Беларуская спартоўка Ксенія Цярэня заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе сярод моладзі, які праходзіць у Албаніі.

У вагавой катэгорыі да 65 кг на шляху да фіналу яна перамагла прадстаўніц Украіны, Турцыі і Азербайджана, а ў вырашальным паядынку перамагла венгерку Эніку Элекеш з лікам 4:2. Такім чынам, у скарбонцы беларускай зборнай ужо восем узнагарод на гэтым турніры — тры залатыя, адна срэбраная і чатыры бронзавыя.
“Юнацтва” зрабіла фантастычны камбэк і крок да паўфіналу
Менскае «Юнацтва» наблізілася да выхаду ў паўфінал плэй-оф Экстралігі пасля валявой перамогі над аршанскім «Лакаматывам». Пасля двух перыядаў менчукі саступалі 0:3, але здолелі пераламіць ход гульні. Дубль аформіў Нікіта Вярэніч, а пераможную шайбу ў другім авертайме закінуў Уладзімір Роўба — 4:3. Цяпер «Юнацтва» вядзе ў серыі 3:0. Наступны матч адбудзецца 14 сакавіка ў Оршы. У трэцім матчы серыі жлобінскі “Металург» перамог «Гомель» з лікам 4:1. Цяпер лік у серыі — 2:1 на карысць «Гомеля». Чацвёрты матч адбудзецца 14 сакавіка ў Жлобіне.
“Рэал” выйграў серыю пенальці супраць “Атлетыка” і выйшаў у чвэрцьфінал
Мадрыдскі «Рэал» у драматычным стылі прабіўся ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў, перамогшы «Атлетыка» ў серыі пенальці 4:2. Асноўны і дадатковы час завяршыліся з лікам 1:0 на карысць «Атлетыка». Вінісіус Жуніёр у другім тайме не рэалізаваў пенальці, але ў серыі пасляматчавых удараў «Рэал» быў мацнейшы і прабіўся ў наступны этап, дзе сустрэнецца з лонданскім «Арсеналам», які ўпэўнена прайшоў ПСВ па суме двух матчаў (9:3), згуляўшы ўнічыю ў Лондане 2:2 пасля разгромнай перамогі на выездзе 7:1. У сваю чаргу дортмундская «Барусія» перамагла «Ліль» 2:1 пасля гасцявой нічыі 1:1. У выніку «Барусія» будзе супрацьстаяць «Барселоне» ў чвэрцьфінале. “Астан Віла” ўпершыню з 1983 года выйшла ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ англійскі клуб перамог «Бруге» з лікам 3:0. У першым паядынку «Астан Віла» таксама выйграла (3:1), што дазволіла ёй з упэўненасцю працягнуць барацьбу ў турніры. У наступным раўндзе клуб сустрэнецца з французскім «ПСЖ».
“Ягелонія” на парозе гісторыі: крок да чвэрцьфіналу Лігі Канферэнцый
“Ягелонія” з Беластока сёння можа ўвайсці ў гісторыю, выйшаўшы ў чвэрцьфінал Лігі Канферэнцый. У першым матчы супраць “Серкль Бруге” польскі клуб паказаў упэўненую гульню, перамогшы 3:0. Цяпер перад “Ягелоніяй” стаіць задача захаваць перавагу ў матчы ў адказ, які адбудзецца ў Бруге — горадзе, вядомым як “другая Венецыя”. Пачатак матчу сёння ў 18-45.
Беларускае Радыё Рацыя