
20 лістапада прайшло лёсаванне міжкантынентальных стыкаў плэй-оф да чэмпіянату свету па футболе-2026. У іх прымуць удзел 6 зборных: дзве адразу адабраліся ў фінал стыкаў паводле рэйтынгу ФІФА сярод іх, яшчэ чатыры пачнуць з паўфіналаў.
Шлях 1
1/2 фіналу. Новая Каледонія — Ямайка
Фінал. ДР Конга — Новая Каледонія / Ямайка
Шлях 2.
1/2 фіналу. Балівія — Сурынам
Фінал. Ірак — Балівія / Сурынам
Паўфінальныя гульні еўрапейскіх стыкаў пройдуць 26 сакавіка 2026 года, фіналы — 31-га. Матчы міжкантынентальных стыкаў таксама пройдуць у сакавіку ў Мексіцы.
Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Мексіцы і Канадзе. Упершыню ў ім возьмуць удзел 48 камандаў. З 1998 года гулялі 32.
Агулам пад час мундыялю цягам 39 дзён нас чакае ажно 104 футбольныя матчы паміж мацнейшымі зборнымі Свету.
Заўзятары зборнай Гаіці, якая ў другі раз выйшла на мундыяль, могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі, калі вырашаць наведаць матчы сваёй каманды на тэрыторыі ЗША.
Рэч у тым, што Гаіці ўваходзіць у спіс з 12 дзяржаў, грамадзянам якіх забаронены ўезд у ЗША – гэтае рашэнне было ўведзена прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Дональдам Трампам і дзеіць з 9 чэрвеня 2025 года.
Аднак гэтая забарона не перашкодзіць удзелу зборнай Гаіці ў турніры, паколькі прадугледжаныя выключэнні, якія дазваляюць уезд грамадзянам з краін, якія патрапілі пад абмежаванні. Адно з такіх выключэнняў датычыцца менавіта спартоўцаў і іх дэлегацый, якія прыбываюць на буйныя спартовыя падзеі, у тым ліку на чэмпіянат свету.
Такім чынам, гульцы, трэнерскі штаб і іх бліжэйшыя сваякі змогуць прыехаць у ЗША для ўдзелу ў спаборніцтве.
А вось большасць заўзятараў з Гаіці такой магчымасці мець не будуць, калі толькі яны не падпадаюць пад іншыя выключэнні – напрыклад, маюць статус пастаяннага жыхара ЗША, валодаюць падвойным грамадзянствам і могуць прад’явіць пашпарт краіны без абмежаванняў, маюць іміграцыйную візу для блізкіх сваякоў і могуць даць выразныя доказы асобы і сваяцтва, і гэтак далей.
Ва ўсіх выпадках заўзятары павінны мець сапраўдныя дакументы і пацвярджаць, што поўнасцю адпавядаюць патрабаванням выбранага выключэння.
У АБФФ разглядаюць варыянт скарачэння колькасці клубаў у Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі, паведамляе рэсурс football.by.
Паводле інфармацыі крыніцы, у сезоне 2026 года з Вышэйшай лігі вылеціць тры каманды. А вось з Першай лігі – падымецца ўсяго адна, і ў сезоне 2027 года згуляюць 14 клубаў.
Плануецца таксама, што да 2028 года Вышэйшая ліга чэмпіяната Беларусі можа быць скарочаная яшчэ – да 12 удзельнікаў.
Падобнае з нашым чэмпіянатам ужо здаралася. Паступовае «звужэнне» адбылося ў 2009-10 гадах (спачатку з 16 да 14, потым з 14 да 12 клубаў), у 2015-16 гадах колькасць камандаў такім жа чынам вярнулася да цяперашніх 16.
У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора быў згуляны адкладзены матч 26 тура.
Дубль менскага «Дынама» прымаў гомельскі «Лакаматыў», які і перамог у сустрэчы, забіўшы адзіны, бадай што самы хуткі гол у чэмпіянаце – на 52 секундзе гульні.
Такім чынам «Лакаматыў» за тур да канца чэмпіяната пасунуў з трэцяга радка бабруйскую «Белшыну» і зараз прэтэндуе на права згуляць пераходны матч за выхад у вышэйшы дывізіён.
У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі прайшлі некалькі матчаў з удзелам беларусаў.
«Калгары» перамог «Бафала» з лікам 6:2.
27-гадовы беларускі нападаючы «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 16 хвілін 21 секунду, з іх 1:12 у большасці. Ён зрабіў 2 асіста, 1 кідок, здзейсніў 1 страту, прайграў 2 укідванні і зарабіў паказчык карыснасці «+2».
Беларус упершыню ў сезоне набраў больш за адзін бал у матчы. Таксама ён перапыніў сваю пяціматчавую безгалявую серыю.
Ягор правёў у сезоне 18 матчаў, набраў 6 (2+4) ачкоў і мае паказчык карыснасці «-11».
Пасля 22 матчаў яго «Калгары» займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі.
Што тычыцца Ягора Шаранговіча, то ён дабраўся да адзнакі 100 вынiковых перадач у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Для гэтага яму запатрабавалася 378 матчаў.
Шаранговіч стаў шостым беларускім хакеістам, каму скарылася мяжа 100 асістаў у НХЛ. Раней гэта ўдавалася Міхаілу Грабоўскаму (171), Руслану Салею (159), Андрэю Касціцыну (119), Сяргею Касціцыну (109) і Уладзіміру Цыплакову (101).
«Вашынгтон» перамог «Эдмантан» з лікам 7:4.
Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас правёў на лёдзе 20 хвілін 43 секунды (з іх 00:18 у большасці і 1:38 у меншасці) і закінуў шайбу.
Хакеіст нанёс 5 кідкоў (2 з іх міма), прайграў 1/2 укідванняў, заблакаваў 2 кідкі суперніка, ужыў 1 сілавы прыём.
Таксама на яго рахунку 1 перахоп і 2 страты. Протас завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «+3».
Агулам у сезоне ён правёў 20 матчаў, набраў 12 (6+6) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+10» і 2 хвілінах штрафу. Аляксей перапыніў 7-матчавую серыю без галоў.
Пасля 20 матчаў «Вашынгтон» займае 10-е месца ў табліцы Усходняй канферэнцыі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя




