
У польскай футбольнай экстракласе ва ўік-энд прайшлі матчы 18 тура. Аўтсайдар турніру «Пяст» з Глівіцэ адолеў на сваім полі варшаўскую «Легію», якая працягвае сваё падзенне, – 2:0. Беларускі форвард Герман Баркоўскі выйшаў у стартавым складзе «Пяста», выніковымі дзеяннямі не адзначыўся і быў заменены на 73-й хвіліне.
Беластоцкая «Ягелонія» сустрэлася ў Няцечы з «Тэрмалікай». Прыгадаем, што ў першым туры «Яга» дома прайграла гэтаму сціпламу клубу ажно 0:4. Зараз не толькі не ўдалося узяць рэванш, беластоцкая каманда зноў пацярпела фіяска – на гэты раз 1:2. Адзіны гол у гасцей на рахунку партугальскага легіянера Бернарду Вітала.
У іншых важных матчах «Краковія» і познаньскі «Лех» разышліся баявой нічыёй – 2:2. Чэнстахоўскі «Ракуў» прымаў ГКС (Катавіцэ) і выйграў 1:0. Ілья Шкурын выйшаў у складзе катавічан на 72-й хвіліне, але дапамагчы свайму клубу ня здолеў. Пасля гэтай перамогі «Ракуў» узняўся на 3-е месца, ён мае 29 ачкоў, столькі ж і ў плоцкай «Віслы», якая на другой пазіцыі. Лідарам як ня дзіўна дагэтуль застаецца «Гурнік» з Забжэ – 30 пунктаў. А вось «Ягелонія» апусцілася на 4-е месца – у яе 28 ачкоў. Турнірная інтрыга закручваецца не на жарты.
Клуб «Смаргонь» ня здолеў захаваць сваё месца ў вышэйшай лізе беларускага футболу. Асноўны і дадатковы час гульні ў Бабруйску з «Белшынай» скончыўся з лікам 1:0 на карысць гаспадароў. А паколькі ў першым паядынку аналагічна выйгралі смаргонцы, была прызначана серыя пасляматчавых пенальці. У якой больш паспяховымі сталі бабруйскія гульцы – 6:5. «Белшына» пасля значнага перапынку вяртаецца ў мацнейшы беларускі футбольны дывізіён.
У шведскім Эстэрсундзе завяршыўся першы этап біятлоннага Кубку свету. У суботу прайшоў мужчынскі спрынт на 10 кіламетраў. На ім дамінавалі нарвежскія прадстаўнікі. Першае месца заняў Ёхан-Улав Ботн, срэбра заваяваў яго суайчыннік Марцін Ульдаль, які адстаў на 11,1 секунды. Бронзавым прызёрам стаў дасведчаны француз Кантэн Фіён-Майе. Усе трох стралялі без памылак.
У нядзелю ў гонцы пераследу Фіён-Майе, нягледзячы на два промахі, здолеў выйграць дыстанцыю на 12 з паловай кіламетраў. Другім фінішаваў спрактыкаваны швед Себасцьян Самуэльсан. Бронза дасталася згаданаму вышэй нарвежцу Ботну.
У жаночай гонцы пераследу вікторыю святкавала Ліза-Тэрэза Хаўзер з Аўстрыі. Пераможца спрынту фінка Суві Мінккінен задаволілася срэбрам, а на трэцюю прыступку п’едэсталу ўзышла Анна Магнусан з Швецыі.
На жаночым чэмпіянаце свету па гандболе вызначыліся ўдзельнікі плэй-оф. З цікавых матчаў адзначым разгром чарнагоркамі сербскай каманды – 33:17. Польская рэпрэзентацыя без варыянтаў саступіла зборнай Нідэрляндаў – 22:33. Германія адолела Іспанію – 29:25. У чвэрцьфіналы выйшлі зборныя Даніі, Венгрыі, Германіі, Чарнагорыі, Францыі, Нідэрляндаў, Нарвегіі і Бразіліі – 7 еўрапейскіх і адна паўднёваамерыканская дружына.
Беларускі форвард «Калгары флэймз» Ягор Шаранговіч, закінуўшы пераможную шайбу ў сустрэчы супраць «Юты» – 2:0, дасягнуў адзнакі 205 ачкоў (105 галоў+100 перадач) у рамках рэгулярных чэмпіянатаў НХЛ. Гэты паказнік дазволіў яму абыйсці Руслана Салея і выйсці на трэцяе месца сярод беларускіх хакеістаў у гісторыі лігі. Наперадзе сярод айчынных бамбардзіраў у НХЛ застаецца Міхаіл Грабоўскі 296 (125+171) ачкоў у 534 матчах. Другім ідзе Андрэй Касціцын – 222 (103+119) ачкі ў 398 матчах. Трэці цяпер Ягор Шаранговіч – 205 за 386 сустрэч.
Кубак свету па настольным тэнісе ў міксце, што праходзіў у горадзе Чэнду, прадказальна выйгралі кітайцы. Паўфінальныя сустрэчы скончыліся так: Германія – Японія – 3:8, Кітай – Паўднёвая Карэя – 8:3. У матчы за 3-е месца немцы з цяжкасцю адолелі карэйцаў – 8:7. Ну а ў фінале каманда Паднябеснай разграміла іншую азіяцкую дружыну – Японіі – 8:1.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






