BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакейны матч у Ташкенце: “Дынама” не змагло перамагчы “Спартак”

Хакеісты менскага “Дынама” не змаглі працягнуць пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ у сустрэчы з маскоўскім “Спартаком”, які займае другое месца ў Заходняй канферэнцыі. Гульня адбылася ў Ташкенце ў рамках праекта KHL World Games, які прадугледжвае правядзенне матчаў у розных краінах свету з мэтай прыцягнення новых заўзятараў за межамі традыцыйных рынкаў КХЛ. Першая шайба ў гісторыі хакейных сустрэч у “Хумо Арэне” належыць нападніку “зуброў” Ягору Борыкаву, які адкрыў лік на 16-й хвіліне. Аднак “Спартак” хутка зраўняў лік. У другой трэці гульні каманды не закінулі шайбаў, хоць менчане двойчы, змагаючыся ў меншасці, змаглі не прапусціць. У заключным перыядзе, атрымаўшы перавагу ў гульні, “Дынама” выйшла наперад дзякуючы дакладнаму кідку Рамана Гарбунова. На жаль, перавагу ў ліку захаваць не ўдалося: “Спартак” зраўняў лік і выйграў у авертайме 3:2. У выніку дынамаўцы засталіся на 7-м месцы ў Заходняй канферэнцыі з 43 баламі і рыхтуюцца да серыі хатніх матчаў.

“Юнацтва” абыграла “Металлург”

У Жлобіне і Маладэчне адбыліся матчы 33-га тура рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакеі. У першай гульні дзеючыя чэмпіёны “Металлург” прымалі “Юнацтва”. На 15-й хвіліне “сталёвыя ваўкі” закінулі тры шайбы, пры гэтым Міхаіл Стэфановіч забіў дзве з іх. “Юнацтва” здолела скараціць адрыў, а вось у другім перыядзе шайбаў гледачы не ўбачылі. У трэцяй 20-хвілінцы хакеісты “Юнацтва” закінулі чатыры шайбы і выйгралі 5:3. Валянцін Дземчанка адзначыўся двума шайбамі. У іншай гульні “Дынама-Маладэчна” прымала “Шахцёр”. У першым перыядзе каманды абмяняліся галамі. На пачатку трэцяга перыяду Марк Ярута вывеў “Шахцёр” наперад, пасля чаго лік ужо не змяняўся. У выніку 2:1 на карысць “Шахцёра”. Гэта шостая параза для “Дынама-Маладэчна” запар.

БЧ выйшаў у паўфінал Кубка Беларусі па міні-футболе

Вызначаны ўсе ўдзельнікі “Фіналу чатырох” Кубка Беларусі па міні-футболе. Гомельскі клуб БЧ стаў апошнім паўфіналістам, разграміўшы менскі клуб “ЧэхОрду” на сваёй арэне з лікам 7:3. У першым матчы гамяльчане таксама перамаглі – 3:1. Раней у паўфінал прабіліся абаронца тытулу – “Вітэн” з Оршы, фіналіст мінулага года ВРЗ з Гомеля і чэмпіёны краіны са “Сталіцы”. Лёсаванне вырашальнай стадыі Кубка адбудзецца 24 снежня, а сам “Фінал чатырох” пройдзе 11 і 12 студзеня ў Магілёве ў спарткомплексе “Алімпец”. У мінулым фінале “Вітэн” перамог ВРЗ з лікам 6:4.

«Манчэсцер Юнайтэд» упершыню ў гісторыі сустракае Раство ў ніжняй палове табліцы АПЛ

У 17-м туры Ангельскай прэм’ер-лігі «Манчэстэр Юнайтэд» пацярпеў разгромную паразу ад «Борнмута» з лікам 0:3. Галы ў складзе суперніка забілі Дын Хёйсен, Джасцін Клюйверт (з пенальці) і Антуан Семеньё. Гэтая параза пагоршыла становішча каманды ў турнірнай табліцы — цяпер «чырвоныя д’яблы» займаюць толькі 13-е месца з 22 ачкамі пасля 17 тураў. Гэта азначае, што ўпершыню за ўсю гісторыю існавання клуба «Манчэстэр Юнайтэд» будзе сустракаць Раство ў ніжняй палове турнірнай табліцы Прэм’ер-лігі. Наступны матч «МЮ» правядзе 26 снежня супраць «Вулверхэмптана».

Беларускае Радыё Рацыя