BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хаслаханаў страціў шанцы на бронзу Алімпійскіх гульняў

Беларускі барэц Абубакар Хаслаханаў завяршыў выступы на XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. У аўторак адзіны прадстаўнік беларускай каманды па грэка-рымскай барацьбе ў Парыжы змагаўся за медалі ў вагавай катэгорыі да 97 кг. На стадыі адной восьмай фіналу Хаслаханаў упэўнена перамог грузіна Роберта Кобліяшвілі 9:1, але ў чвэрцьфінале пацярпеў паразу ад Махамеда Алі Габра з Егіпта 1:4. Прэтэндаваць на медаль Абубакар мог толькі ў выпадку выхаду егіпцяніна ў фінал, але ў паўфінальным паядынку Габр прайграў іранцу Махамадхадзі Сараві. Такім чынам, Абубакар Хаслаханаў пакідае Парыж.

Сёння на Алімпіядзе ў Парыжы выступяць два беларусы

Георгій Гурцыеў пазмагаецца за медалі ў вагавай катэгорыі да 58 кг. Першым супернікам нашага спартоўца будзе французскі атлет Сірыян Раве, пасеяны на турніры пад чацвёртым нумарам сярод 18 удзельнікаў.

Арыенціровачны час пачатку стартаў — 10.45 па беларускім часе. Усе наступныя стадыі аж да фіналу ў самай лёгкай вазе ў тхэквандыстаў таксама пройдуць сёння. У мінулым годзе Георгій Гурцыеў стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету.

У 11.40 на Алімпійскім водным стадыёне стартуюць спаборніцтвы байдарачнікаў на дыстанцыі 1000 м, дзе заяўлены Уладзіслаў Кравец. Беларус выступіць у першым папярэднім заездзе, кампанію яму складуць прадстаўнікі ЗША, Партугаліі, Марока, Самоа і каманды бежанцаў. Для прамога праходу ў паўфінал неабходна фінішаваць у топ-2, у выпадку няўдачы Кравец возьме ўдзел у чвэрцьфінале, які пачнецца а 15-й.

У беларусаў на Алімпіядзе пакуль тры медалі: золата і срэбра у скачках на батуце ў Івана Літвіновіча і Віялеты Бардзілоўскай, срэбра ў акадэмічным веславанні ў Яўгена Залатога.

Лідыруе па медалях зборная ЗША — 86 медалёў (24 залатыя, 31 срэбраны, 31 бронзавы), у Кітая — 59 (22+21+16).

У кіданні молата Уладарчык заняла 4 месца

Чэмпіёнкай Парыжскай алімпіяды ў кіданні молата стала чэмпіёнка свету канадка Камрын Роджэрс. Яе вынік 76 метраў 97 сантыметраў.
На другім месцы амерыканка Анет Нэта Ачыкунвоке – 75 метраў 48 сантыметраў. Бронзавы медаль заваявала кітаянка Чжао Цзе.
Легендарная полька Аніта Уладарчык, сусветная і алімпійская рэкардсменка, чэмпіёнка алімпіяд 2012, 2016 і 2020 гадоў, заняла чацвёртае месца з вынікам 74 метры 23 сантыметры.

Хакеісты “Юнацтва” абыгралі “Шахцёр” у матчы Кубка Салея

Трыма матчамі ў Берасці, Баранавічах і Салігорску працягнуўся групавы этап другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. У аўторак чарговыя матчы на турніры правялі прадстаўнікі групы “А”. У цэнтральным матчы вечара сышліся каманды, якія ішлі без паразаў у бягучым розыгрышы Кубка, – “Шахцёр” і “Юнацтва”. У выніку 3:1 – сталічны клуб працягвае пераможную серыю, салігарчане дапускаюць першую асечку.
Раней дэбютную перамогу ў Кубку Салея здабыў гарадзенскі “Нёман”, які абыграў на выездзе хакейны клуб “Брэст” таксама з лікам 3:1. Паралельна ў Баранавічах мясцовы “Авіятар” разабраўся з “Лідай” – 4:2.

Азаранка перамагла на старце турніру WTA-1000 у Таронта

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка з перамогі пачала выступы на турніры WTA-1000 у канадскім Таронта з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У матчы 1/32 фіналу экс-першая ракетка свету, якая займае зараз 19-е месца ў рэйтынгу WTA, сустракалася з расейкай Анастасіяй Паўлючэнкавай, у якой 29-я пазіцыя, і ўпэўнена выйграла ў двух сэтах – 6:2, 6:2. У другім раундзе Азаранка згуляе з 74-й ракеткай планеты бельгійкай Грэт Мінэн.

Беларускае Радыё Рацыя