BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Цікавым выдаўся 13-ы тур у Вышэйшай лізе

Надзвычай цікавым на вынікі і падзеі выдаўся 13 тур у вышэйшай лізе. Шмат пенальці – забітых і не забітых, драматычныя канцоўкі, ды нават нечаканая трэнерская адстаўка. Але пра ўсё па парадку.
У суботу ў разборцы аўтсайдараў «Слуцк» толькі на 90 хвіліне здолеў вырваць перамогу ў наваполацкага «Нафтана» з лікам 1:0. Што дазволіла яму пакінуць зону вылету. Берасцейскае «Дынама» досыць нечакана на сваім полі пры поўным аншлагу і 10 000 заўзятараў саступіла ў «паўднёвым» дэрбі «Гомелю» таксама з мінімальным лікам 0:1. Адзначым, што гэта другая запар хатняя параза «дынамаўцаў» пры 100 % запоўненым сваім стадыёне. Бадай што галоўнай сенсацыяй тура стала безгалявая, але баявая нічыя 0:0 у Віцебску пры супер-аншлагу і 8 500 заўзятараў паміж камандамі з розных полюсаў турнірнай табліцы, дэбютантам і навічком лігі «МЛ» ды «Маладэчна». І калі для віцебчукоў гэта ўсяго толькі трэцяя нічыя, пры нулю паразаў, то для маладэчанцаў гэта наогул першае ачко ў вышэйшым дывізіёне за апошнія 25 гадоў. Па ўсім відаць, што каманда з Павілля, якую зусім нядаўна ўзначаліў Павел Бацюта, пачынае намацваць сваю гульню.

А вось нядзельныя матчы прынеслі наступныя вынікі. Дзяржынскі «Арсенал» засмуціў дзеючага чэмпіёна – менскае «Дынама» з лікам 2:1. Пры тым, што «дынамавец» Душан Бакіч у пачатку гульні стрэліў з 11-метровай кропкі вышэй папярэчыны. А гулец «Арсенала» Юрый Лавец гэтым шансам на 88 хвіліне для сваёй каманды скарыстаўся. І такім чынам для койданаўскіх «кананіраў» гэта трэцяя перамога запар. А для менчан – другая запар параза цягам пяці дзён. І, як вынік, заява на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўнага трэнера Вадзіма Скрыпчанкі пра адстаўку.

Гарадзенскі «Нёман» на валявых якасцях здабыў хатнюю перамогу над «Мінскам» з лікам 2:1. Чым плаўна ўліваецца ў барацьбу за медалі. «Тарпеда-БелАЗ» і «Віцебск» выдалі ў Жодзіне сапраўдную голавую феерыю з трыма рэалізаванымі 11-метровымі ўдарамі. Пры тым «аўтазаводцы» здабылі валявую перамогу дзякуючы такому ўдару на 88-й хвіліне матча.

Такім чынам мы маем у адным толькі туры чатыры забітыя і тры неарэлізаваныя пенальці, два аўтагалы і адну адстаўку рулявога каманды. А турнірная табліца выглядае наступным чынам. На версе «МЛ», «Славія» ды менскае «Дынама», а на нізе пакуль яшчэ «Маладэчна».

У Першай лізе былі згуляныя некаторыя матчы 13 тура. З цікавых нам вынікаў адзначым паразу на Камянеччыне мясцовай «Нівы» ад гомельскага «Лакаматыва» з лікам 2:4. Паразу з такім самым лікам «Слоніма» ад «БАТЭ-2». Ды хатнюю перамогу «Ліды» над «Асіповічамі» 1:0. Тут галоўныя прэтэндэнты на падвышэнне – магілёўскі «Дняпро», «Баранавічы» ды «Ніва» з Далбізна.

На 25-м моладзевым Чэмпіянаце Еўропы па футболе былі згуляныя чвэрцьфінальныя паядынкі. У суботу Нідэрлянды перамаглі Партугалію з лікам 1:0. А дзеючы чэмпіён – зборная Англіі – абыграла Гішпанію 3:1. І яны склалі адну паўфінальную пару.

Працягваюцца матчы групавога этапу клубнага чэмпіяната свету, які праходзіць у ЗША. У суботу амерыканскі «Лос-Анджэлес» саступіў туніскаму «Эспэрансу» з лікам 0:1. Нямецкая «Баварыя” (Мюнхен) перамагла аргентынскі «Бока Хуніёрс» 2:1. Паўднёва-афрыканскі «Мамелодзі» на апошняй хвіліне гульні саступіў нямецкай «Барусіі» з Дортмунда з лікам 3:4. А італьянскі «Інтэр» перамог японскую «Ураву» 2:1. У нядзелю бразільскі «Флумінэнсэ» перайграў 4:2 паўднёва-карэйскі «Ульсан». Аргенцінскі «Рывер Плэйт» і мексіканскі «Мантэрэй» разышліся ўнічыю 0:0. Італьянскі «Ювентус» абыграў мараканскі «Відад» 4:1. Ды гішпанскі “Рэал” (Мадрыд) абыграў мексіканскую «Пачуку» з лікам 3:1.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя