На чэмпіянаце Еўропы па футболе, які праходзіць у Германіі, сёння вызначацца наступныя чвэрцьфіналісты. Першы матч дня пачнецца ў 19 гадзін беларускага часу на стадыёне Esprit Arena у Дзюсельдорфе паміж зборнымі Францыі і Бельгіі. Францыя выйшла ў 1/8 фіналу як другая каманда групы D, а Бельгія – як другая каманда групы E. У 22:00 гадзіны стартуе матч на стадыёне “Frankfurt Arena”. Сустрэнуцца зборныя Партугаліі і Славеніі. Партугалія выйшла ў 1/8 фіналу як лідар групы F, а Славенія – як лепшая трэцяя каманда групы C.
Вызначыліся ўсе прызёры адкрытага чэмпіянату Беларусі па тэнісе
У Менску завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па тэнісе, у якім разам з гаспадарамі спаборніцтваў прынялі ўдзел расейскія спартоўцы. У вырашальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду Аляксандр Леаненка перамог Яраслава Шылу. Уладальнікам бронзы стаў Данііл Астапенкаў. У фінале жаночага адзіночнага разраду расейка Кіра Паўлава абыграла Дар’ю Хамуцянскую. Трэцяе месца заняла Ганна Кубарава. Пераможцамі мужчынскага парнага разраду сталі Эрык Аруцюнян і Данііл Астапенкаў, а сярод жаночых дуэтаў першынствавалі Эвеліна Ласкевіч і Ксенія Ярш. У спаборніцтвах змешаных пар золата заваявалі Аляксандр Леаненка і Эвеліна Ласкевіч.
Сабаленка і Азаранка стартуюць на Уімблдонскім тэнісным турніры
На травяных кортах Уімблдона сёння пачынаецца 137-ы турнір, у якім выступяць дзве прадстаўніцы Беларусі. У першым раўндзе трэцяя ракетка планеты Арына Сабаленка сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Эмінай Бектас, у якой 107-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу. Яшчэ адна беларуска 16-я у рэйтынгу Вікторыя Азаранка ў 1/64 фіналу будзе супернічаць з 50-й ракеткай планеты амерыканкай Слоан Стывенс. Азаранка 16-ы раз згуляе на гэтых прэстыжных спаборніцтвах, у 2011 і 2012 гадах яна даходзіла да паўфіналу адзіночнага разраду. Для Сабаленкі гэта будзе шосты Уімблдон, яна таксама двойчы дабіралася да паўфіналу.
Канадскі форвард Дзюбэ перайшоў у менскае “Дынама”
Хакейнае менскае “Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з канадскім нападнікам Дыланам Дзюбэ. Чатыры папярэднія сезоны 25-гадовы нападнік выступаў у Нацыянальнай хакейнай лізе за “Калгары Флэймз”, дзе выходзіў на лёд у тым ліку разам з беларусамі Ягорам Шаранговічам і Іллём Салаўёвым. Усяго ў галоўнай лізе планеты Дзюбэ правёў 325 матчаў, у якіх набраў 127 (57+70) ачкоў. Таксама Дылан гуляў у Амерыканскай хакейнай лізе за “Стоктан Хіт”, зарабіўшы 56 балаў за 57 сустрэч. Дзюбэ быў абраны “Калгары” на драфце НХЛ 2016 года пад агульным 56-м нумарам.
Амерыканка Сідні Маклафлін ўсталявала новы сусветны рэкорд у бегу на 400 метраў з бар’ерамі
Амерыканская бягуха Сідні Маклафлін усталявала новы сусветны рэкорд у бегу на 400 метраў з бар’ерамі. У фінале нацыянальнага адборавага турніру да Алімпіяды-2024 яна пераадолела дыстанцыю за 50,65 секунды, што з’яўляецца найлепшым вынікам у гісторыі гэтага віду. Ранейшы сусветны рэкорд (50,68) таксама належаў ёй, яна яго ўсталявала на чэмпіянаце свету-2022. 24-гадовая Маклафлін з’яўляецца двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай і трохразовай чэмпіёнкай свету. Рэкорд Беларусі ў бар’ерным бегу на круг вось ужо 33 гады належыць Таццяне Лядоўскай, якая выйграла золата ЧС-1991 у Токіа з вынікам 53,11.
Беларускае Радыё Рацыя






