BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хто будзе фаварытамі ў другім этапе Еўра-2024?

Францыя ці Харватыя? А можа Славенія ці Румынія? Хто згуляе ў фінале чэмпіянату Еўропы па футболе? У Нямеччыне на розных стадыёнах розных гарадоў праходзяць матчы групавога этапу чэмпіянату. Пасля групавога этапу Еўра-2024 лепшыя 16 дружын будуць далей змагацца ў плэй-оф.

З рэдакцыйным калегам, футбольным статыстыкам Уладзімірам Хільмановічам размаўляе Юрка Ляшчынскі

РР: Пачаўся другі тур гэтых змаганняў, 24 каманды ўдзельнічае ў гэтым спаборніцтве Еўра. Але так не было заўсёды, бо Еўра – гэта пачатак 1968-ы год мінулага стагоддзя, і нават 60-ы.

Уладзімір Хільмановіч: Бачыце, як сімвалічна атрымліваецца, 2024 год і 24 каманды ў фінальнай частцы гуляе. А сапраўды гэты турнір прайшоў доўгі шлях ад тых першых Кубкаў Еўропы, пра якія было згадана, 60-64 гадоў, да сённяшняга дня. Для мяне асабіста гэта дванаццаты чэмпіянат, які я гляджу ў якасці заўзятара і футбольнага статыстыка, таму ёсць з чым параўноўваць.

РР: Ці не зашмат гэтых камандаў – 24? У Еўропе больш дзяржаваў, але ўсё ж такі столькі гэтых камандаў, і гэты чэмпіянат цягнецца аж месяц.

Уладзімір Хільмановіч: Лічу, што гэта аптымальная колькасць, таму што добра памятаем яшчэ той час, калі гуляла толькі па восем камандаў, у 1984 годзе гуляла яшчэ толькі 8 каманд, у 1988-ым. І зараз геапалітычная аб’ектыўнасць такая, што еўрапейскіх краінаў стала нашмат больш у выніку распаду Савецкага саюзу, былой Югаславіі. І я мяркую, што гэтыя дружыны толькі ўзбагацілі, прысутнасць на гэтым турніры той жа Албаніі, той жа Грузіі толькі дадае каларыту, свежых фарбаў. І гэта азначае, што, на маю думку, зараз лічба аптымальная, улічваючы колькасць тых, хто гуляў у адборы. Павялічваць не варта, але і змяншаць таксама.

РР: А ты не назваў дзве каманды, якія гуляюць і былі калісьці адной дзяржавай  – Чэхія і Славакія, а Чэхаславакія была чэмпіёнам нават.

Уладзімір Хільмановіч: Чэхаславакія была нават чэмпіёнам у 1976 годзе, Чэхія як самастойная дзяржава была ў фінале ў 1996 годзе, калі прайгралі немцам у роўным змаганні. Але хачу сказаць, што гэтыя дружыны неаднаразова ўжо бралі ўдзел і ў чэмпіянатах свету, і ў чэмпіянатах Еўропы. А чэхі традыцыйна моцна выступаюць на Еўра.

РР: Завяршыўся першы тур, якія неспадзяванкі і які “чорны конь”, як кажуць, пра Бельгію казалі “чорны конь”, але бельгійцы цяпер іншага колеру коні?

Уладзімір Хільмановіч: Сапраўды ўсе каманды і дружыны прадставілі свае візітоўкі, завяршыўся гэты першы тур, але зараз можам рабіць толькі павярхоўныя высновы і залічаць да ліку фаварытаў можна 8-10 камандаў. Я мяркую, што больш грунтоўна прагназаваць можна будзе толькі па выніках другога туру, не толькі з гледзішча набраных ачкоў і пунктаў, таму што яшчэ трэці тур будзе вырашаць у адборавых групах, але з гледзішча паказанай гульні меркаваць пра моц Нямеччыны, якая вельмі моцна сябе паказала ў гульні з Шатландыяй, яшчэ зарана. Я асабіста лічу такім скрытым фаварытам другога эшалону Партугалію.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя