Беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Беларус узяў медаль у двубор’і ў вагавай катэгорыі да 102 кг.

Выступы ў Парыжы Ціханцоў пачаў з няўдалага падыходу ў рыўку на 176 кг, а затым справіўся са штангай вагой 178 кг і 183 кг. Пасля першага практыкавання беларускі спартовец ішоў чацвёртым, саступаючы 2 кг трэцяй пазіцыі і 3 кг — першай. У штуршку беларус абышоў аднаго суперніка і падняўся ў тройку. На першым месцы спартовец з Кітая Лю Хуанхуая, на другім — Акбар Дзюраеў з Узбекістана. Такім чынам у беларусаў на Алімпіядзе — чатыры медалі.
Кравец заняў чацвёртае месца ў фінале
Беларускі байдарачнік Уладзіслаў Кравец не здолеў заваяваць медаль XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Удзел у спаборніцтвах мужчынскіх байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1000 м прынялі 29 спартоўцаў, да суботняга фіналу дабралася наймацнейшая васьмёрка. На адзнацы за чвэрць кіламетра Кравец ішоў апошнім, на сярэдзіне дыстанцыі падняўся на шостае месца, за 250 м да канца быў ужо пятым, а фінішную рысу перасёк чацвёртым з вынікам 3 хвіліны 28,10 секунды Ад бронзавай пазіцыі Уладзіслава аддзялілі дзве з паловай секунды.
Беларуская канаістка Юлія Трушкіна таксама засталася без узнагароды. На спрынтарскай дыстанцыі 200 м у жаночых каноэ-адзіночак у Парыжы выступілі 33 дзяўчыны, з якіх у вырашальны заезд прабіліся 8 найлепшых удзельніц. У фінале беларуска фінішавала пятай, паказаўшы час 44,83 сек.
Кадзімагамедаў завяршыў выступы ў Парыжы
Беларускі барэц Магамедхабіб Кадзімагамедаў не змог прабіцца ў сутычку за бронзавы медаль XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы,
Кадзімагамедаў прымаў удзел у спаборніцтвах па вольнай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 74 кг. Выступы на парыжскім дыване Магамедхабіб пачаў напярэдадні з паразы ад Разамбека Жамалава. Дзякуючы далейшаму выхаду ўзбека ў фінал прадстаўнік Беларусі атрымаў шанец пазмагацца ў турніры за трэцяе месца. У першым крузе суцяшальнай сеткі Кадзімагамедаў перамог Таймураза Салказанава са Славакіі, але ў наступным раундзе буйна прайграў Чэрмену Валіеву з Албаніі 2:12, які і адправіўся ў вячэрні паядынак за бронзавы медаль Гульняў. Такім чынам, Магамедхабіб страціў шанец стаць двухразовым прызёрам Алімпіяды.
Французскія валейбалісты абыгралі палякаў і сталі чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў
Мужчынская зборная Францыі па валейболе заваявала залатыя медалі Алімпійскіх гульняў – 2024 у Парыжы. Гэта другая запар перамога французаў на такім узроўні — на Алімпіядзе-2020 у Токіа яны таксама сталі найлепшай камандай турніру. У фінальным матчы французскія валейбалісты з лікам 3:0 абыгралі каманду Польшчы. У апошні раз мужчынская зборная па валейболе выйграла дзве Алімпіяды запар яшчэ ў мінулым стагоддзі: каманда ЗША заваявала залатыя медалі ў Лос-Анджэлесе-1984 і Сеуле-1988.
Ірына Шымановіч прабілася ў 1/8 фіналу турніру ў Лэндсвілі
Беларуска Ірына Шымановіч прабілася ў 1/8 фіналу турніру ў амерыканскім Лэндсвілі. Прызавы фонд спаборніцтваў складае 100 000 даляраў. У матчы 1/16 фіналу наша суайчынніца перамагла канадку. Кайлу Крос з лікам 7:5, 4:6, 6:4.
Беларускае Радыё Рацыя






