Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская выйграла срэбраны медаль на чэмпіянаце ў Польшчы.

Дыстанцыю ў 60 метраў яна пераадолела за 7,25 секунды. “Золата” выйграла полька Эва Свабода з вынікам у 7,05 секунд. «Другі зімовы чэмпіянат Польшчы і другі срэбраны медаль. Дзякуй усім за падтрымку», – напісала Ціманоўская ў Instagram.
Крысціна Ціманоўская з’ехала ў Польшчу пасля скандалу на Алімпіядзе ў Токіа, калі яе сілком спрабавалі вярнуць у Беларусь пасля крытычнага паста. Яна атрымала польскае грамадзянства і допуск да міжнародных спаборніцтваў.
Перамаглі Сенегал і Японію. Зборная Беларусі па пляжным футболе ўпершыню прабілася ў плей-оф чэмпіянату свету
Зборная Беларусі па пляжным футболе паспяхова выступае на чэмпіянаце свету, які прымае Дубай. Ужо пасля двух тураў групавога раўнда каманда забяспечыла сабе месца ў плэй-оф.16 лютага беларусы перамаглі зборную Сенегала – 6:4. А напярэдадні апынуліся мацней за японцаў — 3:1. Заўтра беларусы сустрэнуцца з камандай Калумбіі, але ўжо пры любых раскладах яны згуляюць у плэй-оф. Для беларускай зборнай, якой кіруе іспанскі трэнер Нікалас Альварада, гэта трэцяе з’яўленне на чэмпіянаце свету. На папярэдніх турнірах (у 2019-м і 2021-м) яе выступленне абмяжоўвалася групавым этапам.
ВРЗ і “Сталіца” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Гомельскі ВРЗ і “Сталіца” не выявілі пераможцу ў цэнтральным паядынку 14-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе – нічыя 4:4. За 5 хвілін да канца сустрэчы Дзмітрый Шыманоўскі зноў вывеў гаспадароў наперад, але за 15 секунд да фінальнай сірэны ён жа няўдала зрэзаў мяч у сваю брамку. Напярэдадні яшчэ адзін фаварыт турніру аршанскі “Вітэн” святкаваў сваю 12-ю вікторыю запар, абыграўшы на хатняй арэне менскі клуб “Ахова-Дынама” – 4:1. “Менск” на сваёй пляцоўцы не ўтрымаў перамогу над гарадзенскім “УУС-Дынама” – нічыя 1:1.
Арцём Канцавы траўмаваўся ў спарынгу “Урала” супраць “Краснадара”
Беларускі навабранец каманды быў заменены ўжо на 22-й хвіліне. Таксама ў лазарэце каманды знаходзяцца Уладзіслаў Малькевіч і Дзяніс Шчарбіцкі. У таварыскім матчы, акрамя Канцавога, прынялі ўдзел Валерый Бачараў і Ягор Філіпенка.
Беларускія барцы заваявалі сем медалёў на чэмпіянаце Еўропы ў Румыніі
У сталіцы Румыніі Бухарэсце завяршыўся чэмпіянат Еўропы па барацьбе, удзел у якім у нейтральным статусе бралі беларускія спартоўцы. У заключны дзень спаборніцтваў адбыўся адзіны медальны паядынак з беларускім удзелам – за бронзу ў вазе да 125 кг у вольнікаў змагаўся Дзяніс Храмянкоў, які прайграў балгарыну Алену Хубулаву 0:3. Такім чынам, на кантынентальным форуме ў Румыніі прадстаўнікі беларускай дэлегацыі заваявалі 7 узнагарод – дзве залатыя, адну сярэбраную і чатыры бронзавыя.
Герасімаў выйшаў у фінал кваліфікацыі тэніснага турніру ў Францыі
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у фінал кваліфікацыі турніру серыі ATP Challenger-125 у французскім горадзе По з прызавым фондам 148 тысяч 600 еўра. У першым кваліфікацыйным раўндзе беларус адолеў у трохсэтавым паядынку француза Луі Дасэна – 4:6, 6:3, 6:3. Сёння ў матчы за трапленне ў асноўную сетку супернікам Ягора Герасімава будзе літоўскі тэнісіст Рычардас Беранкіс.
Нарвежац Ёханэс Бё стаў 20-разовым чэмпіёнам свету па біятлоне
У чэшскім Нове-Места-на-Мараве завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне. Праграму спаборніцтваў закрывала гонка з масавым стартам у мужчын, перамогу ў якой святкаваў лідар нарвежскай каманды і Кубка свету Ёханэс Бё. Гэты залаты медаль стаў для 30-гадовага спартоўца дваццатым у кар’еры, па гэтым паказчыку Бё-малодшы зраўняўся з легендарным суайчыннікам Уле Эйнарам Б’ёрндаленам. Раней у нядзелю адбылася гонка з масавым стартам у жанчын, якую выйграла алімпійская чэмпіёнка ў гэтым відзе праграмы Жусцін Брэза-Бушэ з Францыі. Яе суайчынніца Лу Жанмона фінішавала трэцяй, паміж двума францужанкамі размясцілася італьянка Ліза Вітоцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: instagram.com/kristi_timanovskaya