
У Сафіі на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы мужчыны высвятлялі наймацнейшых у алімпійскай катэгорыі да 102 кг. Беларусь ў гэтай вазе ў нейтральным статусе прадставілі двое атлетаў – Яўген Ціханцоў і Сяргей Шаранкоў. У першым практыкаванні больш тытулаваны Ціханцоў з другой спробы зафіксаваў штангу ў 176 кг, а наўздагон пакарыў яшчэ і груз на пяць кілаграмаў цяжэй. Вынік 181 кг прынёс Яўгену малое срэбра ў рыўку. Другое практыкаванне ён пачаў з удалых падыходаў на 211 і 217 кг – узняць больш не ўдалося нікому з супернікаў. Такім чынам, Ціханцоў стаў уладальнікам золата ў штуршку і, што самае галоўнае, пераможцам турніру ў двубор’і з сумай 398 кг. Трыумф на кантынентальным форуме стаў для Яўгена Ціханцова другім пасля поспеху ў 2019 годзе. Сяргей Шаранкоў. паказаў чацвёртыя вынікі ў абодвух практыкаваннях, набраў 390 і размясціўся на чацвёртай пазіцыі фінальнага пратакола сярод 19 удзельнікаў.
Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку тэніснага турніру ў Францыі
Беларус Ягор Герасімаў прабіўся ў асноўную сетку турніру серыі ATP Challenger-125 у французскім горадзе По з прызавым фондам 148 тысяч 600 еўра. У вырашальным паядынку кваліфікацыі Герасімаў перайграў у двух сэтах літоўскага тэнісіста Рычардаса Беранкіса – 7:5, 6:4.
Сабаленка засталася на другім месцы рэйтынгу WTA
Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўленую версію рэйтынгу ў адзіночным разрадзе. Беларуска Арына Сабаленка працягвае ўтрымліваць другую пазіцыю. Вікторыя Азаранка паднялася на чатыры радкі і зараз займае 27-е месца. Узначальвае рэйтынг па-ранейшаму полька Іга Свёнтэк. На вяршыні мужчынскага рэйтынгу па-ранейшаму знаходзіцца серб Новак Джокавіч. Тры беларусы – Ілля Івашка, Ягор Герасімаў і Мікалай Галяк – палепшылі свае пазіцыі – 187, 358 і 369 месцы адпаведна.
Гол Шыкаўкі не дапамог “Кароне” узяць ачкі ў матчы з “Гурнікам”
У матчы 21-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе “Карона” на выездзе саступіла “Гурніку” з лікам 1:3. Адзіны гол у гасцей забіў беларускі легіянер Яўген Шыкаўка, які выйшаў на замену на 55-й хвіліне.
“Атлетык” перамог “Жырону”
У матчы 25-га тура чэмпіянату Іспаніі па футболе “Атлетык” на сваім полі абыграў “Жырону” з лікам 3:2. Адзін гол за “Жырону” забіў украінскі паўабаронца Віктар Цыганкоў. “Жырона” з 56 ачкамі займае другое месца ў турнірнай табліцы, “Атлетык” з 49 баламі ідзе пятым.
Джэнара Гатуза звольнены з пасады трэнера “Марсэля”
Пра гэта паведамляе інсайдэр Фабрыцыа Рамана на сваёй старонцы ў Twitter. “Марсэль” напярэдадні прайграў “Брэсту” 0:1 у гасцях і застаўся на 9 пазіцыі ў агульным заліку чэмпіянату Францыі па футболе. Гатуза ўзначальвае “Марсэль” з верасня мінулага года. Яго каманда не дамаглася сёлета ніводнай перамогі – тры нічыі і дзве паразы. Па інфармацыі крыніцы, кіраўніцтва клуба ўжо паведаміла італьянцу аб сваім рашэнні.
Беларускае Радыё Рацыя






