У Лізе нацый УЕФА вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфіналаў. У групе А1 услед за партугальцамі ў плэй-оф прабіліся футбалісты Харватыі, якія ў паядынку шостага тура ў Спліце згулялі з лідарамі – 1:1. З харватамі канкуравалі шатландцы, але нават выязная вікторыя над палякамі 2:1 не дапамагла ім узняцца вышэй за трэцяе месца.

У квартэце А4 другімі фінішавалі футбалісты Даніі, якія ў вырашальным гасцявым паядынку з сербамі згулялі ўнічыю 0:0. Дзеючыя пераможцы гэтага турніру іспанцы завяршылі групавы этап без паразаў, адолеўшы ў апошняй сустрэчы швейцарцаў з лікам 3:2.
Раней у чвэрцьфінальную стадыю выйшлі зборныя Германіі, Нідэрландаў, Францыі і Італіі. Лёсаванне чвэрцьфінальных пар адбудзецца 22 лістапада ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Самі гульні адбудуцца ў сакавіку наступнага года, іх пераможцы выступяць на заключным этапе, які адбудзецца 4-8 чэрвеня.
Элітны дывізіён Лігі нацый пакідаюць каманды Польшчы, Босніі і Герцагавіны, Ізраіля і Швейцарыі, якіх заменяць найлепшыя зборныя з лігі В, дзве з якіх ужо вядомы – Англія і Нарвегія.
Капітан зборнай Беларусі расказаў, чаго не хапіла камандзе ў цяперашнім цыкле Лігі нацый.
Капітан зборнай Беларусі Аляксандр Мартыновіч падвёў рысу пад матчам Балгарыя – Беларусь у шостым туры Лігі нацый.
– Як і ў гэтым матчы, так і ва ўсім цыкле крыху не хапіла гульні ў атацы, забітых галоў. У гэтай гульні, мусіць, было больш момантаў, больш падыходаў. Груз адказнасці зваліўся, неяк разняволіліся. Сумбурна пачалі першы тайм, першыя 15 хвілін не зусім разумелі, як правільна ўступаць у адбор, як прэсінг выконваць. Потым стала больш атрымлівацца, сталі больш мяч кантраляваць. На мой погляд, больш валодалі ініцыятывай, але…
Зноў жа не хапіла вастрыні ля чужой брамы, – распавёў Мартыновіч у каментары АБФФ-ТБ.
Протас вызначыўся голам у матчы “Вашынгтона” супраць “Юты”
Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас набраў балы ў другім матчы НХЛ за два дні. Сталічны клуб на выездзе абыграў “Юту” з лікам 6:2. У сярэдзіне трэцяга перыяду Протас стаў аўтарам шостай шайбы сваёй каманды. Напярэдадні Аляксей аддаў дзве галявыя перадачы ў паядынку “Вашынгтона” супраць “Вегаса”. На гэты момант нараджэнец Віцебска ідзе па графіку “ачко за гульню”, у яго актыве 18 (7+11) балаў у 18 матчах са старту сезона. Аляксей Протас ушчыльную падабраўся да легенд і зусім не дацягнуў да гістарычнага дасягнення Уладзіміра Цыплакова. У яго другі вынік у гісторыі беларусаў у НХЛ. У чэмпіянаце-1997/98 нападнік «Лос-Анджэлеса» Уладзімір Цыплакоў запісаў у актыў 19 (7+12) бамбардзірскіх балаў, правёўшы 18 матчаў з пачатку сезона.
Беларускі форвард дэбютаваў за зборную Польшчы
Беларускі форвард “Торуні” Мікалай Сыты атрымаў польскі пашпарт і дэбютаваў за польскую зборную. Першы матч за Польшчу 25-гадовы беларус правёў на турніры ў Будапешце, дзе польская каманда прайграла зборным Венгрыі 1:4 і Італіі 3:5. Таксама палякі перамаглі ў серыі булітаў Славенію 2:1. Сыты рэалізаваў пасляматчавы штрафны кідок і аформіў 2 (1+1) ачкі ў гульні з італьянцамі. У 2019 годзе, пасля некалькіх гадоў выступаў у сістэме ўфімскага “Салават Юлаева”, хакеіст не прайшоў прагляд у менскім “Дынама”. Замест КХЛ Сыты адыграў два сезоны за «Дынама» з Маладэчна ў экстралізе і за 99 матчаў набраў 26 (14+12) балаў. Сыты выступае за «Торунь» з 2021 года – у яго на рахунку 151 матч, 106 (44+62) ачкоў. У бягучым сезоне ён набірае ў сярэднім адзін бал за гульню – 16 (7+9) за 16 матчаў чэмпіянату Польшчы. Нагадаем, летась змянілі хакейнае грамадзянства яшчэ двое беларускіх хакеістаў: абаронца Ігнат Кашалевіч і форвард Цімафей Петражыцкі, якія абараняюць колеры юніёрскай зборнай Польшчы.
Хакеісты менскага “Дынама” завяршаюць выязную серыю ў Омску
Хакеісты менскага “Дынама” правядуць трэці і заключны паядынак у рамках чарговай выязной серыі ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. Супрацьстаяць “зубрам” будзе омскі “Авангард”. На працягу васьмі матчаў запар “ястрабы” чаргуюць перамогі з паразамі, у папярэднім паядынку амічы абыгралі “Нафтахімік” з лікам 3:2. Колеры “Авангарда” ўжо другі год абараняе беларускі нападнік Ігар Мартынаў, які перайшоў у стан “ястрабаў” з менскага клуба. З прычыны знаходжання ў розных канферэнцыях каманды з Менска і Омска сустракаюцца толькі двойчы за чэмпіянат.
Беларускае Радыё Рацыя