілі магілёўскі “Барысфен”, у дзейных чэмпіёнаў краіны баскетбалістаў “МІНСКА” 19 заліковых балаў, віцебскі “Рубон” набраў 18 ачкоў. На жаночым турніры чэмпіёнкі Беларусі баскетбалісткі “МІНСКА” ўпэўнена перайгралі сваю маладзёжную каманду з розніцай 37 ачкоў – 75:38.
Алос афіцыйна працягнуў кантракт з футбольнай зборнай Беларусі
Карлас Алос афіцыйна працягнуў кантракт з футбольнай зборнай Беларусі, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола. Іспанскі спецыяліст застанецца галоўным трэнерам зборнай да лістапада 2026 года. Ён будзе працаваць з камандай у рамках новага розыгрышу Лігі Нацый і адборавага турніру чэмпіянату свету-2026. Алос узначаліў зборную Беларусі 7 жніўня 2023 года. Пад яго кіраўніцтвам нацыянальная зборная правяла 12 афіцыйных матчаў, святкавала тры перамогі, сем разоў згуляла ўнічыю і зазнала дзве паразы.
Ліянэль Месі вызначыўся са сваёй будучыняй у МЛС
37-гадовы легендарны аргенцінскі футбаліст Ліянэль Месі вызначыўся з будучым развіццём сваёй кар’еры. Як піша Give Me Sport, легенда працягне кантракт з «Інтэр Маямі». Цяпер у Месі пагадненне, разлічанае да канца 2025 года, аднак нападаючы падпіша новы кантракт тэрмінам яшчэ на адзін год. Саўладальнік “Інтэр Маямі” Хорхе Мас заявіў, што аптымістычна настроены ў пытанні захавання Месі ў камандзе. Таксама функцыянер спадзяецца, што Леа адкрые новы клубны стадыён у 2026 годзе. Месі выступае за «Інтэр Маямі» з лета 2023 года. Паводле інфармацыі, прадстаўленай на партале Transfermarkt, рынкавы кошт футбаліста складае 25 мільёнаў еўра. Ліянэль Месі быў прызнаны гульцом года ў МЛС.
Беларускае Радыё Рацыя