BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ХК „Ліда” перамагла менскае «Юнацтва» у Экстралізе

У беларускай Экстралізе былі згуляныя 3 матчы 16 тура. Лідар чэмпіяната «Дынама-Маладэчна» ў авертайме вырвала перамогу ў «Гомеля», які ідзе трэцім, з лікам 2:1. Астатнія дзьве сустрэчы прайшлі на хакейных пляцоўках Гарадзеншчыны. «Нёман» упэўнена перамог суседа па турнірнай табліцы – аршанскі «Лакаматыў» і памяняўся з ім месцамі, падняўшыся на шостую пазіцыю. Сенсацыяй скончылася гульня ў лядовым палацы Ліды. Там мясцовая аднайменная каманда перамагла дзесяцікратнага чэмпіёна Беларусі і трохкратнага ўладальніка Кантынентальнага кубка ІІХФ – менскае «Юнацтва», якое зараз ідзе на другім месцы. Саступаючы па ходу двух перыядаў 1:3, лідзяне здолелі за дзьве хвіліны да канца асноўнага часу зраўняць лік. І вырваць важную перамогу ў авертайме ўжо на 17-й секундзе дададзенага часу. Такім чынам «Ліда» ўзнялася ў турнірнай табліцы Экстралігі на 9 месца.

Ice hockey stick and puck 20181220

А тым часам, менскае «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе пацярпела бязвольную паразу ад самай слабой каманды лігі – «Барыса» з Астаны з лікам 1:2. Упершыню за пяць гадоў на сваёй пляцоўцы. Прапусціўшы вырашальную шайбу ў свае вароты за 30 секундаў да фінальнай сірэны.

Беларуская віндсерферка Анастасія Валькевіч заняла трэцяе месца ў фінале чэмпіянату Еўропы па ветразевым спорце ў класе IQFoil. Беларуска прадстаўляла зборную Польшчы, дзе мае сталы від на жыхарства. Чэмпіянат Еўропы праходзіў у італьянскім Кальяры. У ім прынялі ўдзел 120 спартсменаў з 28 краін.

– Я неверагодна задаволеная вынікам. Не чакала, што на сваім першым чэмпіянаце Еўропы заваюю медаль. Вялікі дзякуй Польскаму саюзу ветразевага спорту за тое, што даў мне магчымасць стартаваць пад польскім сцягам і быць часткай каманды. Я таксама вельмі ўдзячная трэнерам і ўсёй камандзе за пастаянную падтрымку, – сказала Валькевіч.

З футбольных цікавінак. 111 — такую колькасць галоў прапусціў клуб “Тув Буганууд” за 9 гульняў мангольскай Прэм’ер лігі. Забіла ж каманда ўсяго два мячы – адзін з іх з пенальці ў матчы супраць «Брэры Ілч». Самая дробная параза каманды – матч супраць “Хангарыда”, які нават не адбыўся і “Тув Буганууд” была залічаная тэхнічная параза з лікам 0:4. А найболей у матчы супраць «Дэрэна» з лікам 0:21.

А вось зборная Беларусі па футболе можа мець праблемы з атрыманнем брытанскіх візаў для таго, каб згуляць у Белфасце матч Лігі нацый супраць Паўночнай Ірландыі. Сустрэча запланаваная на 15 лістапада. А канчатковае рашэнне па пытанні візаў для беларускай зборнай будзе прынятае да 25 кастрычніка.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя