BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакейны цуд у Хернінгу!

На чэмпіянаце свету па хакеі, які арганізавалі супольна Швецыя і Данія, 22 траўня прайшлі ўсе чвэрцьфінальныя паядынкі. У альпійскім дэрбі зборная Швайцарыі не пакінула аніякіх шанцаў суседзям з Аўстрыі – 6:0. Ужо ў першым перыядзе гельветы закінулі ў брамку супернікаў тры шайбы, а потым спакойна згулялі на ўтрыманне і павелічэнне сваёй перавагі. У паралельным матчы ЗША – Фінляндыя інтрыга трымалася намнога даўжэй. Амерыканцы першымі рэалізавалі колькасную большасць, але суомі і не думалі здавацца. Яны таксама паспяхова дзеілі пры выдаленнях супернікаў і ў другім перыядзе выйшлі ўжо наперад – 2:1. Але далей ажно чатыры разы высока ўскідвалі клюшкі ўгару з радасці толькі зорна-паласатыя, прычым апошнюю шайбу Клейтан Келер закінуў ужо ў пустую брамку – выніковыя 5:2 на карысць ЗША.

У позневечаровых сустрэчах было надзвычай цікава. Гаспадары турніру – шведы – сустракаліся з дзейсным чэмпіёнам свету – дасведчанай камандай Чэхіі. Падтрымка родных трыбунаў надзвычай дапамагла камандзе «трэ крунур» – пасля першай тэрцыі скандынавы былі наперадзе ажно 3:0. У другім перыядзе ветэран чэхаў Раман Чэрвенка скараціў розніцу ў ліку, але шведы аднавілі сваю перавагу. У іх па дзве шайбы забілі Леа Карлсан і Лукас Рэйманд. У заключнай траціне каманды абмяняліся галамі – 5:2 выйграла Швецыя.

У іншым матчы зборная Канады сустрэла надзвычай арганізаваны супраціў дацкай каманды, якую зацята падтрымлівалі родныя гледачы. Сапраўдныя геройствы на брамцы тварыў і галкіпер скандынаваў Фрэдэрык Дзікаў, які адбіў за 40 хвілін 30 кідкоў. Пасля двух перыядаў табло высвечвала нязвыклыя нулі. У трэцім «клёнавыя лісты» урэшце забілі, але зборная Даніі змагалася да апошняга і ў канцоўцы здолела вырваць перамогу – сенсацыйныя 2:1. Сапраўдны хакейны цуд у Хернінгу!

Такім чынам у паўфіналах сустрэнуцца Швецыя-ЗША і Швайцарыя-Данія.

Наперадзе фінальная стадыя “Ралан гарос”

Завяршылася кваліфікацыя да асноўнага тэніснага турніру «Ралан Гарос». На жаль, беларуска Аляксандра Сасновіч у трэцім коле прайграла італьянцы Лукрэцыі Стэфаніні за тры партыі – 1:6, 6:1, 3:6.

Такая ж доля спасцігла і іншую беларускую прадстаўніцу Крысціну Дзмітрук (221-ю ракетку) – у вырашальным двубоі трэцяга раўнду адбору яна саступіла менш рэйтынгавай францужанцы Кароль Манэ – 4:6, 4:6 па сэтах. Яшчэ раней выбыла Ірына Шымановіч. Такім чынам у асноўнай сетцы чэмпіянату Францыі Беларусь будуць прадстаўляць толькі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Сталі вядомыя іх суперніцы. Сабаленка сустрэнецца з расейкай Камілай Рахімавай (73-й ракеткай), а былая першая ракетка свету Азаранка (у яе цяпер 73-і нумар) пазмагаецца з вядомай бельгійкай Янінай Вікмаер, якая зараз ажно ў другой тысячы рэйтынгу (1133).

Новы рэкорд Беларусі па плаванні

У заключны дзень другога этапа серыі «Mare Nostrum» па плаванні ў Барселоне беларуска Аліна Змушка фінішавала першай на дыстанцыі 200 метраў брасам, устанавіўшы пры гэтым новы нацыянальны рэкорд 2.23,30. Папярэдняе дасягненне належала ёй жа – летась гэта быў час 2.24,14.

Ілья Шымановіч на стомятроўцы брасам стаў бронзавым прызёрам гэтага турніру. Усяго на гэтым спаборы «Mare Nostrum» беларускія плыўцы здабылі ажно 5 медалёў: тры залатыя і два бронзавыя. Трэці этап пройдзе 24-25 траўня ў французскім горадзе Кан-ан-Русіён.

Лапавухаў быў блізкі да Кубку Балгарыі

У фінале футбольнага Кубку Балгарыі сафійскі ЦСКА, за які паспяхова выступае брамнік зборнай Беларусі Фёдар Лапавухаў, мінімальна саступіў 0:1 «Лудагорцу». Беларускі галкіпер здзейсніў 4 сэйвы, але раз усё ж прапусціў.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя