BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханцоў узяў бронзу на Кубку свету па цяжкай атлетыцы і заваяваў алімпійскую ліцэнзію

У тайландскім Пхукеце працягваецца Кубак свету па цяжкай атлетыцы, які з’яўляецца заключным кваліфікацыйным стартам на летнія Алімпійскія гульні 2024 года. Першы медаль Кубка свету і другую ліцэнзію на Гульні ў Парыж нашай камандзе прынёс Яўген Ціханцоў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 102 кг. Перад стартам турніру ў Тайландзе наш штангіст займаў 5-е месца сусветнага рэйтынгу з найлепшым вынікам адборавага цыкла 398 кг. Напярэдадні беларус палепшыў гэты паказчык: у рыўку Ціханцоў падняў 183 кг, а ў штуршку зафіксаваў вагу 217 кг. Выніковая сума Яўгена склала роўна 400 кг, што прынесла яму бронзавы медаль у двуборʼі і ўзняло на трэцюю пазіцыю сусветнага табеля.

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі плей-оф чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

За тур да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сталі вядомы ўсе восем удзельнікаў накаўт-раўнда. У апошнім паядынку 22-га тура лідар сезона аршанскі «Вітэн» з лікам 6:3 перайграў на выездзе менскі «Дарожнік», які застаўся за межамі плэй-оф. У чвэрцьфінал таксама не трапілі берасцейскі «Меркурый-ДМК», які прайграў чэмпіёну краіны – «Сталіцы» 0:4, «Барысаў-900», які саступіў «Менску» 0:4, а таксама светлагорскі ЦКК, якому залічана тэхнічная параза ў матчы з менскай «Аховай-Дынама» 0:5.
У гомельскім дэрбі ВРЗ, які ідзе другім, нечакана буйна абыграў БЧ – 8:0. У Гародні мясцовае «УУС-Дынама» было мацней за сталічнае «Дынама-БНТУ» – 2:0.
Пары чвэрцьфіналістаў 35-га чэмпіянату Беларусі вызначацца пасля заключных паядынкаў рэгулярнага сезона, якія адбудуцца ў суботу, 13 красавіка. Першыя паядынкі за трапленне ў паўфінальную стадыю пройдуць 4 траўня.

«Інтэр» стаў першай камандай у гісторыі Серыі А, якая забіла ў кожным з першых 31 тураў сезона

«Інтэр» перамог у гасцях «Удзінэзэ» 2:1 у 31-м туры Серыі А.
Міланскі клуб стаў першым у гісторыі чэмпіянату Італіі, каму ўдалося забіць у кожным матчы сезона ў 31-ы тур уключна. Усяго ў актыве «нерадзуры» 75 мячоў у 31 матчы, яны прапусцілі 15 галоў.
«Інтэр» працягвае лідыраваць у Серыі А – адрыў ад «Мілана» складае 14 ачкоў. Каманда ўжо гарантавала ўдзел у групе Лігі чэмпіёнаў у наступным сезоне.

Мадрыд і Лондан прымуць першыя чвэрцьфіналы Лігі чэмпіёнаў
Першыя чвэрцьфіналы футбольнай Лігі чэмпіёнаў адбудуцца сёння ў Мадрыдзе і Лондане. У іспанскай сталіцы 14-разовы трыумфатар галоўнага кантынентальнага турніру мадрыдскі «Рэал» прыме цяперашняга пераможцу Лігі чэмпіёнаў англійскі «Манчэстэр Сіці». Гаспадары сённяшняй сустрэчы набралі выдатны ход і пасля трох вікторый запар упэўнена ўзначальваюць турнірную табліцу іспанскага чэмпіянату, набраўшы 70 ачкоў у 30 праведзеных матчах. У іх супернікаў таксама 70 заліковых балаў, але толькі трэцяя пазіцыя ў англійскай прэмʼер-лізе.
У лідараў англійскага першынства футбалістаў лонданскага «Арсенала» на адно ачко больш. Сёння ў брытанскай сталіцы яны згуляюць з мюнхенскай «Баварыяй». Самы тытулаваны нямецкі клуб пацярпеў два фіяска запар у нацыянальным чэмпіянаце і пасля 28 тураў мае 60 ачкоў, адстаючы ад лідара бундэслігі «Баера» на 16 балаў.

Эколагі лічаць, што Сена непрыдатная для алімпійскіх спаборніцтваў па плаванні

Цяперашні стан Сены не дазваляе праводзіць спаборніцтвы па водных відах спорту падчас парыжскай Алімпіяды. Да такой высновы прыйшла французская экалагічная некамерцыйная арганізацыя Surfrider Europe, якая выступіла з заявай у сацыяльнай сетцы X, паведамляе ТАСС.
Прадстаўнікі арганізацыі заявілі, што здзяйсняюць маніторынг вады ў Сене з верасня 2023 года. У паведамленні зазначаецца, што для даследавання ў незалежнай лабараторыі былі ўзяты 14 пробаў з ракі. Аднак ні адна з іх не адпавядае еўрапейскім нормам адносна якасці вады.
Звыш 50% французаў мяркуюць, што Францыя не будзе гатова да правядзення Алімпійскіх гульняў. Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя