У рамках рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі адбыліся тры захапляльныя паядынкі. У Наваполацку “Хімік” упэўнена перамог “Ліду” з лікам 5:2. Асаблівая роля ў перамозе належыць Арцёму Зямлянкіну і Паўлу Чарнову, якія разам аформілі тры шайбы. Гэты поспех стаў трэцім запар для навапалачан. “Гомель” на хатняй арэне ўзяў рэванш у “Авіятара”, перамогшы 2:1. Вырашальны гол на рахунку 19-гадовага Івана Панамарцава. Таксама “Брэст” у серыі булітаў абыграў “Славуціч” 3:2, перапыніўшы ўласную серыю з пяці паразаў.
“Барысфен” вярнуўся на вяршыню
Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” пасля двух няўдач разграмілі “Імпульс-БДУІР” з лікам 85:45. Гэтая перамога дазволіла “Барысфену” вярнуцца на першае месца чэмпіянату Беларусі. Менская каманда працягвае серыю паразаў – цяпер іх ужо 18. У жаночым турніры “Гарызонт” перамог “Гарызонт-2-РЦАП” з лікам 93:50 і замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце.
Свёнтэк разграміла Радукану на Australian Open
Другая ракетка свету Іга Свёнтэк перамагла брытанку Эму Радукану ў 1/16 фіналу Australian Open – 6:1, 6:0. У наступным раўндзе польская тэнісістка сустрэнецца з немкай Евай Ліс, якая абыграла румынку Жаклін Крысціян.
Кварацхелія далучыўся да “ПСЖ”
Грузінскі нападнік Хвіча Кварацхелія падпісаў кантракт з “Пары Сэн-Жэрмэн” да 2029 года. Французскі клуб набыў форварда ў “Напалі” за 70 мільёнаў еўра. 23-гадовы Кварацхелія будзе спрабаваць умацаваць атакуючы патэнцыял парыжскага гранда.
Свет спорту смуткуе: пайшоў з жыцця Дэніс Лоў
Ангельскі футбол страціў легенду: на 85-м годзе жыцця памёр Дэніс Лоў – адзін з найвялікшых гульцоў “Манчэстар Юнайтэд”. Лоў, уладальнік “Залатога мяча” 1964 года, за сваю кар’еру забіў 237 галоў за клуб і стаў легендай шатландскага футбола. Ён быў апошнім жывым прадстаўніком “святой троіцы” “Юнайтэд”.
Беларускае Радыё Рацыя






