У Італіі стартуюць 25-я Зімовыя Алімпійскія гульні. Упершыню з моманту здабыцця незалежнасці беларуская зборная не ўдзельнічае ў іх як паўнавартасная нацыянальная каманда — праз санкцыі, уведзеныя за саўдзел афіцыйнага Менска ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Шматразовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у складзе зборнай Беларусі, лыжнік, які ў 2020 годзе адкрыта выступіў супраць улады, трэнер польскіх спартоўцаў Сяргей Далідовіч разважае пра Зімовыя Алімпійскія гульні ў гутарцы з Міколам Бянько.

РР: З якім сэрцам, з якімі эмоцыямі Вы ўспрымаеце гэтую сітуацыю?
Сяргей Далідовіч: Калі ты чатыры гады ў эміграцыі знаходзішся, то з кожным годам неяк больш і больш аддаляешся ад падзей, якія там адбываюцца. Калі шчыра, то абыякава.
РР: А Вам не крыўдна, што ў 1994 годзе ўсё добра пачыналася? І пад бел-чырвона-белым сцягам, і ўзнёслы настрой? І вынікі былі някепскія – два срэбныя медалі.
Сяргей Далідовіч: Усё гэта было яшчэ ад Савецкага Саюза – усе гэтыя медалі і Жэлязоўскага, і Парамыгінай. У нас, лыжнікаў, каманда была пяць чалавек. І з пяці чалавек, чатыры прадстаўлялі Віцебскую вобласць у нас, у мужчын. Віцебская вобласць дала чатыры чалавекі, якія прадстаўлялі краіну. І тры з іх былі ў зборнай СССР. Гэта было, лічу, дасягненнем. А зараз змешаныя пачуцці. Мне зараз нават не цікава, калі шчыра.
РР: Наколькі заслужана, на Вашую думку, забанілі беларускую зборную пасля 2020 года?
Сяргей Далідовіч: Я лічу, што нармальна забанілі. Без усялякіх двайных стандартаў. Спытайцеся ва ўкраінцаў, яны, верагодна, сказалі б у больш грубай форме.
РР: Ад Беларусі паедзе не пад дзяржаўным сцягам лыжная гоншчыца Ганна Каралёва. Што-небудзь пра яе ведаеце? Якія шанцы на медалі?
Сяргей Далідовіч: Маладая гоншчыца язык не паварочваецца сказаць. У нацыянальную каманду яна ў 18 гадоў здаецца трапіла. Яна дзевяць ці дзесяць гадоў у нацыянальнай камандзе. Я глядзеў, калі яе дапусцілі, узровень. На апошняй гонцы 20 кіламетраў быў пройгрыш у мас-старце восем хвілін у Каралёвай. Гэта такая прорва. Няма ніякіх шанцаў. Калі будзе топ-30, можа быць, то гэта будзе грандыёзны поспех. Чатыры гады не бегалі і не ведаюць, як працаваць са змазкамі ніфлюёравымі – гэта адразу першы мінус. Няма чым здзівіць людзей. Калі б ты прыехаў з нейкімі новымі напрацоўкамі, то так. Не бачу ўвогуле, чым там можна пазмагацца, тым больш не бегаючы на такіх хуткасцях. Гэта немагчыма.
РР: Па сутнасці, Вы салідарызуецеся з меркаваннямі некаторых экспертаў, якія сцвярджаюць, што так званая беларуская зборная можа зусім без медалёў прыехаць?
Сяргей Далідовіч: Там толькі адно, калі б былі біятланісты, можна было б на неспадзянку 50 адсоткаў даць. У лыжнікаў цуда не адбываецца. Ну фрыстайл. Усе разумеюць, што магчыма адна жанчына ў фрыстайле можа заваяваць медаль, тады гэта будзе супер.
Зімовыя Алімпійскія гульні стартуюць увечары 6 лютага. У спаборніцтвах возьмуць удзел спартоўцы з 92 Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Зборная Беларусі праз санкцыі, выкліканыя саўдзелам вайны ва Украіне, не мае права выступаць пад афіцыйным сцягам і сімволікай.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






