BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціманоўская выступіла ў забегу на 200 метраў за зборную Польшчы

У нядзелю на Алімпіядзе-2024 у Парыжы лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, не прайшла кваліфікацыю ў паўфінал у бегу на 200 метраў, але ў яе будзе яшчэ адна спроба: сёння а 13:50. Ціманоўская паказала 5-ы вынік у кваліфікацыі.

Беларуская раварыстка Ганна Церах, якая выступае ў нейтральным статусе, у групавой гонцы на 158 кіламетраў фінішавала 61-й.

На гэты момант у прадстаўнікоў Беларусі тры медалі: у скачках на батуце Іван Літвіновіч выйграў золата, Віялета Бардзілоўская – срэбра, вясляр Яўген Залаты – таксама заваяваў срэбраны медаль.

ЗША выйшлі на першае месца ў медальным заліку Алімпіяды

Абагнаць Кітай удалося дзякуючы фантастычнай перамозе Ноа Лайлза ў забегу на 100 метраў. Ноа Лайлс з ЗША заваяваў золата, адолеўшы стометроўку з вынікам 9,784 секунды. Ён апярэдзіў Кішану Томпсана на 0,005 секунды на фотафінішы. У амерыканца Фрэда Керлі — трэцяе месца з вынікам 9.81. Такім чынам у ЗША зараз 71 медаль, з іх 19 залатых і па 26 срэбраных і бронзавых. У Кітая 45 медалёў (з іх 19 залатых 15 срэбраных і 11 бронзавых), у Францыі — 44 медалі.

«Самы дзіўны бой» на Алімпіядзе сабраў 500 000 праглядаў за суткі.

Паўфінальны бой у камандным турніры па дзюдо на Алімпіядзе-2024 паміж Паўднёвай Карэяй і Францыяй стаў вірусным у інтэрнэце. Азіяты супраць легендарнага Тэдзі Рынэра (вага 140 кг / рост 204 см) выставілі 175-сантыметровага Лі Ён Хвана з вагой 80 кг. Сутычка заканамерна атрымалася хуткаплыннай. Гіганцкі француз без асаблівай цяжкасці „адвазіў“ чэмпіёна Азіі і двухразовага бронзавага прызёра чэмпіянатаў свету па татамі. Паядынак у сацыяльных сетках ахрысцілі “самым дзіўным” на Алімпіядзе-2024, а здымкі разышліся на мемы, сабраўшы сотні тысяч праглядаў.

Жодзінскія тарпедаўцы выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі па футболе

Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі, згуляўшы ўнічыю з дзяржынскім “Арсеналам” – 1:1. Гуляючы на сваім полі ў Жодзіне, падначаленыя Дзмітрыя Молаша адразу пайшлі наперад, і на 33-й хвіліне сустрэчы Максім Скавыш вывеў гаспадароў наперад. Аднак утрымаць перамогу тарпедаўцам не ўдалося – на 88-й хвіліне пасля ўдару абаронцы гасцей Аляксандра Чыжа абаронца жодзінскай каманды Аляксей Залескі зрэзаў мяч у сваю браму – 1:1.
У першым матчы нядзелі берасцейскае “Дынама” абыграла ў сябе дома “Іслач” з менскага раёна з лікам 3:2. У складзе гаспадароў галявы дубль аформіў Міхаіл Гардзяйчук.

Дзмітрук стала пераможцай тэніснага турніру ў Марока

Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук стала пераможцай турніру ITF у мараканскім горадзе Махамедыя з прызавым фондам 25 тысяч даляраў.
У вырашальным паядынку беларуска, якая займае 848-е месца ў сусветным рэйтынгу, за тры гадзіны адолела турэцкую тэнісістку Чалу Бююкакай, якая знаходзіцца на 451-й пазіцыі, – 6:3, 6:7 (5:7), 6:3. Гэта трэці чэмпіёнскі тытул 20-гадовай беларускі на турнірах пад эгідай ITF.

Беларускае Радыё Рацыя