BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хаслаханаў не прайшоў у паўфінал грэка-рымскай барацьбы да 97 кг

У барацьбу за медаль на першых для сябе Гульнях уступіў Абубакар Хаслаханаў. У 1/8 фіналу беларускі “грэка-рымлянін” у вазе да 97 кг упэўнена абыграў чэмпіёна Еўропы-2018 грузіна Роберт Кобліашвілі — 9:1. Ключавым стаў другі перыяд, у якім наш суайчыннік набраў восем балаў запар і завяршыў паядынак датэрміновай вікторыяй. У чвэрцьфінале Хаслаханаў не змог перамагчы егіпцяніна Мохамеда Габра, прайграўшы 1:4.

Польшча згуляе з ЗША у паўфінале валейбольнага турніра Алімпіяды

На мужчынскім алімпійскім валейбольным турніры вызначыліся ўдзельнікі паўфіналаў, якія потым паспрачаюцца за ўзнагароды. Дзеючыя алімпійскія чэмпіёны валейбалісты зборнай Францыі згуляюць у паўфінале з італьянцамі. Другую паўфінальную пару склалі каманды Польшчы і ЗША. Сустрэчы за выхад у фінал пройдуць 7 жніўня. У фінале такійскай Алімпіяды французы адолелі расейскіх валейбалістаў – 3:2. У спаборніцтвах жаночых каманд паўфіналісты стануць вядомы сёння. Чэмпіёнкі такійскіх Гульняў валейбалісткі ЗША сустрэнуцца з камандай Польшчы, уладальніцы срэбра бразільянкі згуляюць са зборнай Дамініканскай Рэспублікі, бронзавы прызёр мінулай Алімпіяды каманда Сербіі будзе супернічаць з італьянкамі, а валейбалісткі Турцыі сустрэнуцца з кітаянкамі.

Трэніроўку па плаванні адмянілі з-за забруджвання вады ў Сене

Трэніроўка плыўцоў у Сене перад алімпійскімі спаборніцтвамі была адменена з-за непрыдатнасці вады ў рацэ. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва AFP. Адзначаецца, што гэтая трэніроўка стала пятай адмененай у перыяд Алімпіяды ў Парыжы. Арганізатары ўжо чатыры разы адмянялі трэніроўкі ў Сене перад спаборніцтвамі трыятланістаў з-за нездавальняючага стану вады ў рацэ. Раней паведамлялася, што адразу трое спартоўцаў зняліся з эстафеты на Алімпіядзе з-за кішачнай інфекцыі.

Салавей прызнаны найлепшым гульцом 16-га тура чэмпіянату Беларусі

Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” падвяла вынікі 16-га тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. Найлепшым гульцом мінулага ўік-энду прызнаны Андрэй Салавей. У сваім першым матчы пасля доўгага перапынку, звязанага з цяжкай траўмай, 29-гадовы нападнік мазырскай “Славіі” згуляў вельмі ярка, аформіўшы галявы дубль у гасцявым паядынку з магілёўскім “Дняпром”. Мазыране выйгралі з лікам 2:1 і ўвайшлі ў пяцёрку фаварытаў. Аўтарам самага прыгожага гола 16-га тура стаў 20-гадовы паўабаронца ФК “Мінск” Уладзіслаў Варакса, які эфектным ударам “парашутам” з-за межаў штрафной плошчы забіў барысаўскаму БАТЭ. На полі “Барысаў-Арэны” менчане выйгралі 1:0, здабыўшы першую вікторыю ў сёлетнім першынстве.

Сербскія і грэчаскія арбітры рассудзяць матчы менскага “Дынама” і “Лінкольна” ў Лізе Еўропы

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый прызначыў арбітраў на матчы 3-га кваліфікацыйнага раунда кантынентальных клубных турніраў. У чацвер 8 жніўня першы паядынак кваліфікацыі Лігі Еўропы паміж менскім “Дынама” і гібралтарскім “Лінкольнам” у венгерскім Мезекевешдзе будзе судзіць сербская брыгада на чале з Ненадам Мінакавічам. Пераможца двухраундавага супрацьстаяння паміж “Дынама” і “Лінкольнам” паспрачаецца за права згуляць у асноўным этапе Лігі Еўропы з бельгійскім “Андэрлехтам”.

Камароў уваходзіць у Топ-15 сілавых нападнікаў у гісторыі КХЛ

Расейскі журналіст Дзмітрый Ерыкалаў прадставіў топ-15 сілавых форвардаў у гісторыі КХЛ. Гэты факт журналіст адзначыў у сваім тэлеграм-канале. На дзесятай пазіцыі знаходзіцца беларускі форвард Мікіта Камароў, які завяршыў кар’еру і правёў 360 матчаў у лізе. Першае месца заняў дзейны гулец «Ак Барса» Арцём Лукаянаў.

Беларускае Радыё Рацыя